Дашкевіч Наста: сапраўдная чалавечая, сардэчная салідарнасьць – гэта найважней

28 жніўня Зміцер Дашкевіч стане вольным. Тэрмін турэмнага зняволеньня закончыцца. Родныя і блізкія з нецярпеньнем чакаюць гэтага вызваленьня. Жонка палітвязьня Наста Дашкевіч распавяла пра свае чаканьні і падрыхтаваньні для palitviazni.info.

– Дашкевіч Наста: Канечне рыхтуемся. Зараз робім рамонт. Рыхтуем новае жыцьцё, так бы мовіць. Праз лісты плануем нешта. Чакаю вызваленьня.

 

– Ці не абмяжоўваюцца цэнезарамі ліставаньні з Зьмітром?

– Дашкевіч Наста: Ліставаньне – гэта фактычна на сёньня адзіны сродак камунікацыі са Зьмітром. Нейкая інфармацыя таксама зьяўляецца пасьля сустрэчаў з адвакатам.

 

– Некаторыя беларускія незалежныя СМІ прысьвяцілі шэраг публікацыяў гарадзенскай турме, дзе адзначаецца пра сапраўдныя жорсткія ўмовы ўтрыманьня. Ці вядома, якія ўмовы ў Зьмітра?

– Дашкевіч Наста: Зьміцер у прынцыпе не скардзіцца на ўмовы. Таму мне складана пра гэта казаць. Але я думаю, што пасьля вызваленьня ён распавядзе пра тыя, ці іншыя падрабязнасьці. З іншага боку вязень фактычна ніколі не можа ў лсітах распавесьці пра ўмовы ўтрыманьня, бо ліставаньне цэнзуруецца. З таго, што я зараз ведаю – Зьміцер знаходзіцца адзін ў камеры. А ўвогуле пра нейкія іншыя ўмовы ў лістах ён не зьвяртае ўвагі. З іншага боку ў ягоным артыкуле „Чавяк”, які публікуецца ў „Нашай ніве”, а да гэтага быў апублікаваны ў інтэрнэце, можна пазнаёміцца з тымі, ці іншымі рысамі камернай сыстэмы, напрыклад ў Глыбоцкай турме. Апісаньне сапраўды выглядае досыць жахліва. Але што маем, тое маем. Зьміцер часта шукае пазытыў ў тым, нават дзе яго зусім няма.

 

– Да моманту вызваленьня засталося зусім няшмат. Але ці не ўзьнікла ізноў новай хвалі патрабаваньняў ад Зьмітра падпісаць прашэньне аб памілаваньні на імя кіраўніка краіны?

– Дашкевіч Наста: Не. Да яго, пасьля таго, як яму працягнулі тэрмін зьняволеньня ў турме, болей ніхто з такімі прапановамі не зьвяртаўся.

 

– Турэмнае зьняволеньне прадстаўнікоў апазыцыі накіравана не толькі на тое, каб запалохаць грамадства, але перадусім і на тое, каб зламаць чалавека. Час ад чаус мы маем інфармацыю пра метады, ці дакладней, катаваньні, якія ўжываюцца ў турмах адміністрацыяй ў адносінах да арыштаваных. На Ваша меркаваньне, на што адміністрацыя турмаў можа пайсьці ў сваіх захадах?

– Дашкевіч Наста: Думаю, што мала што памялася яшчэ з савецкіх часоў. У турмах тады і цяпер практыкуецца прыніжэньне чалавечай годнасьці. У розных формах гэта выкарыстоўваецца, каб зламаць чалавека ў турме. Часам гэта спрацоўвае і атрымліваецца, нехта пагаджаецца і ідзе на нейкія кампрамісныя рашэньні са сваім сумленьнем. Альбо чалавека наўмысна заганяюць ў нейкую сытуацыю, якія негатыўна ўплывае на жыцьцё чалавека, яго погляды, рэпутацыю. Ёсьць людзі, якіх ўдалося зламаць ў турмах, а ёсьць і такія, якія прайшлі годна ўсе выпрабаваньні. Усё, перадусім, залежыць ад асобаў. І тут я ганаруся Зьмітром, што яго не здолелі зламаць, што ён вытрымаў ўсё. Я добра ведаю пра стан ягонага духу, яго погляды не зьмяніліся. Праз ліставаньне я ведаю, як ён сябе адчувае і бачу, што ўжываньне нейкіх захадаў было безперспектыўна для ўладаў. І спадзяюся, што рана ці поздна ўлады спыняць гэтую практыку.

 

– Ці падтрымліваюць Зьмітра, які аказаўся за кратамі за свае палітычныя погляды і дзейнасьць, простыя беларусы? Як шмат Зьміцер атрымлівае лістоў? Ці дапамагаюць яму звонку неабыякавыя фінансава ў тым ліку?

— Дашкевіч Наста: Безумоўна, салідарнасьць вельмі важная і яна ёсьць. Людзі шмат пішуць Зьмітру. На свой дзень народзінаў ён атрымаў вельмі шмат віньшаваньняў. Пры гэтым нават нягледзячы на тое, што ўлады ізалявалі Зьмітра, яму ўдаецца завязаць новыя знаёмствы, зьяўляюцца нават і блізкія стасункі. І гэта вельмі важна. Бо часта аказваецца, што не толькі Зьмітра падтрымліваюць, але і ён аказвае падтрымку шмат каму на волі. Таму цалкам пераканаўча скажу, што беларуская салідарнасьць існуе. Канечне, такія варункі ў краіне, што яна праяўляецца збольшага ў ліставаньнях, але і гэта вельмі шмат. Так, мы не можам выйсьці на мітынг, не можам ладзіць нейкія вулічныя акцыі пратэсту, горад не залеплены партрэтамі палітвязьняў, але існуе сапраўдная чалавечая, шчырая, сардэчная салідарнасьць. Гэта тое, што ёсьць і гэта вельмі важна.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яраслаў Грышчэня
  • Юлія Чыгір
  • Уладзімер Падгол