Зьміцер Бандарэнка: «Мы павінны прайсьці свой шлях і дасягнем свабоды»

Сілавыя структуры ў краіне на акцыі грамадзянскай супольнасьці рэагуюць фактычна імгненна. Яшчэ да таго, як родныя і блізкія загінулага ў СІЗА на Валадарскага Ігара Пцічкіна падыходзілі да турмы, дзе хацелі правесьці хвіліну маўчаньня і запаліць сьвечкі, іх затрымалі. Суд безапеляцыйна прызнаў іх вінаватымі. Пры гэтым не ўлічваюцца аніякія юрыдычныя і маральныя нормы: затрымана сястра загінулага, якая знаходзіцца на дзевятым месяцы цяжарнасьці, акцыя не была праведзена. Што ж абываецца ў грамадскім жыцьці краіны? Для palitviazni.info каментуе Зьміцер Бандарэнка, каардынатар “Еўрапейскай Беларусі”, палітвязень

Зьміцер Бандарэнка: Любая грамадзянская актыўнасьць ў Беларусі падаўляецца і апошнім часам гэта стала хутчэй правілам, чым выключэньнем. Проста зараз магу назіраць і параўноўваць з тым, як адбываецца ў Польшчы, напрыклад, апошнія выступы прафзьвязаў. Тысячы і тысячы людзей выходзяць на вуліцу гораду. Мэр Варшавы агучыла, што цягам году ў сталіцы Польшчы праходзіць каля 700 акцый. І гэта нармальнае функцыянаваньне дэпакратыі. Так, вуліцы перакрытыя, вельмі шмат нязручнасьцяў для транспарту. Але нават нягледзячы на гэта каля 60% жыхароў кажуць, што падтрымліваюць патрабаваньні прафзьвязаў. Можна без праблем атрымаць тут дазвол на правядзеньне акцыі. І гэта дэмакратыя. А вось пры дыктатуры немагчыма атрымаць дазвол, а тым больш правесьці менавіта акцыю салідарнасьці.

 – Пры гэтым жорсткасць не толькі падчас падаўленьня ці спыненьня такіх акцыяў, але і жорсткі ціск ў турмах на вязьняў сумленьня. Чаму так аддана выконваюцца сумніўныя загады?

 Зьміцер Бандарэнка: Тут трэба ўсьведамляць, што ў Беларусі дыктатура такога лацтынаамэрыканскага кшталту. І сытуацыя можа разьвівацца па-рознаму. Дыктатура можа сканаць фактычна ў любы момант, а можа існаваць яшчэ доўгі час. Тым больш, што ў нашым выпадку існуе падтрымка іншай дыктатуры – Расеі, хай там і больш мяккая дыктатура, чым ў нас, але існуе. І вось за гэты досыць працяглы час – амаль 19 гадоў вырасла цэлая генерацыя людзей, прычым працяглы час вялася мэтавая сэлекцыя такіх асобаў, якія на службе цяпер ў міліцыі, КДБ, пеніцэнтыярнай сыстэме. Адбыўся такі адымсловы адбор і гэтыя людзі гатовыя выконвацб любыя загады. Таму чакаць ад іх нечага іншага – ну гэта тое ж, што спадзявацца на лепшае ў самых горшых людзях. Але гэта даволі філасофскае пытаньне, якое ставілі і наш Васіль Быкаў, і расейскія пісьменьнікі Талстой і Дастаеўскі – што ж зьяўляецце галоўным ў чалавеку і як праяўляецца закон Божы, праява Боская – гэта такога разраду пытаньні. Але чакаць нечага іншага пакуль не прыходзіцца

 – Тое, што ў краіне за кратамі вязьні сумленьня, якія па-сутнасьці для ўладаў з’яўляюцца жывым таварам падчас гандлю, ці спробаў гандлю з Захадам – не навіна. Але якім чынам можна расцаніць ўзяцьцё пад варту грамадзяніна іншай краіны – Баўгертнера – кіраўніка «Уралкалію» і ксяндза Каталіцкага Касьцёлу Уладзіслава Лазара? Спроба весьці больш шырокі гандаль, бо не атрымліваецца тое, што практыкавалася раней.

Зьміцер Бандарэнка: Тут і лічу, што дыктатар пераступае ўсе магчымыя межы. Бо калі ўлады даўзваляюць сабе арышт дырэктара «Уралкалію», прычым грамадзяніна Расеі, краіны-пабраціма, то могуць арыштаваць абсалютна любога грамадзяніна. Тое ж тычыцца і арышту ксяндза. Але тут жадаю канкрэтызаваць, калі арыштавалі Ірыну Халіп – жонку кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саньнікава, калі непасрэдна на палітыка ў турме распачалі псыхалягічны іфізычны ціск, і калі дзяржава дэманстравала, што ў любы момант можа забраць у дзіцячы дом іх сына Даньку – то мне падаецца, што мяжа была перойдзена ўладамі меавіта тады. І ў такіх ўмовах а ні Масква, а ні касьцёл нічкім чынам не адрэагавалі на падзеі. Мала таго, ў маім асабістым выпадку, мая жонка перад судом зьвярнулася да ксяндза, каб ён мне даў даведку, што я прыхажанін касьцёлу, то ксёндз адмовіўся, сказаў, што не жадае ўмешвацца ў палітыку. Я таксама ўзгадваю такую гісторыю, маўляў, калі прыйшлі за праваслаўным, то я, каталік, прамаўчаў, потым прыйшлі за камуністамі, а я таксама, не будучы ім, прамаўчаў. Але пазьней прыйшлі і за мной. Вось ў Беларусі зараз калі маўчаў касьцёл, калі каталікоў ў турмах катавалі, а рэакцыі не было, то цяпер прыйшоў час арышту і сьвятара. Расея ў свой час не рэагавала на катаваньні кандыдатаў на прэзідэнта ў «амерыканцы», то цяпер ў той жа турме грамадзянін Расеі, прадстаўнік бізнэсу. Гісторыя паўтараецца. Мабыць, калі грамадства не рэагуе своечасова, кепскае ізноў мае месца ў краіне.

– Чаму ж мы самі сабе ва ўрон, маючы навуку ў мінулым, некарыстаемся гэтай гісторыяй, не выносім ўрокаў?

 Зьміцер Бандарэнка: Я лічу, на сваім асабістым досьведзе, самае галоўнае – гэта чалавечая салідарнасьць на самых розных ўзроўнях. Як на інстытуцыянальных, так і на простых чалавечых. У зьняволеньні я атрымліваў тысячы лістоў, як і іншыя палітвязьні. Я ведаю, што простыя прыхажане маліліся за мяне, ўдзльнічалі ў акцыях салідарнасьці. Таксама праявы салідарнасьці я бачу і за мяжой, тут ў Польшчы ў дачыненьні да мае сям’і і калегаў. І гэта самае галоўнае. Гэта нашае жыцьцё, наша сувязь з Богам. Я быў вельмі ўсьцешаны, калі пабачыў, як царква – пратэстанцкая царква чакала са зьняволеньня Зьмітра Дашкевіча. Як сустракала яго з турмы і гэта прыклад для каталіцкага касьцёлу і праваслаўнай царквы як чакалі свайго верніка. Я бачыў, як вяньчаліся маладыя – Наста і Зьміцер ў гэтай царкве. Гэта сапраўдны цуд і гэта дае надзею. Гэта быў шлюб па-беларуску і па-хрысціянску. І няхай нейкая шэрасьць дамінуе ў Беларусі, магчыма недзе і ў сьвеце, але Божыя праявы яны мацней за ўсё. Зрэшты, мы, беларусы, таксама не выключэньне і павінны прайсьці свой шлях і дасягнем, я перакананы ў гэтым, свабоды. Наша краіна таксама будзе вольнай.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Лобан
  • Яўген Сувораў
  • Яна Палякова
  • Вячаслаў Сіўчык
  • Алег Федаркевіч