Уладзімер Яроменак: “Вінаватым я сябе не прызнаю”

20 жніўня суд Першамайскага раёна Менску вынес прысуд маладафронтаўцу Уладзімеру Яроменку: тры месяцы арышту. Напярэдадні пракурор запатрабаваў пакараць актывіста арыштам цягам 6 месяцаў. Яроменка вінавацілі ў парушэнні ўмоваў прэвентыўнага міліцэйскага нагляду  (арт. 421 КК РБ).
За паўгадзіны да пачатку судовага разгляду справы ля будынку суда ўжо сабралася купка моладзі — група падтрымкі Уладзя Яроменка. Найперш аказаць маральную падтрымку прыйшлі маладафронтаўцы разам з Настай Дашкевіч. Хутка да іх далучыліся Павал Вінаградаў, Міхаіл Пашкевіч, Андрэй Дзмітрыеў, Юлія Сьцяпанава. “А дзе палітыкі?” — жартам запытваў “групу падтрымкі” Вінаградаў. “А вось і палітыкі!” — адказалі яму. Ля суда ў гэты момант з’яўвіўся першы палітык з больш “дарослага” пакалення — старшыня АГП Анатоль Лябедзька. “А дзе міліцыя?” — працягваў задаваць пытанні лідэр блізкай МФ па духу моладзевай арганізацыі. Але міліцыі, у сэнсе блізкага “хапуна”, не назіралася — толькі прайшлі па сваіх справах два-тры міліцыянты з суда.
Сам Уладзь Яроменак трымаўся спакойна, адказваў на пытанні журналістаў упэўнена. Па прызнанні актывіста, чальцы ягонай сям’і, і асабліва жонка, перажываюць за ягоны будучы арышт нашмат болей, чым ён. “У адрозненне ад іх, я ведаю, што мяне чакае, бо ўжо там, у турме, быў”, — сказаў Яроменак. Дарэчы, жонка палітвязьня, Валянціна, таксама прысутнічала ў судзе.
Гэтак жа спакойна малады чалавек выказаў думку, што яму, хутчэй за ўсё, прысудзяць паўгады арышту, бо пайшла тэндэнцыя асуджаць на такі тэрмін усіх палітычных “парушальнікаў”.
Паводле заканадаўства, ва Уладзя Яроменка ёсць 10 дзён для абскарджвання прысуду, чым ён і мае намер скарыстацца. “Вінаватым я сябе не лічу, — заявіў У. Яроменак у размове з карэспандэнтам palitviazni.info. — Канечне, буду абскарджваць прысуд”.
У той жа час, паводле прызнання Уладзя, ён “пачуваецца нармальна, бо рыхтаваўся да горшага”. Прысуд аказаўся больш мяккім, чым чакаў маладафронтавец, але, тым ня менш, судззя Леанід Ярмоленкаў ўсё ж прызнаў яго вінаватым у парушэннях.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Дзяніс Дзянісаў
  • Сьвятаслаў Барановіч
  • Андрэй Клімаў
  • Аляксандар Малчанаў