Павел Севярынец: Улады папярэджваюць Дашкевіча

Лідара «Маладога Фронту» папярэджваюць, што яму не варта актыўна займацца палітыкай.

Пра гэта заявіў былы палітвязень Павел Севярынец, каментуючы сайту charter97.org арышт на трое сутак лідара «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча.

«6 лістапада рэжым вырашыў зрабіць два сігналы: адзін асабіста для Змітра Дашкевіча, другі для еўрапейцаў. Змітру Дашкевічу рэжым дае зразумець, маўляў, калі будзеш адраджаць «Малады фронт», калі будзеш займацца працай сярод моладзі, можаш вярнуцца ў турму, нягледзячы на сям’ю і на прэвентыўны нагляд. Гэта папярэджанне Дашкевічу. Зламаць ўлады яго не могуць, але папярэджваюць», – перакананы палітык.

Па словах Паўла Севярынца, «у гэтай справе і маладафронтаўцы, і наогул усе беларусы добрай волі павінны падтрымаць Змітра, таму што гэта вельмі мужны хлопец, які нават у вельмі цяжкіх умовах працягвае змагацца і з’яўляецца прыкладам».

«Другі сігнал, які рэжым паслаў у гэты дзень затрыманнем дзесяці чалавек, якія сустракалі Юрыя Рубцова, затрыманага за майку «Лукашэнка, сыходзь», быў адрасаваны еўрапейцам напярэдадні віленскага саміту. Такія сігналы рэжым досыць часта пасылае перад вызначальнымі сустрэчамі, і змест сігналу наступны: «Калі не будзеце запрашаць Лукашэнку ці не будзеце прымаць нашу пазіцыю, то мы будзем біць па апазіцыі». Гэта проста дзікунская і бандыцкая пазіцыя, але для сённяшняга беларускага рэжыму яна нармальная. Пасля гэтых затрыманняў я размаўляў з прадстаўнікамі еўрапейскіх амбасадаў, і яны ўспрынялі гэта як сігнал на адрас Еўропы», – адзначыў былы палітычны вязень.

Нагадаем, лідара «Маладога Фронту» затрымалі 6 лістапада каля ГУМа за збор подпісаў. Спачатку актывіста адвезлі ў Цэнтральны РУУС Менска, а потым у суд Цэнтральнага раёна. Яго судзілі нібыта за непадпарадкаванне міліцыі. У выніку суддзя Валерый Есьман прысудзіў актывіста да трох сутак арышту.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Антон Сурапін
  • Яна Палякова
  • Міхаіл Жамчужны
  • Фёдар Мірзаянаў