Андрэя Пачобута вызвалілі ад пакарання

23 верасня суд Ленінскага раёна Гродна пераглядаў справу журналіста Андрэя Пачобута, асуджанага за «паклёп на прэзідэнта». Было прынята рашэнне вызваліць журналіста ад пакарання.

Гаворка ідзе пра рашэнне суддзі Віталя Ляцко ад 5 ліпеня 2011 г., які прызнаў Пачобута вінаватым у парушэнні ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса і пакараў трыма гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. 20 верасня скончыўся перыяд адтэрміноўкі пакарання.

— Безумоўна, я задаволены з таго, што цяпер змагу выязджаць за мяжу і не маю ніякіх абавязкаў стала адзначацца ў міліцыі. Разам з тым, я па-ранейшаму лічу прысуд у дачыненні да сябе цалкам незаконным, — зазначыў журналіст у гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ”. — Цяпер мне неабходна зрабіць візу, і я адразу ж планую наведаць рэдакцыю “Gazety Wyborczej” у Варшаве.

Паводле абвінавачання, на працягу 2010—2011 г.г. Андрэй Пачобут “паклёпнічаў” на А. Лукашэнку на старонках “Gazety Wyborczеj”, сайта “Белорусский партизан” і свайго блогу poczobut.livejournal.com. Аналізавалі «крымінальныя» тэксты Пачобута выкладчык-філолаг Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Аляксей Нікіценка і двое супрацоўнікаў аддзела ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама — Павел Скрабко (загадчык) і Віктар Жалезняковіч (адказны за працу са СМІ).

А. Пачобута вызвалілі ў зале суда 5 ліпеня, але пад падпіску аб нявыездзе (з 6 красавіка 2011 г. журналіста ўтрымлівалі ў следчым ізалятары Гродзенскай турмы №1). Пачобут не прызнаў сябе вінаватым і паспрабаваў абскардзіць рашэнне суда. 20 верасня 2011 г. Гродзенскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу журналіста, і рашэнне набыло законную сілу.

Яшчэ адну крымінальную справу (паўторны паклёп на кіраўніка дзяржавы, ч. 2 арт. 367 КК РБ) завялі на Пачобута ўлетку 2012 г. У сакавіку 2013 г. справу спынілі ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях журналіста складу злачынства.

baj.by

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вадзім Лабковіч
  • Арцём Грыбкоў
  • Ігар Аліневіч
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Юлія Чыгір