Палітвязню Лобаву дазволілі сустрэцца з маці

Эдуарду Лобаву, які адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі №22, дазволілі кароткатэрміновае спатканне з маці.

Пра гэта Марына Лобава паведаміла сайту charter97.org.

«У аўторак у Эдуарда адбылася сустрэча з ксяндзом, а ўжо сёння я была ў яго на спатканні. Мы пагаварылі дзве гадзіны праз шкло. Настрой у сына нармальны, і ён здаровы. Я таксама прывезла яму перадачу, якую прынялі», – сказала яна.

Марына Лобава адзначыла, што Эдуард працягвае вучыцца на электразваршчыка ў ПТВ пры калоніі.

«Ён спрабуе прымяняць на практыцы атрыманыя веды. То бок, у іх не толькі тэорыя, але і практыка. Начальства калрніі пакуль што не стварае праблем – і дзякуй Богу», – дадала маці палітычнага вязня.

Нагадаем, Эдуард Лобаў разам са старшынёй «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам быў затрыманы ў Менску 18 снежня 2010 года. Затрыманне Лобава і Дашкевіча было прэвентыўнай мерай спецслужбаў і міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія праходзілі на наступны дзень.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Андрэй Жукавец
  • Іван Крук
  • Зьміцер Хведарук
  • Сяргей Каваленка