Ідэолагі палічылі кнігу Бяляцкага «небяспечнай для іміджу Беларусі»

Гродзенскія ідэолагі ацанілі кнігу палітвязня «Асьвечаныя Беларушчынай».

Кніга Алеся Бяляцкага «можа нанесці шкоду іміджу Рэспублікі Беларусь». Да такой высновы прыйшла экспертная камісія, на разгляд якой Ашмянская мытня накіравала зборнік літаратуразнаўчых эсэ і нарысаў «Асьвечаныя Беларушчынай», які выйшаў у свет за час зняволення аўтара. 40 экземпляраў выдання былі канфіскаваныя ў праваабаронцы Таццяны Рэвякана беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску «Каменны Лог» 3 ліпеня бягучага года, піша ПЦ «Вясна».

Заключэнне экспертнай камісіі ад 3 верасня 2013 года Таццяна Рэвяка атрымала па пошце 5 верасня. Гэтаму папярэднічалі два месяцы ліставання праваабаронцы з мытнымі органамі.

Апавяшчэнне аб прызначэнні мытнай экспертызы начальнік Ашмянскай мытні Іван Нівяркевіч накіраваў Таццяне Рэвяка 5 ліпеня, паведаміўшы, што правядзенне экспертызы даручана начальніку галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.

15 ліпеня праваабаронца накіравала начальніку мытні хадайніцтва з просьбай даслаць ёй копію пастановы аб прызначэнні экспертызы, а таксама звесткі аб кваліфікацыі эксперта – адукацыя, спецыяльнасць, навуковая ступень, стаж работы па спецыяльнасці і вопыт экспертных даследаванняў. Пры гэтым яна кіравалася артыкулам 138 Мытнага кодэкса Мытнага саюза, у адпаведнасці з якім «мытная экспертыза прызначаецца мытнымі органамі і праводзіцца мытнымі экспертамі, а таксама экспертамі iншых упаўнаважаных арганізацый» і ў якасці эксперта можа быць прызначаная асоба, якая «валодае неабходнымі адмысловымі ведамі для дачы заключэння эксперта».

У адказ на гэтае хадайніцтва в.а. начальніка мытні Сяргей Самушчаў паведаміў (яго адказ датаваны 22.07.2013), што Ашмянскай мытні не вядома, хто будзе праводзіць экспертызу, але ў дасланым ім рашэнні аб прызначэнні экспертызы (ад 05.07.2013) гэта асоба паказвалася – начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Скарабко П.К.

У сувязі з такім супярэчлівым адказам Таццяна Рэвяка накіравала начальніку мытні чарговае хадайніцтва, у якім настойвала на ранейшым патрабаванні – паведаміць звесткі аб кваліфікацыі Скарабко П.К. На гэта прыйшоў чарговы недарэчны адказ (ад 07.08.2013) Івана Нівяркевіча, які нібыта не разумеў, пра што яго пытаюць:«Ашмянская мытня прыняла рашэнне скарыстацца ведамі экспертаў у асобе супрацоўнікаў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. У выпадку немагчымасці правядзення экспертызы рашэнне будзе вернута ў Ашмянскую мытню. Ашмянская мытня не валодае звесткамі, хто будзе праводзіць экспертызу…» 

Атрымаўшы такі адказ, Таццяна Рэвяка 14 жніўня накіравала зварот у Дзяржаўны мытны камітэт, выказаўшы занепакоенасць тым, што праз 33 дні пасля прызначэння экспертызы (з 5 ліпеня па 7 жніўня) начальніку мытні ўсё яшчэ не вядомая асоба эксперта. У той час як тэрмін правядзення экспертызы не можа перавышаць 20 рабочых дзён з дня прыняцця экспертам матэрыялаў да вытворчасці (па ч.2 арт.139 Мытнага кодэкса), а матэрыялы, якія паступілі на мытную экспертызу, перадаюцца выканаўцу на працягу працоўнага дня (паводле Парадку правядзення мытнай экспертызы пры правядзенні мытнага кантролю ад 20.05.2010 №258). «Пра вынікі мытнай экспертызы мне не паведамілі да гэтага часу, і ў мяне ствараецца ўражанне, што альбо тэрміны альбо парадак правядзення экспертызы парушаныя», – напісала Рэвяка. Праваабаронца прасіла правесці праверку і прызнаць дзеянні мытнага органа і яго службовых асоб неправамернымі і вызначыць меры для ліквідацыі дапушчаных парушэнняў.

У адказе з Дзяржаўнага мытнага камітэта, датаваным 9 верасня, паведамляецца: «У адпаведнасці з даведкай экспертнай камісіі экспертыза пачатая 24 ліпеня 2013 года і завершаная 30 ліпеня 2013 года. Тым самым тэрміны і парадак правядзення мытнай экспертызы парушаныя не былі. Заключэнне экспертнай камісіі было накіравана ў Ашмянскую мытню 14 жніўня 2013 года Мытным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжанае апавяшчэнне мытным органам дэкларанта, які валодае паўнамоцтвамі ў дачыненні да тавараў, аб выніках мытнай экспертызы». І далей: «Факты, выкладзеныя ў Вашай скарзе аб незаконнасці дзеянняў службовых асоб Ашмянскай мытні, не знайшлі пацверджання».

А перад гэтым праваабаронца атрымала апавяшчэнне (ад 20 жніўня) з Ашмянскай мытні, якая прапануе «ажыццявіць вяртанне тавару (40 экземпляраў кнігі «Асьвечаныя Беларушчынай», выдадзенай у Вільні) на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі». Разам з тым прапануецца «альтэрнатыва» – «аплаціць мытную пошліну». У дакуменце паказана, што такое рашэнне мытнікамі было прынята з улікам частаты перасячэння Таццянай Рэвяка мяжы, а таксама «характару і колькасці перамяшчаных тавараў».

Не пагадзіўшыся з вызначэннем «тавар» (што мае на ўвазе пад сабой камерцыйную аснову) у дачыненні да кнігі Алеся Бяляцкага, Таццяна Рэвяка накіравала ў Ашмянскую мытню яшчэ адно хадайніцтва, у якім прывяла аргументы на карысць таго, што гэта выданне не прызначанае для выкарыстання ў прадпрымальніцкіх мэтах. «Сорак экземпляраў гэтай кнігі… неабходныя для мяне, маёй сям’і, маіх сяброў, для бясплатнай перадачы ў бібліятэкі. Дадзеная кніга наогул не прызначаная для продажу, паколькі выдадзеная на добраахвотныя ахвяраванні. Аўтарам кнігі «Асьвечаныя Беларушчынай» з’яўляецца А.В. Бяляцкі, мой даўні знаёмы, пад кіраўніцтвам якога я працавала, з якім у цяперашні час працую ў адной арганізацыі. На карысць маіх довадаў сведчыць наклад, мастацка-публіцыстычны стыль выдання, а таксама адсутнасць у мяне рэгістрацыі ў якасці суб’екта прадпрымальніцкай дзейнасці…»

З нагоды аргументу мытнікаў пра частату перасячэння ёю мяжы Таццяна Рэвяка патлумачыла: «Я з’яўляюся прэзідэнтам літоўскай некамерцыйнай арганізацыі і здзяйсняю адносна рэгулярныя паездкі з мэтай выканання сваіх службовых абавязкаў. Тавар, які мог бы прадстаўляць хоць нейкую цікавасць для камерцыйнага выкарыстання, падчас гэтых паездак я не пераважу».

У сувязі з адзначаным праваабаронца прасіла начальніка мытні Івана Нівяркевіча перагледзець меркаванне мытні адносна гэтых сарака экземпляраў кнігі «Асьвечаныя Беларушчынай» і вярнуць іх ёй для выкарыстання па прызначэнні. Паколькі ў адказ на гэтую просьбу ніякіх крокаў з боку начальніка Ашмянскай мытні не было, Таццяна Рэвяка ў сувязі з гэтым накіравала скаргу ў Дзяржаўны мытны камітэт.

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксей Янушэўскі
  • Аляксандар Арастовіч
  • Тацяна Цішкевіч
  • Зьміцер Завадскі
  • Антон Койпіш