Статкевіча катуюць бяссонніцай (відэа)

Тыповае катаванне сталінскага НКВД – пазбаўленне сну – зазнае гэтымі днямі былы кандыдат у прэзідэнты, а цяпер палітвязень Мікалай Статкевіч. Пра новыя спробы ціску з боку адміністрацыі магілёўскай турмы № 4 паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч.

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА МІКАЛАЯ СТАТКЕВІЧА:
«Літаральна кожныя 10–15 хвілінаў кантралёр грукаў у вечка. Гэта – метал аб метал, гэта вельмі гучна. І крычаў у гэтае вечка кожныя 10–15 хвілінаў. Назаўтра гэтая сітуацыя паўтарылася, толькі ўжо дадаўся грукат нагамі ў жалезныя дзверы камеры. І гэтак было некалькі начэй запар».

Марына Адамовіч мяркуе, што, замінаючы начному сну палітвязня, ахоўнікі вымушаюць яго адпачываць удзень. А гэта караецца карцэрам.

Таксама жонка палітвязня сцвярджае, што той не можа атрымаць лекі, якія яна яму выслала, з-за штучных бюракратычных перашкодаў, створаных адміністрацыяй турмы № 4 Магілёва.

Мікалай Статкевіч – апошні кандыдат на прэзідэнта на мінулых выбарах, які застаецца за кратамі. Яго асудзілі на шэсць гадоў зняволення паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых закалотаў 19 снежня 2010 года. Жонка палітвязня мяркуе, што цкаванне з боку адміністрацыі звязанае з ягонаю адмоваю пісаць прашэнне аб памілаванні.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Тацяна Елавая
  • Аляксандар Казулін
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Яўген Сувораў
  • Алесь Пушкін