Зміцер Дашкевіч: Калі б не вера, то ўскрыў бы сабе вены

«Пайшлі на сонца пасядзім, там паразмаўляем, хачу пагрэцца», — прапануе мне Дашкевіч. Гэта другі дзень пасля вызвалення Змітра з гродзенскай турмы, у якой ўбачыць сонца — вялікая рэдкасць і ўдача.

Сонейка

На прагулку мяне выводзілі ў 8:15 раніцы, сонца яшчэ не паспявала падымацца. Толькі летам стаяў пад сонцам.

Мы не рабакопы

Ёсць такая прымаўка турэмная, яе можна выкарыстоўваць шмат дзе: «Хто быў на зоне, той у цырку не смяецца». Калі пачуццё гумару ёсць, то яно не страціцца. Не ўпадаць жа ў роспач.

Бываюць, канечне, цяжкія часіны. Ніхто ж не кажа, што мы жалезныя людзі, рабакопы і тэрмінатары. Канечне, бывае цяжка. І молішся са слязьмі на вачах. Я не лічу, што гэтага павінен саромецца.

Мазырская «мойка»

Выклікае мяне ў Мазыры намеснік калоніі, знайшлі «мойку». Гэта такое лязо, якім зэкі ўскрываюць сабе вены. Кажа, пішы тлумачэнне. Адказваю, што не буду, бо «мойка» не мая. Пераходжу на «ты»: «Паслухай, я ж табе сказаў, што нічога пісаць не буду».

Ён афігеў. Звыкся, што перад ім усе нізкапаклоннічаюць. Ён кіруе лёсамі людскімі, калі табе далі 10 гадоў, а ты можаш адседзець толькі 5, а астатнія 5 быць дома.

За гэта гатовыя поўзаць на карачках. Ён палез за нейкімі кодэксамі: непавага, ты мне павінен. Адказваю: «Дык ты да мяне на «ты» звяртаешся — я думаю, што мы сябры: сустракаліся, гарбату папівалі». Пасцябаўся. Пена з роту ў яго. Перайшоў на «вы».

Вывальвалі кішкі

Бывалі такія моманты, што калі б не вера, то ўскрыў бы сабе вены. Цудоўна разумею тых зэкаў, што рэзалі вены, вывальвалі кішкі. Яны не сканчаюць жыццё самагубствам.

Адна справа, калі палітычны сядзіць, на адміністрацыю калоніі нехта за яго націснуць можа, а як звычайны зэк націсне? Вываліць кішкі. Адзіны сродак. Тады адміністрацыя пачынае разумець, што лепш яго ўжо больш не кранаць.

Горкі

Я не сказаў, што я азлоблены. Былі беснаватыя людзі ў Горках. Я разумею, што ім не дарую і буду любымі сродкамі вырашаць.

Не таму, што азлоблены, а таму, што ведаю, якія рэчы яны твораць. Прыходзяць блатныя, і яны ўсё могуць. Не толькі паламаць, але і «петушыць». Гэта для зэка самае страшнае.

Чалавек увесь сіні, але будзе казаць прадстаўніку Дэпартамента: «Я паваліўся». Я пісаў і буду пісаць пра Горкі. Няхай пры гэтым рэжыме не будзе выніку, але пры змене ўлады яны адкажуць за свае злачынствы.
Не забуду футаралы ад зубной пасты

Я нясу адказнасць за людзей, якія там засталіся. Я ніколі не забуду тыя Горкі і футалары ад зубных шчотак, якімі нас прымушалі прымаць ежу.

Гэта катаванні, калі футараламі людзі ядуць і мяшаюць каву. Але будуць есці лыжкамі, я гэтага дамагуся. Некалі Шчукін дабіўся.

Блатныя

Блатныя парадкі ёсць паўсюль. Але розныя блатныя. У нейкай ступені гэта нармальная сітуацыя, калі людзі, што сядзяць у адным месцы па 10—20 гадоў, дамаўляюцца між сабой, вызначаюць правілы гульні.

Людзі ў Горках баяцца пісаць нават па сваёй крымінальнай справе, не тое, што на адміністрацыю. Так іх зашугалі. Блатныя самі вырашаюць каму адбіць мазгі, каго ў ізалятар.

Горацкае начальства спрабавала выглядаць больш-менш «пухнатым», бо чорныя справы яны твораць рукамі блатных.

Гаў-гаў

У Мазыры «чарнуху» браў на сябе начальнік калоніі. Кажа, «ты — алкаш двойчы кадзіраваны». Збіраецца дзесяць чалавек лю-дзей з вышэйшай адукацый і ўсе: «гаў-гаў-гаў-гаў». Ржуць.

Потым сустракаеш па адным і кажуць: «Мы ж разумеем, што хутка ўсё скончыцца». Выслужваюцца адзін перад адным.

Ніколі не любіў Карнэгі, але ён выдатна апісаў «жывёльны свет» такіх лю-дзей з вырванымі мазгамі.

Білі нагамі, але звярталіся на «вы»

Начальнік глыбоцкай калоніі заўсёды звяртаўся на «вы». Астатнія супрацоўнікі таксама. Яны, канечне, піналі мяне нагамі, але звярталіся на «вы». Гэта, канечне, наша ненармальная псіхалогія.

Прыходзяць да мяне і кажуць: «Зміцер, вы ж не будзеце карміць нашых дзяцей». Некаторым ад сябе за шчасце паздзекавацца, а некаторым сорамна, яны потым прыхо-дзяць і просяць прабачэння.

Няшчасныя людзі. Бог ім суддзя. Зла на іх я не трымаю.

Падонак ці нармальны

На волі да любога чалавека ты маеш крэдыт даверу: пакуль ён сваімі ўчынкамі не даказаў, што падлец і мразь, ён не вычэрпавае гэты крэдыт. Зона вучыць усяму наадварот.

Кожнага сустрэчнага там ты павінен лічыць падонкам. Толькі сваімі ўчынкамі ён павінен даказаць адваротнае. Мне з гэтым было вельмі цяжка. Калі апякаешся на малацэ, то на ваду дзьмеш. Сустракаеш аднаго-двух, яны з табой нармальна, але падсвядома сядзіць думка: «Можа, перад табой мразь?»

З такой псіхалогіяй нельга жыць. На радасць, абсалютная большасць людзей нармальныя.

Усе ведаюць, хто такі Лукашэнка

У 2006-м я не сустрэў у турме ніводнага чалавека, якога давялося пераконваць, хто такі Лукашэнка, апроч начальніка шклоўскай санчасткі. На этапе ў мазырскую турму цяпер сустрэў аднаго зэка, які за Лукашэнку. Пасля ён жа смяяўся: «Я цябе надурыў. Лукашэнку раскусіў яшчэ ў 1994-м».

Хочаце верце, хочаце — не верце. Ніхто. Я перакананы, што не засталося нікога ў краіне, хто яшчэ не ведае, хто такі Лукашэнка. Не трэба ісці ў масы, людзі і так усё разумеюць. 15% неасталіністаў будуць падтрымліваць яго заўсёды, нават калі б Лукашэнка людажэрам стаў. І апазіцыю еў у жывым эфіры.

«Я — вор» і Салжаніцын

Вольны час, канечне, быў. За дзень рабіў дзве зарадкі, два абліванні халоднай вадой па 30-60 хвілін. Былі такія эксперыменты, як малітва па 20 гадзін у суткі. Спіш і яшчэ молішся.

У мазырскай калоніі ў ізалятары дазвалялі Біблію. Я 15 сутак галадаў і чытаў Біблію. Турэмныя бібліятэкі слабаватыя.

Гарадскія бібліятэкі спіхваюць тое, што ім не трэба. Было шмат выданняў кшталту: «Я — вор». Кажуць, пачытай. Ды ну, атупець можна. Людзі могуць і Салжаніцына і Дастаеўскага, і Чэхава знайсці.

Разгон рыхтавалі

Наш арышт з Лобавым перад выбарамі і разгром «Вясны» сведчаць, што рэжым рыхтаваўся да разгрому Плошчы загадзя. Каб не так, то ўзялі б мяне за мацяршчыну. Далі б мне 15 сутак, сам бы сабе потым локці грыз, што ўсё прапусціў.

Па гуках

Я па гуках у ізалятары даведваўся, што Плошчу разагналі. І мова беларуская чулася, і словы кшталту: «Сцяг аддай». Тады ўсё стала зразумела.

Дзякуй маме Эдуарда Лобава

Я разумеў па перадачах, хто застаўся на волі. Бачу, што Наста Палажанка не нясе. Таццяна Шапуцька — нясе, значыць, на волі, ад Касі Галіцкай — на волі, ад мамы Эдуарда Лобава — на волі. Ад мамы Эдуарда — я вельмі здзівіўся, дай ёй Бог здароўя, такая жанчына выдатная. Я думаў, што яна нешта са мной зробіць за Эдуарда, а яна перадачы мне носіць.

Тата трымаецца

Пра смерць мамы даведаўся ў Жодзінскім СІЗА ад адвакаткі. Сказалі пісаць заяву, рукі калоцяцца. Унёс я, канечне, у гэтую заўчасную смерць сваю долю. Па вызваленні адразу хацеў прыехаць да матулі. Схадзілі на магілку з татам. Тата трымаецца, дзякуй Богу.

Ходзіш галодны

Ежа ў турме не тое, што паганая. Вось далі кашу. Яна добрая каша. Але мне, шкілету, мала, а нармальнаму па камплекцыі чалавеку… 200 грамаў кашы. Канечне, галодны будзеш.

Прашэнні

Кажа супрацоўнік глыбоцкай турмы: «Пішы прашэнне, навошта табе гэта?» Гэта не ціск нават. Ён проста са свайго пункту гледжання разважаў. Нашто табе сядзець, ідзі адсюль, калі такая магчымасць ёсць.

Саннікава катавалі як нікога

Я ведаю, што Саннікава душылі ў турме, як нікога іншага. Ведаю ад яго самога, сам аналізаваў. Чалавек напісаў прашэнне, а яго яшчэ паўгода катавалі. Асабістая нянавісць.

Лукашэнка прачытаў — Саннікаў у турме прэзідэнт. Ніфіга сабе! Зараз мы ім зробім прэзідэнта. Яны браліся за яго па поўнай.

Пасля шлюбу адказнасці болей

Чаму вырашылі ажаніцца з Настай? Здаецца, гэта ж нічога не мяняе для нас. Нейкі штамп. Нішто. Тым больш кратамі раз’яднаныя. Звычайна зэкам пасля вяселля даюць 10—15 хвілінаў пасядзець адным у пакойчыку: абняцца, пацалавацца.

Мне такой магчымасці не далі. З моманту шлюбу я пачаў адчуваць іншую адказнасць. Калі раней, то я проста не пайшоў бы адзначацца ў міліцыі, бо мне начхаць, цяпер жа я так рабіць не магу.

Нічога не мяняецца

У Мінску нічога не мяняецца. Набудаваць, канечне, могуць рознай фігні. Але сутнасць не мяняецца.

Ахвяры

Чаму людзі выходзяць раз на 5 гадоў? Бо раз на 5 гадоў даецца мінімальны шанец прынесці ахвяру, але атрымаць вынік.

Чалавек займаецца сям’ёй, гадуе дзяцей па-беларуску, зарабляе грошы. Але раз на 5 гадоў ён ідзе на Плошчу прынесці ахвяру.

Зміцер Дашкевіч — кіраўнік Маладога фронту. Быў затрыманы 18 снежня 2010, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, нібыта за бойку і асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі за хуліганства. У 2012 быў асуджаны да яшчэ аднаго года зняволення, нібы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Выйшаў на волю 28 жніўня 2013.

Запісаў Зміцер Панкавец

nn.by

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

24.12.2020 Зміцер Дашкевіч: Я натхніўся, што трэба і далей асвятляць палітвязняў лістамі з волі

28.09.2020 Зміцер Дашкевіч: На мяне паабяцалі скласці восем пратаколаў

22.07.2020 Зміцер Дашкевіч: Калі раней кандыдатаў у прэзідэнты саджалі ў турму ў дзень выбараў, то зараз за два месяцы да гэтага

12.11.2019 Зміцер Дашкевіч: Людзі павінны ўмець карыстацца зброяй

24.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Правакатару, які распыліў пярцовы газ абаронцу Курапат, далі толькі штраф…

15.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Рэклама гэтаму мерапрыемству не патрэбна

23.07.2019 Зміцер Дашкевіч: Гэта быў адзіны выразна палітычны артыкул у Крымінальным кодэксе

11.06.2019 Зміцер Дашкевіч: Ад змены складнікаў у рэпрэсіўным беларускім апараце нічога не зменіцца

27.03.2019 Зміцер Дашкевіч: У ізалятары сядзеў, як у прыбіральні…

26.03.2019 Мікола Статкевіч: Арышты выбітных музыкаў – красамоўныя сведчанні пра канец нават уяўнай “лібералізацыі”

Іншыя палітычныя вязьні

  • Арцём Грыбкоў
  • Антон Койпіш
  • Уладзімер Плешчанка
  • Алег Федаркевіч
  • Алег Сурган