Зьміцер Бародка: Грамадства гатовае і жадае зьменаў

Вязьні сумленьня ў Беларусі надалей за кратамі, пры гэтым аглядальнікі і палітыкі лічаць, што гандаль палітвязьнямі ўлады Беларусі і надалей вядуць. Але неўзабаве сытуацыя павінна зьмяніцца, лічыць Зьміцер Бародка, каардынатар грамадзянскай кампаніі „Разам для Беларусі”. Чамуі якія для гэтага сасьпелі прычыны – палітык распавядае для palitviazni.info.

Зьміцер Бародка: Я лічу, што цяпер, у параўнаньні з папярэднімі гадамі сытуацыя прынцыпова не зьмянілася. Бо палітвязьні надалей застаюцца за кратамі. І колькі б беларуская грамадзянская супольнасць, палітычныя арганізацыі патрабавалі іх вызваленьня, заклікалі прадстаўнікоў еўрапейскіх краінаў заняць прынцыповую пазыцыю, і дамагчыся іх вызваленьня, нічога ў прынцыпе не памянялася. Так, з аднаго боку Эўразьвяз спрабуе зрабіць нейкія захады ў дачыненьні да беларускіх ўладаў, таму пэўныя асобы былі выключаныя з сьспісу неўзядных у краіны ЭЗ. Але беларускі рэжым ў гэтым кірунку пакуль што не ідзе. Кампрамісаў мы не бачым, а бачым, што ён трымаецца свайго і патрабуе навт, каб дыялог паміж Брусэлем і Менскам адбываўся менавіта на яго варунках і гэта яго прынцыповая пазыцыя.

– Але Эўразьвяз таксама агучваў сваю прынцыповую пазыцыю. Абодва бакі такім чынам застаюцца пры сваім меркаваньні. Але ці адбудзецца нейкае зьмяненьне ў гэтай сытуацыі, як доўга яна застанецца ў такім, нязьменным выглядзе?

Зьміцер Бародка: Я думаю, што такі застой зацягнецца толькі да 2015 году. А менавіта да прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне. І тады мы пабачым гульню, сапраўдны гандаль збоку Лукашэнкі. Тым больш, што гэты гандаль людзьмі практычна ніколі не спыняецца. Але перад важнай палітычнай падзеяў ў краіне – выбарамі прэзідэнта, пабачым актывізацыю гэтых ганебных працэсаў.

– Звычайна, калі ідзе размова пра гандаль палітычнымі вязьнямі, мы кажам толькі пра два бакі: рэжым і Эўразьвяз, але чаму не кажам пра грамадзянскую супольнасьць ў краіне? Пра грамадзян? Які ўплыў на сёньняшнюю сытуацыю збоку грамадска-палітычных сілаў краіны?

Зьміцер Бародка: На жаль ні палітычныя, ні каляпалітычныя структуры ў нашай краіне на сёньняшні дзень не маюць вялікага ўплыву на беларускае грамадства. Але яны могуць быць пэўным голасам, які можа гучаць ад імя дэмакратычных прадстаўнікоў Беларусі. І гэты голас можа быць і агучаны і пачуты на Захадзе. Але на жаль сёньня таксама мы бачым, што некаторыя палітыкі пачынаюць казаць пра неабходнасьць дыялогу з ўладамі. Так, я з гэтым пагаджаюся ў прынцыпе: дыялог вельмі неабходны. Але для гэтага патрэбна, каб былі выкананыя пэўныя варункі.

– Вызваленьне палітвязняў, так?

Зьміцер Бародка: Так.

– Але калі разуменьне пра невялікі ўплыў апазыцыйных палітыкаў на грамадства мы разумеем і бачым, то чаму не бачым шляхоў выхаду з гэтай сытуацыі? Як зьмяніць гэта?

Зьміцер Бародка: Насамрэч каб быў адказ, на гэтае пытаньне, то і не было б такога пытаньня ў прынцыпе. Але яно гучыць ўжо на працягу амаль дваццаці гадоў. Але мне падаецца, што зьмяніць можна тады, калі беларускія дэмакратычныя сілы будуць казаць адным голасам. Сёньня ж мы бачым, што назіраецца падзел як ў Беларусі, так і па-за яе межамі сярод прадстаўнікоў дэмакратычных структураў. І бачым, што кожная стурктура нясе свой асабісты мэсэдж. Ёсьць, канечне, згода, але толькі па пэўных пытаньнях. Гэтак ёсьць згода па палітвязьнях, але па іншых пытаньнях істотныя разыходжаньні. Але акрамя аднаго голасу патрэбна яшчэ таксама данесьці і да Эўрапейскіх палітыкаў, і для палітыкаў іншых дзяржаваў тое, што Беларусь зьяўляецца цікавай краінай для Эўразьвязу, для ЗША. Пра гэта можна казаць сапраўды досыць шмат. Гэта, дарэчы, магчыма зрабіць. Пакуль жа нават Эўразьвяз практычна не зьвярате ўвагі на Беларусь і робіць крокі, так скажам, гуманітарнага накірунку.

– Што да беларускага грамадства, часта даводзіцца чуць, што грамадзяне нашае краіны або запалоханы, альбо не маюць доступу да інфармацыі, якім чынам вырашыць гэтыя праблемы і зрабіць людзей больш актыўнымі?

Зьміцер Бародка: Я думаю, што праблема не толькі і выключна ў беларускім грамадстве, але перадусім і ў лідарах грамадзянскай супольнасьці, лідарах палітычных партыяў, якія на сёньняшні дзень не могуць анічога прапанаваць грамадству. Грамадства жадае пераменаў. Грамадзяне жадаюць змагацца за свае правы, але няма на сёньняшні дзень сапраўдных лідараў, якія маглі б ўзначаліць гэты рух. Я назіраю акцыі пратэсту падчас выбарчых кампаній, яны вельмі моцныя, людзі выходзяць нягледзячы на запалохванні, нягледзячы на пагрозы, людзі выходзяць на вуліцы і гатовыя біцца за свае правы. Але жадаюць выйсьці адзін раз і назаўсёды вырашыць праблемы. І на жаль няма такой арганізацыі, якая магла б ўзначаліць, скажам так, гэты працэс, гэты пратэстны рух.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Арцём Пракапенка
  • Кацярына Салаўёва
  • Міхась Субач
  • Мікіта Ліхавід