Аляксандр Малчанаў працаўладкаваўся ў Барысаве

Раней было вядома, што Аляксандр Малчанаў намагаецца пераехаць у Менск і там знайсьці працу, але для гэтага трэба было атрымаць дазвол міліцыі, дзе Аляксандр Малчанаў стаіць пад прафіляктычным наглядам. З чым зьвязаны перамены?

«Я так і не атрымаў ніякага адказу з міліцыі і працаўладкаваўся ў Барысаве. Працую за невялікую зарплату на адным з барысаўскіх заводаў. Але лепш працаваць хоць і за капейкі, чым сядзець бяз грошай. Чакаю заканчэньня тэрміну нагляду, а ўжо тады, магчыма, зноў паспрабую пераехаць у Менск. Ці ў Барысаве буду шукаць нешта больш прыдатнае паводле заробку».

Тэрмін прафіляктычнага нагляду ў Аляксандра Малчанава заканчваецца ў студзені настпунага году, але былы палітвязень не выключае, што яго могуць працягнуць.

Яшчэ з прыемных навінаў у жыцьці Аляксандра — ён пабраўся шлюбам зь дзяўчынай Вольгай, якая ад 15 лістапада ўзяла ягонае прозьвішча і стала звацца Малчанавай.

У 2011 годзе Аляксандра Малчанава асудзілі на 4 гады зьняволеньня за ўдзел у мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году. Празь некалькі месяцаў ён быў памілаваны і выйшаў на волю. У 2012 годзе былы палітвязень зноў апынуўся ў калёніі на паўтара году паводле абвінавачаньня ў крадзяжы мэталалому. Сёлета ўлетку Аляксандр Малчанаў выйшаў на волю з калёніі ў Навасадах.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Дашкевіч
  • Аляксандар Атрошчанкаў
  • Сяргей Казакоў
  • Зьміцер Бандарэнка
  • Андрэй Пазьняк