У камэры Статкевіча адключылі ацяпленьне

У камэры палітвязьня, былога кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча адключылі ацяпленьне, паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч. Афіцыйная вэрсія — аварыя.

«Але, наколькі мне вядома, ацяпленьня няма толькі ў некалькіх камэрах, дзесьці ў трох-чатырох. Такая вось вельмі „лякальная“ аварыя, ды і нешта не сьпяшаюцца яе ліквідаваць. Праўда, „пацярпелым“ выдалі па дадатковай коўдры, але імі скарыстацца можна толькі ўначы. А як жа днём?» — задалася пытаньнем Адамовіч у інтэрвію БелаПАН.

«Добрай новай традыцыяй сталі частыя ператрусы, падчас якіх выварочваюцца ўсе рэчы (…) За гэтыя тры гады я атрымаў такі досьвед, што зьдзівіць мяне чымсьці складана. А прымусіць „папрасіцца“ тым больш. Не дачакаюцца», — піша Статкевіч з магілёўскай турмы № 4.

Марына Адамовіч лічыць, што ціск на мужа ўзмацніўся, каб прымусіць яго напісаць прашэньне аб памілаваньні.

У траўні 2011 году суд Ленінскага раёна Менску прыгаварыў Статкевіча да шасьці гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзыдэнта, 19 сьнежні 2010 г.

Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, які да гэтага часу знаходзіцца ў зьняволеньні. Яму неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, аднак Статкевіч катэгарычна адмаўляўся гэта зрабіць. Пасьля гэтага ціск на палітвязьня ўзмацніўся.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Пакараньне адбывае ў Магілёўскай «крытай» турме.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Сувораў