Валянціна Аліневіч: Снег у Наваполацкай калоніі блакітны з-за шкодных выкідаў

Маці палітвязня Ігара Аліневіча сустрэлася з ім у турме.

«Доўгатэрміновае спатканне» адбылося 24 снежня і працягвалася менш за суткі. У інтэрв’ю сайту charter97.org Валянціна Аліневіч распавяла пра ўмовы ўтрымання свайго сына.

«Да апошняга моманту спатканне было пад вялікім пытаннем, – паведаміла маці Ігара Аліневіча. – І сын, і мы знаходзіліся ў падвешаным стане. Ён напісаў, што ў апошні час спагнанне ідзе за спагнаннем, у любы момант могуць пазбавіць спаткання. Але ўсё ж яно адбылося, хоць нават поўныя суткі не далі. Ігара прывялі ў 15.00, а адвялі на наступную раніцу ў 9.30.

Знешні выгляд – такі ж, толькі худы і бледны. Але так выглядаюць усе, цяжка чакаць чагосьці іншага. Дух – ранейшы. Пра сябе нічога не распавядаў асаблівага. Казаў, што за апошні час рэжым стаў больш жорсткім. Ранейшага начальніка калоніі адправілі на павышэнне ў Віцебскі ДВП. Іншыя зняволеныя распавядалі пра тое, што былі планы зачыніць Наваполацкую калонію з-за пашырэння «Нафтана», які стаіць плот да плота з ёй, але потым іх адмянілі».

Валянціна Аліневіч паведаміла, што колькасць зняволеных у калоніі зменшылася ў тры разы. Зараз там утрымліваюцца 960 чалавек. Таксама яна звярнула ўвагу на страшэнную экалагічную абстаноўку ва ўстанове.

«Шкодныя выкіды ў атмасферу вырабляюць па начах, – распавяла яна. – На наступную раніцу снег – блакітнага колеру. Ведаю, што Андрэй Саннікаў у свой час пісаў скаргу на экалагічны стан калоніі, але штраф даслалі менавіта калоніі, а не тым нафтахімічным гігантам, якія знаходзяцца побач.

Сваякі зняволеных таксама казалі пра тое, што агародніны ў турэмнай краме амаль не бывае, не кажучы ўжо пра малочныя прадукты, а нацэнкі складаюць 30-40%. Гэта адзіная калонія, дзе законны дазвол зняволеным на званок дадому на практыцы фактычна не дзейнічае. Ва ўсіх калоніях маюцца таксафоны, а змешчаныя ў іх людзі маюць права тэлефанаваць дадому 3 разы ў месяц. У Наваполацкай калоніі такога няма. Расклад тэлефонных званкоў ёсць, але ён не выконваецца. Мала таго, трэба яшчэ напісаць заяву, якую могуць і не падпісаць, трэба паведаміць сваім родным, а ліст можа своечасова і не дайсці, можа быць страчаны ключ ад пакоя і гэтак далей. Гэта тычыцца не толькі Ігара, гэта ўласціва ўсёй гэтай цікавай калоніі, ранейшага кіраўніка якой, паўтараю, паслалі на павышэнне».

Валянціна Аліневіч распавяла пра тое, што размова з сынам зацягнулася да самай раніцы.

«Казалі пра палітвязняў, былых і будучых, Беларусь і Расеі, пра Салжаніцына, пра Хадаркоўскага і Пераверзіна, пра Украіну, пра таварышаў, сваякоў і сяброў, пра Еўропу і праваабарончыя арганізацыі і пра многае іншае, – распавяла яна. – Мы з мужам прывезлі маленькую ялінку, свечкі і традыцыйна марозіва, якое ён прасіў, таму ў нас таксама было маленькае свята. Хоць за сценамі гэтага маленечкага пакойчыка брахалі вартавыя сабакі, а акно было за кратамі. Ігар сказаў, што ўжо пачаў атрымліваць калядныя віншаванні і прасіў усіх павіншаваць з навагоднімі святамі і падзякаваць за салідарнасць».

Нагадаем, Ігара Аліневіча разам з іншымі актывістамі анархісцкага руху затрымалі ў верасні 2010 года. Працэс над імі пачаўся ў траўні 2011 года. Ігар Аліневіч атрымаў найбольшы тэрмін – 8 гадоў – за ўдзел у антываенным шэсці каля Генштаба Рэспублікі Беларусь, а таксама па абвінавачванні ў здзяйсненні нібыта хуліганскіх акцый супраць амбасады Расейскай Федэрацыі, банкаў і казіно.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Васьковіч
  • Тацяна Елавая
  • Павал Сырамолатаў
  • Ільля Васілевіч