Праваабаронцы: Мікалая Аўтуховіча перавялі назад у камеру

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які ўскрыў сабе лязом жывот у турме № 1 (Гродна), адчувае сябе нармальна.

Пра гэта паведаміў БелаПАН праваабаронца Андрэй Бандарэнка, кіраўнік прыватнай культурна-асветніцкай установы Platform Innovation.

Па звестках крыніцы Platform Innovation, Аўтуховіч пераведзены назад у камеру, стан яго здароўя здавальняючы. Як паведаміў Бандарэнка, інцыдэнт выкліканы тым, што на Аўтуховіча пачаўся ціск: «Яго паспрабавалі дыскрэдытаваць, у сувязі з тым, што ён паводзіў сябе законапаслухмяна, склалі ліпавы рапарт пра тое, што пасля каманды «адбой» ён нібыта не знаходзіўся ў ложку».

Праваабаронца адзначыў, што Мікалай Аўтуховіч доўгі час знаходзіўся ў статусе злоснага парушальніка і заставаўся літаральна месяц да зняцця ўсіх парушэнняў: «І раптам на пустым месцы ўзнікае гэты рапарт». «Наколькі вядома на дадзены момант, гэта адкрытае беззаконне і падштурхнула яго да такой рэакцыі», – сказаў Бандарэнка. Нагадаем, гэта не першае падобнае здарэнне з Мікалаем Аўтуховічам: у снежні 2011 года палітвязень ускрыў сабе вены. Па словах Бандарэнкі, тады Аўтуховіч такім чынам пратэставаў супраць падману з боку адміністрацыі турмы.

«Была сакрэтная дамоўленасць аб тым, што калі Мікалай спыняе зносіны з журналістамі, то спыніцца ціск на яго і яго сяброў. Мікалай пагадзіўся, але ціск на яго знаёмых толькі ўзрос, а яго перавялі ў СІЗА», – адзначыў праваабаронца. Для таго каб даведацца пра стан Мікалая Аўтуховіча, Platform Innovation былі накіраваныя запыты ў адміністрацыю гродзенскай турмы і ў дэпартамент выканання пакаранняў МУС.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Баразенка
  • Андрэй Жукавец
  • Фёдар Мірзаянаў
  • Аляксандар Фядута
  • Дзяніс Дзянісаў