Уладзь Яроменак: змагаюся за тое, каб людзі не ўцякалі з маёй краіны

З актывістам “Маладога Фронту” Уладзімерам Яроменкам мы пасьпелі пагутарыць паміж ягонымі судамі, абскарджваннем прысуда, вызваленнем Зьміцера Дашкевіча. Над галавой маладафронтаўца дамоклавым мячом вісела будучае адбыванне трохмесячнага арышту, на які ён быў асуджаны па крымінальнай справе некалькі дзён таму. А неўзабаве пасьля нашай гутаркі Уладзімера яшчэ і аштрафавалі на 1 мільён рублёў…

Што найбольш уражвае, дык гэта абсалютны спакой, з якім трымаецца гэты малады чалавек. Так глядзяць і размаўляюць людзі, абсалютна ўпэўненыя ў тым, у што яны вераць і што абіраюць!

— Уладзь, даведаўшыся пра ваш новы суд 28 жніўня, нельга пазбавіцца думкі, што гэта дзень вызвалення лідэра МФ Зьміцера Дашкевіча… Ці гэта супадзенне выпадковае?

— Я не думаю, што гэта выпадкова. Мяркую, што суд мне адмыслова прызначылі на дзень, калі выходзіць Зьміцер, каб я ўжо дакладна не ехаў яго сустракаць. І так рызыкоўна, знаходзячыся пад падпіскай аб нявыезьдзе, ехаць у іншы горад, улічваючы, што там СМІ будуць, і ў любым выпадку мая прысутнасьць будзе навідавоку. Але тут, відаць, вырашылі канчаткова паставіць кропку ў тым, што 28-га я мушу знаходзіцца ў Менску.

— Вы мусіце знаходзіцца ў Менску, мусіце ісьці на суд, суд можа цягнуцца цэлы дзень…

— Суд можа цягнуцца цэлы дзень — ці ён можа ісьці пяць хвілін… Але тут розьніцы вялікай няма, таму што нярэдкія выпадкі (і нават у большасьці выпадкаў у такіх палітызаваных справах), калі суддзя нават нічога і не вырашае. Калі ёсць пэўная разнарадка, колькі даць трэба таму, таму і таму. Вось чаму 28 жніўня ў любым выпадку я знаходжуся тут.

— Уладзь, нешта вас часта судзяць — няўжо вы гэткі рэцыдывіст-парушальнік? Калі вас не ведаць, не ведаць сітуацыю ў краіне, можна падумаць нядобрае!

— Я сам здзіўляюся, чаму менавіта я! За апошні год, параўноўваючы з 2012-м годам, хваля ціску на “Малады Фронт” трохі зьменшылася. Але я застаюся самай неабароненай цэллю: мне ў любы дзень можна напісаць два парушэнні, і гэта будзе нагода для чарговага адміністратыўнага арышту ці завядзення крымінальнай справы.

— Вы мусіце прысутнічаць у Менску, самі родам з Мёраў, у вас там сваякі. Як гэта ўплывае на стаўленне да вас і статус парушэнняў?

— Я знаходжуся на ўліку тут, у Менску, у Першамайскім раёне. Я не маю права выязджаць за тэрыторыю горада Менску без дазвола інсьпекцыі. Інсьпекцыя, натуральна, дазволу мне не дае…

— А чаму “натуральна”?! Тлумачаць жа неяк?

— “Натуральна” — таму што мне начальнік крымінальна-выканаўчай інсьпекцыі яшчэ ў 2012-м годзе, калі толькі я стаў на ўлік у Першамайскім РАУСе, сказаў: “Мы цябе не будзем выпускаць. У цябе ёсьць выбар: ці ты з-за нагляду пераязджаеш на пастаяннае месца жыхарства у Мёры, ці ты застаешся тут, але не выязджаеш за Менск”. Я выбраў Менск, таму што тут мае сябры, тут прасцей зарабіць грошы на жыццё. Мёры — невялічкі правінцыйны гарадок, і зразумела, што знайсьці там працу значна складаней, чым у Менску.

— Але ж вы ўдзельнічаеце ў акцыях салідарнасьці, акцыях “Маладога Фронту”. І патраплялі пад адміністратыўныя арышты. Можа быць, гэта таксама прычына для ўладаў перашкаджаць вам жыць?

— За 2013 год, са студзеня па жнівень, у мяне былі ўжо адміністратыўныя арышты, але ўсе яны зьвязаны менавіта з парушэннем нагляду. Суд пастанавіў, што я парушаў нагляд і таму мушу патрапіць пад адміністратыўны арышт. Больш адміністратыўных арыштаў не было, як ні дзіўна. У параўнанні з 2012-м годам, калі ўсю вясну амаль што мы з сябрамі прасядзелі, таму што пасьля нейкай акцыі мы трапляем пад адміністратыўны арышт, выходзім — літаральна праз некалькі дзён зноў трапляем на тыя ж “суткі”. Гэта было ўжо неяк… звыкла. Мы ўжо прызвычаіліся. Мы ўжо разьлічвалі: так, калі мы сёння зробім тое, то цягам некалькіх дзён мы можам ужо разьлічваць на новыя 15 сутак. У новым годзе з’явілася яшчэ ў праваахоўных ворганаў такая тактыка, як затрыманне постфактум. Нейкая акцыя магла быць праведзена, нехта мог у ёй не ўдзельнічаць, але постфактум пэўныя пяць чалвек з “Маладога Фронту” у любым выпадку — праз тыдзень, ці праз дзень, ці ў той жа дзень – затрымліваліся. На іх складалі пратаколы. Зазвычай то была “нецэнзурная лаянка”. То бок, як звычайна: не могуць даказаць, што чалавек у горадзе праводзіў акцыю — але ён мог у горадзе лаяцца матам… Вось такія мы “злосныя мацяршчыннікі” былі.
Канечне, гэтыя адміністратыўныя арышты ні здароўя не дадаюць, ні іншай карысьці. Ты губляеш проста час. Два тыдні ты мог нешта рабіць карыснае, а ты два тыдні проста знаходзішся ў ізаляцыі — зразумела, што гэта перашкаджае жыць. Улічваючы, што трэба зарабляць грошы на тое, каб здымаць кватэру, зарабляць грошы, каб нешта есці, нешта піць, набываць нейкую вопратку — самае элементарнае… І калі ты месяц ці паўмесяца знаходзішся за кратамі, зразумела, што табе трэба наганяць паскоранымі тэмпамі гэтую працу, таму што з грашамі часта бывала вельмі складаная сітуацыя.

— А што кажа ваша сям’я?

— Бацькі ўжо прызвычаіліся, яны ўжо разумеюць усю сітуацыю, кажуць: “Глядзі толькі, асьцярожна, каб здароўе тваё не падарвалі”. А жонка — жонка мяне падтрымлівае! Так здарылася, што ў нас з жонкай погляды супадаюць. І гэта самае галоўнае. Яна разумее і кажа: “Адправішся на “суткі” — буду чакаць”. У сакавіку-красавіку, калі я знаходзіўся на адміністратыўным арышце, яна езьдзіла кожны дзень і прывозіла мне перадачы.

— Скажыце, калі ласка, вы ўжо пасьпелі абскардзіць першы (крымінальны) прысуд?

— Мой адвакат ужо падрыхтаваў касацыйную скаргу, мы літаральна за гэтыя пару дзён сустрэнемся, і я абскарджу. Вядома, са свайго боку, я прагледжу матэрыялы справы, і калі ў мяне будуць нейкія дадаткі, я з адвакатам абмяркую.

— Пытанне пра вашыя планы на жыццё. Вось вы маглі б стаць праграмістам… Правільна я кажу?

— Не зусім праграмістам. (Уладзя Яроменка пасьля Плошчы выключылі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта радыёфізікі і электронікі – palitviazni.info.) У мяне спецыяльнасьць крыху іншая была: я мусіў стаць інжынерам па радыёэлектроніцы. Мая справа датычыцца праектавання і вытворчасьці мікрасхемаў, платаў… Гэта мая спецыяльнасьць. У мяне быў год праграмавання на першым курсе, але гэта толькі першы курс і таму ўсё самае элементарнае. У дыпломнай працы, казалі, спатрэбіцца напісаць праграму, якая будзе ўсё гэта разьлічваць за чалавека.

— Мікрасхемы, тэхніка — вельмі мужчынская справа. Вы зьбіраецеся з’ехаць вучыцца далей за мяжу, як гэта зараз папулярна стала (бо і выйсьця іншага няма)?

— Навучанне, канечне, вельмі патрэбнае, але я не хачу з’язджаць адсюль назаўсёды. Таму, што я тут нарадзіўся. І я хачу, каб з маёй краіны — краіны, у якой я нарадзіўся, у якой я жыву… Каб людзі не ўцякалі з яе, а наадварот, ехалі! Каб людзі былі зацікаўлены заставацца тут, і яны маглі тут нармальна жыць. Менавіта таму я не хачу з’язджаць.

— Дзякуй вам вялікі. Посьпехаў! Будзем спадзявацца, што ўжо больш за тры месяцы не дадуць?

— У гарадзкім судзе могуць адмяніць прысуд ці зрабіць яго меншым. Калі адмяняецца прысуд, то справа зноў накіроўваецца ў Першамайскі РАУС, яе там дапрацоўваюць, потым ізноў у Першамайскі суд, там яе зноў пераразглядаюць, і вось тады ўжо могуць даць болей.

— Гэта тэарэтычна, а практычна?

— А практычна заўсёды пакідаюць прысуд бязь зьменаў. На маёй практыцы адзін раз было, што перанакіравалі адміністратыўную справу ізноў у Першамайскі суд, і разгледзелі, і… прысуд пакінулі без зьменаў. Проста ў Першамайскім судзе ўжо быў іншы суддзя. Але факт застаецца фактам: усё засталося на тым жа самым месцы.

palitviazni.info

P.S. Відэаверсія дадзенага інтэрв’ю будзе выстаўленая на нашым сайце ў хуткім часе.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Някляеў
  • Аляксандар Малчанаў
  • Андрэй Пратасеня
  • Павал Сырамолатаў
  • Алесь Пушкін