Артур Фінькевіч: Сыстэма створана, каб ламаць і прыніжаць асобу

Пра сваё зьняволеньне, асаблівасьці турэмнага жыцьця сайту palitviazni.info расказвае былы палітвязень, “злосны парушальнік рэжыму”, заснавальнік і лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч.

Артур пісаў на сьценах будынкаў палітычныя лёзунгі, яго затрымалі акурат у той момант, калі фарбы ўжо практычна не засталося. “Калі ты ня можаш кагосьці зарганізаваць, тады даводзіцца працаваць самому”, − зазначае колішні намесьнік старшыні “Маладога фронту”. Быў 2006 год, пачатак прэзыдэнцкай кампаніі. Па парадзе адваката, актывіст прызнае сваю віну, і гэты высакародны ўчынак дазваляе застацца на волі паплечніку Фінькевіча, якога затрымалі разам зь ім. Цяпер пасталеўшы Артур пра палітычнае графіці іншага меркаваньня:

− Сама форма маляваньня на сьценах, нават нягледзячы на тое, што я за гэта адсядзеў, ня ёсьць добрай ідэяй. Непрыемна, калі на тваім доме пішуць тыя ці іншыя лёзунгі, нават калі яны абсалютна правільныя, нават калі няма іншага шляху данясеньня інфармацыі да людзей.

Артур, дзе ты адбываў пакараньне? Ці былі спробы ціску на цябе з боку адміністрацыі камэндатуры, КДБ?

Артур Фінькевіч: Мяне затрымалі 31 студзеня 2006 году, а 3 лютага прывезьлі на Валадарку, дзе я праседзеў 3,5 месяцы. Суд адбыўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, у траўні. Судзілі 2 дні і далі 2 гады “хіміі”. Адбываў пакараньне ў Магілёўскай спэцкамэндатуры №43, дзе на мяне ціснулі так, што было немагчыма трываць. Даводзілася ўсімі праўдамі і няпраўдамі “зьязджаць на бальніцу”, то бок ствараць самому сабе праблемы са здароўем, каб трапіць у шпіталь. Па 3 месяцы ў шпіталях ляжаў, каб толькі не зьяўляцца ў камэндатуры.

На мяне складалі парушэньні, напрыклад, за тое, што я зьбіўся з маршруту, калі ішоў з працы ў камэндатуру, і спазьніўся на 13 хвілінаў. На дарогу давалі толькі 15 хвілінаў! Ні ў каго з маіх паплечнікаў такога ніколі не было – ні ў Мажэйкі ці Статкевіча, ні ў Івашкевіча ці Севярынца. Праз гэтыя выдзеленыя на дарогу 15 хвілінаў я ня мог схадзіць у краму, ня мог памыцца пасьля працы.

Да таго, як супраць мяне ўзбудзілі другую крымінальную справу, супрацоўнікі КДБ настойліва прапаноўвалі супрацу і свабоду ў абмен на дачу паказаньняў супраць паплечнікаў: Зьмітра Хведарука, Івана Шылы і іншых. Нягледзячы на тое, што ў мяне адабралі ўсе тэлефоны, я здолеў папярэдзіць сяброў.

Як здарылася, што падчас адбыцьця “хіміі” на цябе завялі яшчэ адну крымінальную справу?

Артур Фінькевіч: Да канца першага тэрміну я не даседзеў 3 тыдні і на мяне, як на злоснага парушальніка рэжыму ўтрыманьня, завялі крымінальную справу па арт. 415 КК — “ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі”, фактычна − за парушэньні. Асудзілі да году і 6-ці месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Наступныя 3,5 месяцы я правёў у Магілёўскай сьледчай турме №4, чакаючы разгляду сваёй касацыйнай скаргі. У той момант на мяне аказвалі ціск: прымушалі напісаць заяву, аб жаданьні хутчэй перавесьціся ў калёнію.

Артур, ці можаш больш дэталёва апісаць умовы ўтрыманьня, турэмныя парадкі, камэры і колькасьць чалавек у іх?

Артур Фінькевіч: У сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску мне давялося 3 дні праседзець у так званым “адстойніку”, камэры памерам прыблізна 6х4 мэтры. У ёй былі “сцэна” і, нават не прыбіральня, − “луза” і кранік зьверху, якія не былі адзьдзеленыя сьценкай. На той момант у камэры месьцілася 27 чалавек, якія цягам 3-х сутак, зь пятніцы да панядзелку, былі вымушаныя або напалову сядзець, або стаяць, перасоўвацца там не было магчымасьці, спаць таксама.

Звычайна ў камэрах у паўтара-два разы болей людзей за колькасьць месцаў, напрыклад, 30 чалавек на 18 месцаў. Людзі сьпяць па чарзе, у пэўнай ступені гэта нязручна. Праваабаронцы называюць гэта катаваньнямі, і можа сапраўды так ёсьць, але часам адміністрацыя турмы можа стварыць значна горшыя ўмовы нават там, дзе колькасьць месцаў перавышае колькасьць пастаяльцаў. Калі я і яшчэ некалькі чалавек адмаўляліся пісаць заявы з просьбай перавесьці нас з Магілёўскага сьледчага ізалятара ў калёнію, нас пасадзілі ў дастаткова пустую камэру, там на 8 “шконак” было 5 чалавек. Але ў гэтай камэры была мінусавая тэмпэратура, бо былі выбітыя шыбы, і яна знаходзілася ў напаўпадвальным памяшканьні. Там я праседзеў два тыдні. Мяне выпусьцілі па касацыйнай скарзе, прысуд гучаў так: абмежавацца адсіжаным – 6 месяцаў і 20 дзён абмежаваньня волі. Тады акурат пачаўся дыялёг-гандаль 2008 году, і цягам месяца выпусьцілі некалькі палітвязьняў, сярод якіх быў і я.

Я так разумею, пісаць памілаваньне цябе не прымушалі, былі іншыя парадкі і прыярытэты. Аднак ці можаш ты параўнаць умовы ўтрыманьня часоў тваёй адсідкі з  турэмнымі ўмовамі цяперашніх палітвязьняў?

Артур Фінькевіч: Калі казаць пра тыя катаваньні, якія мелі месца ў Амэрыканцы ў 2010-11 гадах, калі вязьняў ганялі па лесьвіцах, распраналі сярод ночы… я быў сапраўды шакаваны. Пры мне ў 2006 годзе, калі ганялі на прагулку, зьняволеныя вымушаныя былі прайсьці праз некалькі дзясяткаў байцоў у масках, якія стаялі па розных баках калідора і калацілі дубінкамі. Натуральна, пасьля такога людзі адмаўляліся хадзіць на прагулкі. А як толькі выбары 2006 году завершыліся, “маскі” зьніклі. Ня ведаю, ці былі гэтыя дзьве рэчы непасрэдна зьвязанымі паміж сабой.

Артур, ты калі ўзгадваў пра сваё зьняволеньне, часам усьміхаўся. Чаму? Ужо ня страшна ўзгадваць, бо ты перажыў цяжкія часы?

Артур Фінькевіч: Пасьля той адсідкі ў мяне былі значна горшыя выпадкі, калі зьбівалі з ног ля майго пад’езда, апраналі мяшок на галаву, укідвалі ў бус і цягам трох гадзінаў везьлі кудысьці і зьбівалі. Калі пасьля такога цябе выкідваюць у лесе за 150 км ад Менска, тады калёнія падаецца сапраўды мяккім варыянтам.

Калі казаць пра ўсю пэніцыярную сыстэму ў цэлым, то яна створаная для таго, каб ламаць і прыніжаць асобу. Для таго, каб зьнішчыць усё, што зьвязвае чалавека з цывілізаваным сьветам, з нармальным мысьленьнем, нармальным жыцьцём. Сыстэма для таго, каб ламаць людзей, каб рабіць зь іх рабоў. І гэта сыстэма распаўсюджваецца ня толькі на палітзьняволеных, але на іншых вязьняў, часам беспадстаўна абвінавачаных.

На тваю думку, якія захады варта прадпрыняць, каб тыя людзі, якія абвінавачаныя па палітычных матывах як мага хутчэй зноў былі сярод нас?

Артур Фінькевіч: Мусіць быць комплекс дзеяньняў: міжнародны ціск і праца ўнутры краіны − інфармаваньне людзей аб тым, што ёсьць палітвязьні, што ў любы момант кожны можа апынуцца на іх месцы, калі не па гэтым артыкуле, то па любым іншым.

Я на ўсіх магчымых сустрэчах узгадваю палітвязьняў, гэта адна з самых балючых тэмаў, якая сёньня ёсьць у Беларусі, і забывацца на яе адназначна нельга, бо калі мы будзем забывацца адзін на аднога, то ў рэшце рэшт забудуцца на ўсіх нас.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Мажэйка
  • Славамір Адамовіч
  • Cяргей Антончык
  • Мікіта Ліхавід
  • Алесь Стральцоў