Аляксандр Францкевіч. Падарожжа вакол зоны адчужэння (фота)

Пабываў учора і сёння каля ВК-10, дзе ўтрымліваюць нашага таварыша Ігара Аліневіча.

Здавалася, яшчэ нядаўна сам хадзіў з кута ў кут сваёй утульнай камеры ПКТ, а цяпер я гляджу на ўвесь гэты свет рэжыму і паняццяў збоку, пішу лісты, як калісьці пісалі мне. Я не мог не паглядзець, як уладкавалі Ігара выканаўцы антынародных прысудаў. Трамвай, які ідзе з Наваполацка ў прамысловую зону, павольна сыходзіць за мяжу горада, і пасля кароткага падарожжа ў рэдкім, жоўклым лесе наваколляў Нафтана і Паліміру вынырвае проста сярод труб, нафтаправода і прамысловых звалак.

Савецкія горадабудаўнікі, плануючы горад, нават не палічылі патрэбным выканаць тыя самыя нормы, якія ў свой час і распрацавалі, размясціўшы гэтую прамысловую зону непасрэдна каля Наваполацка — за нейкія пяць кіламетраў ад жылых дамоў, дзіцячых садкоў, бальніц.

Смог і прадукты перапрацоўкі даўно афарбавалі найбліжэйшыя мястэчкі ў неверагодныя колеры, грыбнікі даўно абыходзяць гэтыя лясы бокам, але гэтага нашым вялікім рулявым аказалася мала – і проста пасярод усяго гэтага царства адходаў і канцэрагенаў зладзілі тэрыторыю адчужэння для ізгояў грамадства і ворагаў дзяржавы.

Паездзіў п’яным за рулём? Атрымай тры гады пад ападкамі са свінцу, у халодным бараку або прамерзлым ізалятары! Набраў крэдытаў і не расплаціўся? Пяць гадоў еш сечку і ўдыхай паветра, поўнае прадуктаў згарання!

А калі гаворка заходзіць пра чалавека, які адмаўляе сваімі словамі, дзеяннямі і ладам жыцця дзяржаву і яго манументальную неабходнасць? Восем гадоў у самым атрутным лагеры Беларусі…

Але і там наш таварыш не пакінуў свае ідэі, не здаўся і не апусціў рукі – ён перыядычна звяртаецца да нас сваімі артыкуламі, кнігамі і лістамі ўсім, хто піша.

Прыпынак каля аднаго з камбінатаў, адразу пасля першых заводаў і платоў. Кандуктар паказвае ў бок высокага сіняга плота і кажа, што гэта і ёсць зона. Сіні колер відавочна пануе ў афарбоўцы калоніі. Баракі відавочна даўным-даўно не бачылі капітальнага рамонту і стаяць мастадонтамі з далёкіх брэжнеўскіх часоў.

Вокны закратаваныя, як звычайна робяць толькі ў СІЗА і ШІЗА/ПКТ. Высокая агароджа з алюмініевых сетак, а за ёй меншая, але каранаваная калючым дротам – гэта і абарона ад магчымага закідвання забароненых прадметаў, некалі практыкаванага ў Наваполацкім лагеры, і плот, які атачае ўчасткі лакальных сетак. Будынкі вакол альбо маюць значэнне зоны, што абслугоўвае гаспадарчае існаванне (дапусцім, лазнева-пральны камбінат) або асобных, ізаляваных тэрыторый унутры (будынак адміністрацыі, санчастка, ШІЗА/ПКТ).

Паблізу знаходзіцца тэрыторыя ААТ «СРСУ-3», дзе, відаць, вязні з ВК-10 выступаюць як нявольныя работнікі.

Калі абышоў вакол тэрыторыю, дзесьці шэсцьсот метраў на трыста, сустракаю па дарозе «хімію». Мінуўшы «хімію», у якой вязні, мабыць, таксама задзейнічаныя ў гэтым жа прадпрыемстве, я прыходжу да брамы на тэрыторыю адміністрацыі.

Туды трапіць можа любы ахвотны, толькі на ўваходзе стары сівы мужчына, магчыма, арыштант, папросіць пашпарт. Між двух невялікіх шэрагаў з елак размясціўся ўваход. Аказваецца, у калоніі ёсць магчымасць перадаць нешта Ігару без абмежаванняў – гэта вітаміны і мазі.

Мяркуючы па ўсім, гэта звязана з жахлівым экалагічным становішчам вакол. Перадаю праз медсястру ў кабінеце аптэкі лекі і даследую будынак далей. Тут жа размясціўся кабінет праверкі карэспандэнцыі. Размаўляю з цэнзарамі – дзвюма жанчынамі сярэдняга ўзросту, даведваюся, што таксама можна двойчы ў год выслаць кніжную бандэроль і тую толькі ад сваякоў, якую трэба афармляць і з таго, і з гэтага боку, напісаўшы заяву на імя начальніка. Успомніўшы, як, бывала, просты капрыз чарговага супрацоўніка замінаў мне падпісаць банальныя заявы, я зразумеў, што за гэтай уяўнай прастатой стаіць даволі цяжкая, ледзь не спецаперацыя, да якой трэба прыцягнуць зэка, які мае ўплыў у асяроддзі адміністрацыі, і магчыма, некага трэцяга.

Сваякі ходзяць з кабінета ў кабінет, афармляючы дакументы, каб трапіць да любімага сына, бацькі, мужчыны. Напружанне не пакідае іх твараў, думкамі яны ўжо на працяглым спатканні з блізкім чалавекам, але бюракратыя ганяе іх ад аднаго чыноўніка да іншага, даказваючы гэтым сваю неабходнасць.

Уяўляю, як у гэты ж самы момант мой таварыш шыхтуецца па пяцёрках на праверцы або ідзе ў чорнай робе ў сталоўку, каб паспрабаваць ежу, якая дае толькі самы мінімум для існавання арганізма, або майструе паддоны. Але думкі, як калісьці і ў мяне, далёка – ён думае пра рух, пра нас, пра страчаныя перспектывы, пра сяброў і блізкіх.

Там, на вуліцы Тэхнічнай № 8, 211440 горад Наваполацк, Віцебская вобласць, ВК-10, чалавек вялікай сілай волі Ігар Уладзіміравіч Аліневіч, і яму патрэбная вашая падтрымка. 24 верасня яму споўнілася трыццаць гадоў. Напішыце яму! Кожны ліст прыносіць упэўненасць, што ўсё рабілася і робіцца не дарма, кожны ліст усяляе ўпэўненасць у абраным шляху.

Няўжо той, хто чытае гэтыя радкі, не можа купіць канверт і напісаць яму пару радкоў падтрымкі? Калонія нават здалёку стварае атмасферу антыўтапічнага застою, савецкага таталітарызму, тэхнагеннай катастрофы. Свядома ці несвядома кіраўнік папраўчай сістэмы размясціў выпраўленчую калонію проста сярод камбінатаў і канцэрнаў, тым самым быццам праводзячы аналогію, чым жа насамрэч ёсць індустрыяльная цывілізацыя.

Ігар Аліневіч ужо тры гады знаходзіцца там, у ізаляцыі і няволі. За тое, што вырашыў не мірыцца, за тое, што адмовіўся здраджваць сябрам і сваім прынцыпам.

Але застаецца пытанне – ці не ёсць гэты тэхналагічны Некраполіс, гэтае ўвасабленне мёртвага механічнага механізму і рэжыму, толькі канцэнтратам нашага штодзённага жыцця? Ці не сядзім мы ў такіх жа зонах, абгароджаных вышкамі, з такімі ж, толькі своеасаблівымі, перадачкамі і рэжымам? Ён не жывіцца ілюзіямі, ён загадзя прызнаў царства несвабоды, каб з ім змагацца. Ці гатовыя вы прызнаць сваё рабства і змагацца?

Аляксандр Францкевіч, revbel.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Новік
  • Андрэй Пачобут
  • Аляксандар Казулін