Праваабарончыя вынікі ЧС: рэпрэсіўная машына нагадала пра сябе ў дзеянні

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч падводзіць свае, праваабарончыя, вынікі чэмпіянату свету па хакеі, які адбываўся ў Мінску з 9 па 25 траўня.

− У Беларусі толькі скончыўся Чэмпіянат свету па хакеі. Напярэдадні яго праваабаронцы, у прыватнасці “Вясна”, выказвалі апасенні, што гэтае спартыўнае мерапрыемства будзе ператворана ў ідэалагічнае і палітызаванае шоу беларускага аўтарытарнага рэжыму. Наколькі гэтыя апасенні збыліся?

На жаль, мы можам канстатаваць, што нашыя апасенні, датычныя як ператварэння гэтага мерапрыемства ў палітызаванае шоу, так і адвольных прэвентыўных затрыманняў збыліся. Пры тым, што напачатку мы чулі заклікі ўладаў не палітызаваць гэтае мерапрыемства, не блытаць палітыку са спортам. Але тыя прэвентыўныя затрыманні напярэдадні і падчас ЧС паказалі, што ўлады самі ж палітызавалі гэтае мерапрыемства, скарыстаўшы яго ў тым ліку ў мэтах ціску, ізаляцыі актывістаў разнастайных палітычных групаў, якія, на думку ўладаў, тэарэтычна ўяўлялі пагрозу – у сэнсе правядзення нейкіх публічных мерапрыемстваў падчас ЧС.

− Трэба адзначыць, што ўсе свае абяцанні, звязаныя з правядзеннем чэмпіянату ў Мінску, гарадскія ўлады стрымалі. Аднак горад ачышчалі не толькі ад так званых асацыяльных элементаў, як гэта было заяўлена Мінгарвыканкамам. Пад гэтую мятлу трапілі агулам каля 40 актывістаў, хоць наконт іх заяваў не рабілі… Пра што, па-вашаму, могуць сведчыць такія паводзіны ўладаў?

Па-першае, заяваў, можа быць, улады і не рабілі – але было некалькі выказванняў міністра ўнутраных справаў. Ён казаў, што ніякіх прэвентыўных затрыманняў не можа быць і іх няма, што ўсё гэта выдумкі праваабаронцаў. Але тая практыка, з якой мы сутыкнуліся, сведчыць менавіта пра кампанію ўладаў па адвольных затрыманнях грамадзянаў краіны. Прычым, мы можам тут адзначыць пэўныя тэндэнцыі. Найперш – складанне адмінстратыўных пратаколаў адразу па некалькіх складах правапарушэнняў, што давала магчымасць прыцягнуць да адказнасці на больш працяглы тэрмін – да 25 сутак арышту. Па-другое – паўторнае прыцягненне да адміністратыўнай адказнасці адразу пасля вызвалення, як гэта было са спадаром Рубцовым з Гомеля. Мы бачылі, што тыя затрыманыя (прадстаўнікі абсалютна розных палітычных плыняў – і актывісты “Маладога фронту” і анархісты, а таксама футбольныя фанаты розных клубаў) раней вызначаліся нейкімі актыўнымі дзеяннямі. Напрыклад – фанаты футбольнага клуба БАТЭ, якія падтрымлівалі ўкраінскі Майдан і прыцягваліся да адказнасці за размяшчэнне ў сацыяльных сетках адпаведнага фотаздымка. І па вялікім рахунку, мы нават сёння не ведаем маштабы ўсяго, што адбывалася ў краіне падчас правядзення чэмпіянату. Бо людзі, якія выходзілі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, казалі, што там настолькі шмат затрыманых, што іх даводзілася вывозіць у Жодзіна [у ізалятар часовага ўтрымання пры турме № 8 г. Жодзіна – рэд.], як гэта было падчас палітычных кампаній 2006-га года і пасля 19 снежня 2010-га.

Сапраўды, мы назіралі, як і абяцаў Мінгарвыканкам, ачыстку горада ад “асацыяльных элементаў” – былі ізаляваныя і асобы без пэўнага месца жыхарства, і прастытуткі, а хворыя на алкагалізм людзі накіроўваліся ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, дзе іх на працягу года-паўтары будуць “лекаваць” ад алкагалізму з дапамогай прымусовай працы… Паўтаруся, якія ўсё гэта насіла  памеры – мы, напэўна, і не даведаемся. І тое, што аб’ядноўвала ўсе названыя катэгорыі грамадзянаў – адсутнасць правасуддзя. Улады занадта не абцяжарвалі сябе пошукамі доказаў вінаватасці гэтых людзей і вельмі часта ізалявалі іх безадносна да правапарушэнняў з іх боку – толькі таму што праводзілася адпаведная кампанія. Гэта наўпрост паказвае, што створаная ў Беларусі сістэма прыводзіць да такіх сістэматычных і сістэмных парушэнняў правоў чалавека. Рэпрэсіўная машына запускаецца, з пэўнай нагоды і пры адпаведнай палітычнай кан’юнктуры ўладаў, і працуе бездакорна, выконваючы пастаўленыя задачы.

То бок, усё гэта сведчыць пра тое, што ўлады могуць запускаць сваю рэпрэсіўную машыну, калі ім гэта патрэбна і пры любой такога кшталту нагодзе.

− Як ацэньваеце рэакцыю міжнароднай супольнасці на гэтыя рэпрэсіі?

Мяркуючы па тых візітах журналістаў, якія прыходзілі ў “Вясну” падчас правядзення чэмпіянату, Беларусь знаходзілася ў полі ўвагі міжнароднай супольнасці. Я мяркую, даволі шмат будзе рэпартажаў не толькі пра чэмпіянат, але і пра тое, на якім фоне ён адбываўся. У нас былі журналісты з розных еўрапейскіх краінаў – Нямеччыны, Фінляндыі, Чэхіі, прадстаўнікі некалькіх СМІ са Швецыі, якія сустракаліся і з роднымі палітвязняў, бо падчас чэмпіянату ў Беларусі за кратамі па палітычных матывах заставалася восем чалавек. І некаторыя спадзяванні міжнароднай супольнасці на іх вызваленне перад ЧС не спраўдзіліся. Шчыра кажучы, мы такіх спадзяванняў і не мелі, бо, як нам падаецца, значэнне гэтага спартыўнага мерапрыемства для беларускіх уладаў было занадта перабольшанае. З аднаго боку, яны хацелі правесці ЧС, але гэта не тое мерапрыемства, якое магло б сапраўды падштурхнуць іх да вызвалення палітвязняў. А па-другое, дзеля чаго ім было ісці на такія крокі, калі чэмпіянат у любым разе адбываўся б у Беларусі…
Што тычыцца заяваў, то Еўразвяз выступіў з асуджэннем усіх адвольных затрыманняў, якія адбываліся напярэдадні і падчас ЧС. Ну і канешне, была рэакцыя з боку шэрагу міжнародных праваабарончых арганізацый. Са свайго боку, мы інфармавалі Групу па адвольных затрыманнях ААН, і мяркую, што ў дакладзе спецдакладчыка па Беларусі гэтая інфармацыя будзе адлюстраваная. Таксама міжнародная супольнасць асудзіла прывядзенне ў выкананне двух апошніх смяротных прысудаў  у Беларусі напярэдадні чэмпіянату.

− Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэль неаднаразова падвяргаўся крытыцы за тое, што адмаўляў сувязь паміж узмацненнем ціску на апазіцыю і правядзеннем чэмпіянату. Знаходзячыся ў Мінску, ён казаў, что бачыць прыгожы чысты горад, свята і хакей…

Кожны бачыць тое, што ён  бачыць, ці тое, што ён хоча бачыць. Мы ў сваёй працы бачым іншы бок медаля. Мы бачым гэтых людзей, якія вымушаныя былі правесці за кратамі 25 сутак, іх сваякоў. Да прыкладу, Насту Дашкевіч, якая зараз цяжарная і мусіла 25 сутак нервавацца, чакаць Змітра, які правёў іх пад арыштам не зразумела за што. Мы бачым так званых “асацыяльных элементаў”, якія былі лішнія на гэтым свяце жыцця, іх ніхто не хацеў бачыць на вуліцах гэтага горада, іх ізалявалі і зрабілі выгляд, што іх тут няма. Такім чынам яны вырашылі паказаць адсутнасць праблемы алкагалізму ў краіне? Гэтая праблема ёсць і пра яе ўсім вядома. Самі сабой напрошваюцца аналогіі з  алімпіядай 1980 года ў Маскве, калі таксама людзей, так званых асацыяльных, “тунеядцев”, высылалі на 101-ы кіламетр, вычышчаючы сталіцу.  Ды і задачы перад тагачасным кіраўніцтвам СССР стаялі збольшага такія ж – забяспечыць правядзенне алімпіяды ва ўмовах несвабоднай краіны, паказаць усяму свету як “хорошо в стране советской жить”…

А вось старшыня Міжнароднай федэрацыі хакея хацеў бачыць свята, хакей і шчаслівыя твары… Але адно не адмаўляе наяўнасці другога. І адно і другое – нашая рэчаіснасць. І для нас, з аднаго боку, заўсёды праблемна казаць пра баланс – непалітызацыю спорта – пры правядзенні маштабных мерапрыемстваў у рэпрэсіўных дзяржавах. Але мне падаецца, што калі правядзенне такіх мерапрыемстваў прыводзіць да сістэмных парушэнняў правоў чалавека, то я б, напрыклад, устрымаўся ад іх правядзення. Ну, а хто вінаваты ў палітызацыі гэтага спартыўнага мерапрыемства – гадаць не выпадае. Усю адказнасць за гэта нясуць улады. Улады, якія былі арганізатарамі гэтага чэмпіянату. Улады, якія праводзілі рэпрэсіі супраць непажаданых грамадзянаў дзеля стварэння ілюзорнай карцінкі чыстага горада. І мне падаецца, што гэта добрая нагода для кіраўнікоў міжнародных спартыўных арганізацый задумацца пра гэты баланс.


− Прагназуеце спад рэпрэсій пасля чэмпіянату ці лета мусіць быць “гарачым”?

Пасля чэмпіянату, мяркую, узровень рэпрэсій спадзе, але я не маю на ўвазе, што сітуацыя зменіцца карэнным чынам, адбудуцца нейкія сістэмныя змены. Безумоўна, не. Магчыма, варта чакаць адвольных затрыманняў перад 3 ліпеня [афіцыйны дзень незалежнасці ў Беларусі – рэд.]. Але з нагоды сітуацыі, якую мы назіралі падчас чэмпіянату, у галаву адразу прыходзіць кантэкст 2015 года – правядзенне прэзідэнцкіх выбараў. І не трэба быць аналітыкам, каб зразумець, што звычайна буйныя палітычныя кампаніі ў краіне суправаджаюцца ростам рэпрэсій. І дадзеная практыка запуску рэпрэсіўнай машыны паказвае, што няма ніякіх гарантыяў, што ўсё не паўторыцца. У прынцыпе, мы як праваабаронцы рыхтуемся да горшага, да таго, што ў 2015 годзе сутыкнемся з ростам рэпрэсій і з больш жорсткімі формамі пераследу. Няма падставаў лічыць, што выбары пройдуць у нейкім іншым ключы.

Крыніца: spring96.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Севярынец
  • Кацярына Салаўёва
  • Алег Волчак
  • Яўген Сувораў
  • Ігар Корсак