Эдуард Лобаў абраны сустаршынём “Маладога фронту”

Кіраваць маладзёжным грамадскім аб’яднаннем “Малады фронт”, зарэгістраваным у Чэхіі, будуць чатыры сустаршыні. Тры з іх былі выбраны сёння на восьмым з’ездзе арганізацыі, які прайшоў у Мінску.

На думку дэлегатаў з’езда, інстытут сустаршынства дазволіць ва ўмовах беларускай рэальнасці найбольш аптымальна кіраваць “Маладым фронтам”.

Адзін з сустаршыняў, Эдуард Лобаў, які знаходзіцца ў зняволенні, быў выбраны фактычна без абмеркаванняў.

Нагадаем, Лобаў разам з лідарам “Маладога фронту” Дзмітрыем Дашкевічам быў затрыманы ў Мінску напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года. Актывістаў абвінавацілі ў збіванні двух мінчан. Затрыманне Дашкевіча і Лобава прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі напярэдадні выбараў. У сакавіку 2011 года Дашкевіч быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Лобаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Дашкевіч выйшаў на волю ў канцы жніўня гэтага года.

Далейшыя дыскусіі на сённяшнім з’ездзе наконт абрання кіраўніцтва прывялі да таго, што давялося праводзіць тайнае галасаванне. У бюлетэні значыліся тры кандыдатуры: Дзмітрый Дашкевіч, Андрэй Цянюта і Вадзім Белы.

Дашкевіч яшчэ да з’езда заяўляў аб сваіх планах адмовіцца ад кіраўніцтва арганізацыяй. Аднак сёння ён прыняў супрацьлеглае рашэнне. Дашкевіч растлумачыў яго “крытычным становішчам у “Фронце”, актывісты якога не могуць нармальна абраць кіраўніцтва”.

Паводле вынікаў тайнага галасавання, у якім удзельнічалі 49 чалавек, сустаршынямі “Маладога фронту” сталі тыя, хто набраў 50% галасоў плюс адзін голас. Дашкевіч набраў 28 галасоў, Цянюта — 26, Белы — 23. Апошняму, такім чынам, не ўдалося набраць неабходнай колькасці галасоў.

У сувязі з тым, што адзін сустаршыня выбраны не быў, дэлегаты прынялі рашэнне правесці другую сесію з’езда. Мяркуецца, што яна адбудзецца да канца года.

belapan.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Віталь Мацукевіч
  • Алег Волчак
  • Вадзім Лабковіч
  • Рыгор Кійко
  • Яўген Сувораў