Алег Алкаеў: «Адміністрацыя жыве не паводле закону, але паводле ўказаньняў»

Нязломны ваўкавыскі прадпрымальнік, палітвязень Мікалай Аўтуховіч у гарадзенскай турме нумар 1 ўскрыў сабе жывот. Раней, напрыканцы 2011, пачатку 2012, калі вязень сумленьня знаходзіўся ў івацэвіцкай турме, ён парэзаў сабе вены. Што ж штурхае чалавека на такія адчайныя крокі? Пра гэта для palitviazni.info распавядае былы начальнік СІЗА №1 ў Менску, палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў.

 Алег Алкаеў: Тое, што зрабіў Мікалай Аўтуховіч – гэта крайнаяя мера пратэсту ў турмах. Мне знаёма гэта, калі чалавек вельмі востра адчувае праяву несправядлівасьці ў адносінах да сябе. І іншым чынам выказаць сваю нязгоду немагчыма. Інакш кажучы, словы да адміністрацыі не даходзяць, або чалавека начальнікі не разумеюць. Агаваруся – гэта не значыць, што тыповая зьява. Але адбываецца даволі часта. Вязьні рэжуць сабе вены на руках. Праўда, выключаю тут наркаманаў. Але ж вядома, што Мікалай Аўтуховіч наркаманам не зьяўляецца. І ён сьвядома выказаў свой пратэст супраць дзеяньняў адміністрацыі. Наколькі я разумею, палітвязьня наўмысна робяць парушальнікам рэжыму.

 – У той жа час Зьміцер Дашкевіч, які таксама адбываў пакараньне ў гарадзенскай турме, выказаў меркаваньне, што ў справе з Мікалаем Аўтуховічам нешта недагаворваецца.

 Алег Алкаеў: Я ведаю пра інцыдэнт з інтэрнэту. Мікалай Аўтуховіч ўскрыў сабе жывот трэцьцяга верасьня. Але пасьля гэтага яму сталі лячыць зубы, наагул рушыў працэс, які тычыцца яго лячэньня. Але ж што тут зробіш? Сёньня, на жаль, адміністрацыя жыве не паводле закону, але паводле ўказаньняў. Існуе тэлефоннае права і я не думаю, што ім асабліва патрэбен Аўтуховіч. Але паколькі зьверху існуе заказ на палітвязьня, жаданьне, каб ён цярпеў некалькі болей, чым іншыя, то яны і выконваюць яго тупа, старанна. Пішуць ліпавыя паперкі, што маўляў, не прачнуўся да пад’ёму. Але ж гэта такая драбяза. Ну і што? Ён хіба спазьянецца на працу? Прыдзірка пастаянны, якія не ўплываюць ні на рэжым, ні на што. Тым болей, што Мікалай хворы чалавек. І ў атрадзе павінны даць яму вызваленьне ад ўсякіх пад’ёмаў і іншых рэжымных працэдураў. Гэта прадпісана ў заканадаўстве, калі хворы чалавек, няхай ён адпачывае, лекуецца.

– Але ж Вы адзначалі, што менавіта ў адносінах да палітвязьняў заканадаўчыя нормы не дзейнічаюць? Сістэма накіравана на тое, каб зламаць чалавека?

Алег Алкаеў: Але хіба не відавочна, што Мікалая Аўтуховіча зламаць немагчыма? Гэта ж і дурню зразумела, што ён не адступіць ад сваіх поглядаў і прынцыпаў. Але відаць там кіраўніцтва яшчэ больш бязглуздае. Ну якім чынам можна зламаць пустой паперкай, што не ўстаў своечасова? Гэта проста раздражняе перадусім, але не ламае. Вось каб нешта сапраўды было нешта сур’ёзнае. Каб ламаць чалавека, трэба сапраўды гэтым займацца прафесійна. Але сёньня ў гэтых структурах няма адмыслоўцаў. Чамусьці яны злодзеяў ў законе, якія сапраўды ўплываюць на крымінальную палітыку, не вельмі ахвотныя ламаць. Іх камеры бокам абыходзяць. Ці там нейкіх крымінальных аўтарытэтаў. Ну не атрымліваецца ў іх гэта. А затое знайшлі для сябе ахвяраў: Аўтуховіча зламаць. А потым дакладваюць, што вязень знаходзіцца пад „пільным наглядам”. Але каму гэта патрэбна? Адміністрацыі, я лічу, гэта дакладна не патрэбна. Але ланцужок дзейнічае ад кантралёра да начальніка дэпартаменту, што маўляў, падчас нейкай нарады адрапартаваць, якім чынам ён ў „чорным целе” трымае палітвязьня. І што самае прыкрае – на крымінальную абстаноўку ім напляваць. Але ёсьць і бандыты і крымінальнікі ў законе. А раз яны існуюць, то значыць нейкі рух ідзе па калоніях, па турмах. А гэта вельмі небясьпечна. Але ж ў гэты час адказныя асобы займаюцца зусім нехарактэрнымі для сябе справамі. Барацьба з Аўтуховічам – гэта проста пустое, не павінны яны гэтым займацца. Ды і бескарысная гэта барацьба. Ён жа даказаў і прадэманстарваў, што не дзейнічае гэта на яго, толькі раздразьняе і злуе. Што яны хочуць ад яго? Зрэшты, я сам не разумею, чаго ў турме дабіваюцца ад Мікалая. Проста робяць нейкія абмежаваньні. Ня дай Бог, начальства там даведаецца, што Аўтуховіч атрымаў перасылку. Але гэта проста трусьлівасьць. Ці памяркоўнасьць, на ўсякі выпадак давай нешта зробім, каб потым можна было зрабіць справаздачу перад кіраўніцтвам.

– Адметна, што на новыя прадпісаньні, датычныя міліцыянтаў, якім цяпер забараняецца паліць ў форме, інтэрнаўты адрэагавалі наступным чынам: лепш бы праваахоўнікаў абавязалі выконваць закон, і прадухіляць парушэньні закону. Ці пагаджаецеся з такім меркаваньнем?

Алег Алкаеў: Ну, што да патрабаваньняў, то я лічу іх перадусім правільнымі. Але гэты момант даўным даўно прапісаны ва ўсіх статутах. Супрацоўнік міліцыі павінен паводзіць сябе адпаведным чынам. А што да выкананьня закону, то адзначу, што яго, каб выконваць, трэба перадусім ведаць. Вы паглядзіце, каго сёньня бяруць на службу ў міліцыю. Гэтыя асобы нават не ведаюць, якога колеру вокладка кнігі з законамі. Якім жа чынам з яго можна патрабаваць выканьня закону. Ён жа працуе і жыве, нібы ў войску выконвае загады. І пры гэтым чым міліцыянт бліжэй да народу, тым больш бязглузды, тым больш ён не ведае заканадаўства. Ды і ніхто іх не вучыць. Законы збольшага ведаюць толькі сьледчыя. Яны ў крымінальным вышуку павінны валодаць юрыдычнымі нормамі. Але ж яны працуюць ў кабінетах. А вось хто зь людзьмі працуе, той нічога не ведае. І няма імкненьня абучыць іх хаця б асновам, мінімуму. Яны ж нават свае правы не ведаюць. А што можна казаць ў такім выпадку пра абавязкі.

– Спадар Алег, Вы займаецеся тэмай зьніклых палітыкаў ў Беларусі. Як раз нядаўна грамадзянская супольнасьць адзначыла сумную гадавіну зьнікненьня Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара. Існуюць перасьцярогі, што за тэрмінам даўнасьці гэтыя справы, аб іх зьнікненьні, могуць быць спыненыя. Як гэта прадугледжана законам?

Алег Алкаеў: Так, пятнаццацігадовы тэрмін скончыцца фармальна. Але гэта чыста фармальна. Бо паводле працэдуры справа аднаўляецца пры ўстанаўленьні вінаватых асобаў. Так што справа можа вельмі хутка ўзнавіцца і распачацца. Таму грамадства можа быць спакойным. Там проста працэдура іншая. Калі адно пытаньне вырашае сьледства, то другое – суд. Ён і пастанаўляе паводле якога артыкулу справа распачнецца. Усё павінен вырашаць суд, нават і праз пяцьдзесят гадоў. А цяпер проста спыніцца сьледства. Гэта і прапісана ў сёньняшнім законе. Таму нічога ў справе не зачыніцца і не зьнікне. Ну адзінае, што зьмянілася – гэта тое, што спадар Сівакоў (рэд: падазраваны ў стварэньні „экскадрону сьмерці” і арганізацыі забойстваў палітычных ворагаў рэжыму Лукашэнкі) можа болей меней спакойна спаць. Яму ўжо споўнілася 65 гадоў, а ў такім ўзросьце сьмяротныя выракі не выконваюцца. Але ж затое іншым падазраваным ў гэтай справе яшчэ рана пляскаць ў далоні.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Пашкевіч
  • Валер Сядоў
  • Мечыслаў Яськевіч
  • Славамір Адамовіч