Васіль Парфянкоў: Усё тут разумеюць, што я пакараны за «палітыку»

Актывісты апазіцыі наведалі Васіля Парфянкова ў ЛПП № 1 Светлагорска.

Пра гэта сайту charter97.org распавёў удзельнік руху «Разам» Ілля Дабратвор, які ўчора пабываў у установе, дзе ўтрымліваецца былы палітвязень. Ён перадаў Васілю Парфянкову дакументы, падрыхтаваныя адвакатам і праваабаронцамі для абскарджання рашэння аб накіраванні яго ў ЛПП.

«Сустрэча працягвалася каля паўтары гадзіны. Мы перадалі дакументы для абскарджання рашэння суда. Васіль Парфянкоў павінен быў адаслаць іх ад свайго імя ў той жа дзень, калі атрымаў», – распавёў Ільля Дабратвор.

Ён растлумачыў, што рэжым ў ЛПП – гэта нешта сярэдняе паміж турмой і войскам. Ні пра якое лячэнні там гаворка не ідзе.

«У ЛПП трымаюць сучасных рабоў, асноўная задача якіх – папаўненне бюджэту. А знаходжанне Васіля Парфянкова там, безумоўна, з’яўляецца адным з праяў палітычнага ціску на грамадскіх актывістаў. Гэты крок уладаў накіраваны на выключэнне яго з актыўнай грамадскай дзейнасці і з’яўляецца праявай псіхалагічнага ціску не толькі на яго, але і на тых, хто застаўся на волі. Васіль сказаў: «Уся калонія ведае, што я тут знаходжуся за «палітыку», – заявіў Ілля Дабратвор.

Актывістам апазіцыі не дазволілі перадаць Парфянкову тэлефонны апарат, хоць правіламі гэта не забаронена. Аргументавалі гэта адсутнасцю свабодных скрынь для захоўвання. Тэлефонную картку таксама не перадалі, сказаўшы, што яе трэба купляць у краме.

«Цяпер ён працуе ня дрэваапрацоўцы. Васіля перавялі з карантыну ў атрад № 2, нягледзячы на ўсё, ён стараўся выглядаць бадзёра, хоць было відаць што яму цяжка. Нядаўна ён захварэў. Мы спрабавалі, акрамя прадуктаў, перадаць яму і таблеткі ад кашлю, але ў нас іх не прынялі. Ён распавёў, што ў ЛПП ёсць лекары, але няма месца, дзе можна купіць лекі. Выпісваюць толькі тое, што ёсць у наяўнасці, таму атрымліваецца, што адны і тыя ж таблеткі прымяняюцца пры лячэнні розных захворванняў», – распавёў Ільля Дабратвор.

Нагадаем, Васіль Парфянкоў быў арыштаваны за ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе. Праз некаторы час пасля свайго вызвалення ён зноў трапіў за краты па абвінавачванні ў парушэнні прэвентыўнага нагляду. Актывіст апазіцыі выйшаў на свабоду ў лютым 2013 года.

Пастанову аб накіраванні былога палітвязня Васіля Парфянкова ў ЛПП было прынята судом Першамайскага раёна Мінска 4 верасня без яго прысутнасці. Тым самым суд парушыў частку 4 артыкула 393-9 ГПК РБ, дзе прапісана: «Заява аб накіраванні грамадзяніна ў лячэбна-працоўны прафілакторый разглядаецца на працягу дзесяці дзён з дня яго паступлення ў суд з абавязковым удзелам прадстаўніка органа ўнутраных спраў, пракурора, грамадзяніна, заява аб накіраванні якога ў лячэбна-працоўны прафілакторый разглядаецца судом». А частка 6 гэтага артыкула патрабуе: «У выпадку ўхілення грамадзяніна, заява аб накіраванні якога ў лячэбна-працоўны прафілакторый разглядаецца судом, ад яўкі ў суд, ён можа быць падвергнуты прываду».

Практыку прымусовай ізаляцыі грамадзян у ЛПП па-за крымінальнага пераследу праваабаронцы разглядаюць як парушэнне правоў чалавека.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ігар Корсак
  • Міхась Субач
  • Андрэй Пазьняк