Алесь Бяляцкі прэзэнтаваў другую кнігу, напісаную ў калёніі

Праваабаронца і былы палітвязень Алесь Бяляцкі 22 ліпеня прэзэнтаваў у Менску “Іртутнае срэбра жыцьця”. Кніга эсэ была напісаная ў Бабруйскай калёніі ў 2012–2013 гадох.

У кнізе Алесь Бяляцкі распавядае аб падзеях, якія папярэднічалі ягонаму арышту, апісвае найбольш важныя і цікавыя моманты сваіх замежных паездак. Ілюстрацыямі да выданьня сталі фотаздымкі, якія праваабаронцы з ПЦ “Вясна” зьбіралі да 15-цігодзьдзя арганізацыі.

“Іртутнае срэбра жыцьця” складаецца з трох частак: эсэ, лісты-ўспаміны аб сустрэчах з замежнымі калегамі, адаптарам якіх выступіла Ірына Пракопчык, і апошняе слова Алеся Бяляцкага на судзе, якое ўкладальніца кнігі Алена Лапцёнак палічыла неабходным уключыць.

Укладальніца “Іртутнага срэбра жыцьця” паказала прысутным на прэзэнтацыі доўгія лісты, якія яна атрымлівала ад Алеся Віктаравіча, і распавяла, што спачатку набірала лісты на кампутары, пасьля дасылала іх Бяляцкаму на рэдактуру. Як пазьней адзначыў сам аўтар, у пэўным сэнсе ён удзячны турэмнай цэнзуры, бо ў тэксце стала менш словаў пра “крывавы рэжым” і “далоў дыктатуру”, а больш развагаў, сэнсаў, схаваных паміж радкамі.

На прэзэнтацыю кнігі сярод іншых былі запрошаныя былыя палітзьняволеныя, якія адзначылі, што турма ёсьць месцам, дзе думаецца і пішацца.

Павал Севярынец засьведчыў са свайго ўласнага досьведу, што людзі хочуць чытаць і хочуць ведаць, як можна застацца свабодным у турме. Зьміцер Дашкевіч дадаў, што ў турме хочацца пісаць, каб не марнаваць час, каб гады адсідкі не былі выкінутымі на сьметніцу жыцьця.

Былы палітвязень Алесь Бяляцкі высока ацаніў кнігі напісаныя ў зьняволельні Ўладзімерам Някляевым, Паўлам Севярынцам, Зьмітром Дашкевічам:

Дзякуй богу, што тыя мае сябры па няшчасьці, хто сядзеў раней, сядзеў разам са мной, і тыя, хто цяпер у турмах, што яны працягваюць пісаць. Усё, што напісана там [у турме – рэд.], мае грамадзкую і мастацкую каштоўнасьць, зьяўляецца памяткамі нашага жыцьця.

Прэзэнтацыя кнігі Алеся Бяляцкага “Іртутнае срэбра жыцьця” мелася адбыцца напрыканцы чэрвеня 2014 году, але здарылася радасная падзея – 21 чэрвеня Алесь Бяляцкі нечакана быў вызвалены з турмы, і прэзэнтацыя адбылася цяпер, з удзелам аўтара.

На заднім фарзацы кнігі “Іртутнае срэбра жыцьця” пазначана, што на момант выхаду кнігі яе аўтар адбывае пакараньне ў бабруйскай калёніі.

palitviazni.info, фота – Радыё Свабода

 

, , , - у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Паліенка
  • Барыс Гарэцкі
  • Ігар Корсак
  • Вадзім Кабанчук
  • Анатоль Лябедзька