Марына Адамовіч: Мікола быў гатовы прыняць гэты лёс

Мікалай Статкевіч – палітзняволены, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі адзначае 57-семы дзень народзінаў. Зараз ён у Магілёўскай турме №4. Самае галоўнае для яго – падтрымка і салідарнасць з волі – кажа жонка палітыка Марына Адамовіч.

РР: Як Вы пазнаёміліся? Чым ён Вас прывабіў?

Марына Адамовіч: Гэта вельмі прыватнае пытанне. Наш агульны сябар Мікола Міхноўскі проста “задурыў” мне галаву, расказваючы пра тое, які “класны хлопец Мікола Статкевіч, ён стварыў нядаўна Беларускае згуртаванне вайскоўцаў”. А пазнаёміліся мы вельмі даўно на дні народзінаў таго самага Міколы Міхноўскага. Тады сабраліся прыгожыя, маладыя афіцэры – прадстаўнікі Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

РР: Што Вы думаеце пра Статкевіча як пра палітыка?

Марына Адамовіч: Я ў любым выпадку буду суб’ектыўнай, я думаю, што на сённяшні дзень тыя хлопцы, якія знаходзяцца ў зняволенні, і Мікола канкрэтна, якраз і займаюцца палітыкай у Беларусі. Яны адзіныя бадай што, як гэта ні сумна, хто коштам сваёй волі, здароўя і ў пэўнай ступені жыцця бароняць дэмакратычныя ідэалы і мажлівасць дэмакратычнай будучыні ў Беларусі.

РР: Ці хутка Вы чакаеце Міколу на волі?

Марына Адамовіч: Я яго чакаю кожны дзень, але любыя абнадзейваючыя, пазітыўныя сігналы заўсёды павялічваюць тэрмін іх знаходжання там.

РР: З’яўляюцца меркаванні, што можа і не трэба спяшацца з патрабаваннямі рэабілітацыі, толькі б выйшлі яны на волю. Як Вы ставіцеся да гэтага?

Марына Адамовіч: Ёсць нейкія базавыя прынцыпы, ад якіх нельга адступаць, калі мы хочам для гэтай краіны будучыні. Чалавек мае права на справядлівы суд, на волю, нявінна асуджаны чалавек мае права на поўную рэабілітацыю. Я думаю, што гэта адно з базавых правоў чалавека. І адступаць ад яго дзеля скарацечных і вельмі ўяўных магчымасцяў нельга. Даруйце, а што было зроблена дзеля таго, каб яны аказаліся на волі?

Мікола нагадвае, што незалежна ад сітуацыі і мажлівасцяў сёння атрымаць рэабілітацыю для ўсіх ахвяраў палітычна матываваных прысудаў у нашай краіне – гэта патрабаванне мусіць быць першым і галоўным. І гэту пазіцыю сваімі дзеяннямі, сваім жыццём пацвярджаюць тыя, хто знаходзіцца за кратамі. Хто вытрымаў ужо тры гады, а Мікалай Аўтуховіч – амаль пяць, таму што яны абсалютна перакананыя ў сваёй невінаватасці, у сваім праве людзьмі звацца.

РР: За гэтыя гады які самы цяжкі момант быў, і як Вы яго пераадолелі?

Марына Адамовіч: Самы цяжкі час быў, калі не было ніякай інфармацыі, калі з сярэдзіны ліпеня да пачатку снежня 2011 года я не атрымала ад Міколы ніводнага ліста. Два ягоных палітычных ліста выйшлі нелегальна, і пасля гэтага цягам тыдня ён стаў злосным парушальнікам, быў кінуты двойчы спачатку ў ШІЗА, пасля ў ПКТ, а праз месяц быў асуджаны і этапаваны ў Магілёўскую турму.

РР: Ці быў момант, калі Вы пашкадавалі, што такі лёс Вас напаткаў?

Марына Адамовіч: Глупства. Ні разу.

РР: Якія прынцыпы, якія рысы характару дапамагаюць Мікалаю вытрымліваць тое, што на яго абрынулася?

Марына Адамовіч: Цвёрдая перакананасць у правільнасці абрагнага ім шляху, і хоць вельмі патэтычна гэта гучыць, але ён сапраўды абраў сваю абранніцу на ўсё жыццё – Беларусь. Дзеля таго, каб у яе быў шанец, ён рабіў, робіць і будзе рабіць усё магчымае. Ён быў гатовы прыняць гэты лёс і свой Крыж ён так і нясе. Але нягледзячы на ўсе цяжкія выпрабаванні, ён не перастае заставацца рамантыкам.

Акрамя таго, ён прадстаўнік старых беларускіх родаў. Мікалай ведае 14 ці 15 каленаў свайго радаводу, пачынаючы з 16 стагоддзя. Па бацьку ён з роду Статкевічаў, а па маці – з роду Валадковічаў.

Калі чалавек ведае, што за ім стаяць пакаленні продкаў, якія баранілі Бацькаўшчыну, гэта вельмі падмацоўвае. Таму ён і хоча вярнуць беларусаў да ўсведамлення таго, што ў іх ёсць за што змагацца, што за імі стаяць вякі, пакаленні людзей, якія змагаліся за гэтую зямлю. Усё тое, чаго хоча нас пазбавіць так званая ўлада. Бо адчуванне такое, што жыццё пачалося з 1994 года.

Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення па артыкуле аб масавых беспарадках. З усіх кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года ён адзіны застаецца ў турме, бо катэгарычна адмаўляецца пісаць прашэнне пра памілаванне на імя Лукашэнкі.

racyja.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Скрабец