Палітвязень Лобаў у калёніі вучыцца на зваршчыка

Эдуард Лобаў паступіў у ПТВ пры Івацэвіцкай калёніі № 22, дзе адбывае пакараньне. Пра гэта сайту charter97.org паведаміла ягоная маці Марына Лобава.

«Эдуард патэлефанаваў і паведаміў, што паступіў у ПТВ. Цяпер ён вучыцца на электразваршчыка, а ў астатнім усё па-ранейшаму. Са здароўем усё ў парадку. Кожны дзень, акрамя выходных, у яго заняткі. Ён будзе вучыцца 10 месяцаў, як у звычайнай ПТВ. Пасьля гэтага атрымае дыплом, але там ня будзе пазначана, што ён атрыманы ў калёніі. Я лічу, што гэта добра, таму што час будзе выдаткаваны нездарма», – адзначыла маці палітычнага вязьня.

Нагадаем, маладафронтавец Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады калёніі па абвінавачаньні ў хуліганстве, ён адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калёніі. Яго і лідэра «Маладога фронту» Зьміцера Дашкевіча абвінавацілі ў тым, што яны нібыта зьбілі мінакоў у Менску. Гэта здарылася за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў. У судзе «пацярпелыя» давалі паказаньні, схаваўшы асобы ад публікі. Лобаў і Дашкевіч заявілі, што бойку справакавалі спэцслужбы.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вінцук Вячорка
  • Арцём Грыбкоў
  • Андрэй Рамашэўскі
  • Алесь Пушкін
  • Алесь Чарнышоў