Ад палітвязня Аліневіча чацвёрты месяц няма званкоў

Начальства Наваполацкай калоніі №10 адрэзала Ігара Аліневіча ад знешняга свету.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміла яго маці Валянціна Аліневіч.

«Зусім нядаўна Ігар атрымаў прэмію за сваю кнігу «Еду ў Магадан», але пакуль ён яшчэ не ведае пра гэта. На наступны дзень я пайшла на Галоўпаштамт і напісала паштоўку, бо яна можа дайсці хутчэй. Калі ў сына і ёсць нейкія навіны, то мы пра гэта не ведаем, бо тэлефонных званкоў па-ранейшаму няма. І так з пачатку верасня. Раней мы тэлефанавалі адзін аднаму прыкладна раз у квартал, але зараз нават гэтага няма», – адзначыла яна.

Маці палітычнага вязня дадала, што за лістапад прыйшлі толькі дзве кароткія паштоўкі і адзін ліст.

«Кожны раз начальства калоніі прыдумляе ўсё, што заўгодна, каб не даць Ігару патэлефанаваць і пабольш яго ізаляваць. У лісце за 28 лістапада сын напісаў, што ў апошні час спагнанні ідуць адно за адным. Гэта значыць яго спрабуюць максімальна адрэзаць ад знешняга свету і знайсці нейкія нібыта парушэнні», – падкрэсліла Валянціна Аліневіч.

Нагадаем, 27 траўня 2011 года суддзя Заводскага раёна Менска Жана Хвайніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі №10, якая «славіцца» сваімі дрэннымі ўмовамі. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсця ля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, а таксама падпале дзвярэй філіяла Беларусбанка.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Скрабец
  • Андрэй Саньнікаў
  • Павал Шарамет