Зьміцер Дашкевіч: Я не нагнятаю абстаноўку. І мяне не правакуюць

Зьміцер Дашкевіч, лідар „Маладога фронту” з 28 жніўня на волі. Палітвязень агучыў, што мае намер пакінуць „Малады Фронт”. Але ці будзе далей займацца палітычнай ці грамадскай дзейнасьцю? З такім пытаньнем palitviazni.info зьвярнулася да самога Зьмітра

Зьміцер Дашкевіч: Так, канечне, я буду займацца грамадска-палітычнай дзейнасьцю. Што да формы, то пакуль не магу канкрэтна сказаць пра гэта.

– Яшчэ падчас знаходжаньня ў турме ў дачыненьні да вас ўвялі прэвентыўны нагляд. Наколькі гэтыя абмежавальныя меры перашкаджаюць?

Зьміцер Дашкевіч: Форма наступная – мне забаронена выязджаць за Менскую кальцавую, мушу кожны дзень з васьмі вечара да шасьці ранку насутпнага дня знаходзіцца дома. Але ў прынцыпе пакуль што не правакуюць мяне. Я цяпер зарэгістраваны ў Заводскім РУСе Менску. Праўда, мне казалі, што міліцыянты могуць і па тры разы за ноч прыходзіць і правяраць. Але я ім сказаў, што калі трэці раз цягам ночы да мяне прыйдуць і будуць будзіць, то я проста ўстану і спушчу зь лесьвіцы іх і пайду зьбіраць торбу ў Баранавіцкі арыштны дом. Але пакуль што болей-меней спакойна. Я не нагнятаю абстаноўку. І мяне не правакуюць.

– Зьміцер, што да зьменаў ў грамадска-палітычным жыцьці ў краіне? Ці бачыце, што нешта моцна зьмянілася?

Зьміцер Дашкевіч: З аднаго боку відавочна, што рэжым беларускі абсалютна ўжо губляе кантроль над рэальнасьцю. Калі раней яшчэ Лукашэнка можна сказаць, што нават да году 2010 імкнуўся абапаріцца на электарат. То цяпер, пасьля ўсіх гэтых эканамічных абвалаў, стаў абапіраца не на грамадскае меркаваньне, а на эканамічную мафію, што яго атачае, прарэжымных алігарха і на сілавыя структуры. Яго ўжо не цікавіць, што думаюць людзі і таму тут можна любую ініцыятыву выказваць. Рабіць любыя ўчынкі кшталту масавая канфіскацыя сьвіней, па сто даляраў зьбіраць за выезад з краіны, што заўгодна. Бо грамадскае меркаваньне яго зусім не цікавіць. Ну а калі казаць пра стаўленьне людзей, пра іх жаданьне пераменаў, то напэўна, нельга сказаць, што яно неяк так радыкальна зьмянілася. Узровенб апатыі такі ж самы, хоць можа я і памыляюся.

– Верагодна, што з 2010 году зьменай стала агучваньне інфармацыі пра тое, што ў турмах, СІЗА ў дачыненьні да затрыманых ўжываюцца катаваньні. Прычым не толькі ў адносінах да палітычных вязьняў, але таксама і да астаніх вязьняў. Як часта Вам прыходзілася сутыкацца з такой зьявай?

Зьміцер Дашкевіч: Я сустракаўся з такімі выпадкамі і лічу, што тут нічога новага, калі там зьбіваюць людзей, то гэта было і пяць і дзесяць гадоў таму назад. Калі людзі сядзяць ў турме і харчуюцца ролтанам, а ядуць яго футлярамі ад зубных шчотак. Я лічу, што гэта катаваньні, гэта зьдзек над асобаю, хаця Дэпартамент выкананьня пакараньняў піша адпіскі, што ўсё гэта нармальна, і ўсё гэта ў межах закону. Проста само па сабе стаўленьне да людзей ў месцах пазбаўленьня волі яно цікавіць толькі тых, хто знаходзіцца ў гэтых месцах, або іх родных. А астатнія збольшага абыякавыя да гэтага.

– Але ці гэта прыймальная сытуацыя? З аднаго боку зразумела, што не выклікае спачуваньня карумпаваны чыноўнік. А зь іншага кінуты за краты чалавек толькі за тое, што мае іншыя погляды ад кіраўніцтва краіны.

Зьміцер Дашкевіч: Я лічу, што гэта вельмі шырокая тэма. Але скажам так: хто за каго сядзіць? Я сядзеў за сябе, за свае погляды. За мною йшло дзясяткі, ну няхай там сотні чалавек. Гэта ж тыя людзі, якія падтрымлівалі мяне на волі, яны ж падтрымлівалі мяне і ў зьняволеньні. І я не прыхільнік гэтай нейкай гістэрыі, каторую бывае праяўляюць некаторыя асобы: вось ён за іх сядзіць, а народ здрадзіў яму. Гэта на ўзроўні нейкай шызафрэніі. Я, маўляў, для народу нешта зрабіў, а вось народ мне здрадзіў. Калі грамадства за табою не ідзе, скажам так, не ідзе масава, то значыць, што ты не рэалізуеш інтарэсы гэтага грамадства. Трэба глядзець рэальнасьці ў вочы.

– Але ж праява салідарнасьці, тым болей, калі яна не адзінкавая, а масавая, мае ўплыў. Напрыклад, падчас вашага зьняволеньня, калі стала вядома пра катаваньні і зьдзек, масавы зварот да адміністрацыі турмаў меў моцнае ўздзеяньне на адміністрацыю турмы.

Зьміцер Дашкевіч: Канечне баяцца. У некаторых адказных асобаў ёсьць такое ўяўленьне, што, дарэчы, пацьверджана, што яны могуць раіць што заўгодна. Напрыклад, у мазырскай калоніі, якая найбольш неадэкватная зона ў Беларусі. Калі я трапіў туды, мне сказалі, маўляў, ды хто ты такі? Кавалак г… Агулам аніякая папера не вытрымае гэтых словаў, што ліліся ў мой адрас. Пагражалі, што закатаюць мяне ў бэтон, што нікому я не патрэбен. Але потым, калі пабачылі хвалю падтрымкі, тэлеграмы ад амбасадараў, дыпляматаў, міжнародных структураў і звыйчайных неабыякавых людзей, канеяне яны і самі ўжо былі не рады, што са мною зьвязаліся. Таму для людзей, якія знаходзяцца з месцах зьняволеньня, гэтая падтрымка вельмі важная і пераацэніць яе немагчыма.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Абозаў
  • Зьміцер Новік
  • Cяргей Антончык