Андрэй Пачобут: Рэжыму важна трымаць кантроль і страх над грамадствам

У турмах ад палітычных вязняў адміністрацыя надалей патрабуе падпісання прашэнняў аб памілаванні на імя кіраўніка краіны. Чаму і навошта праводзіцца практыка, падчас якой ў адносінах да вязняў сумлення ўжываюцца скрайнія меры, у тым ліку катаванні? Пра гэта palitviazni.info распавядае гарадзенскі журналіст, карэспандэнт “Gazety Wyborczej” Андрэй Пачобут.

Андрэй Пачобут: Сапраўды, катаванні – досыць распаўсюджаная практыка ў турмах. Пра гэта сведчыў у адным са сваіх апошніх лістах з турмы і Мікола Статкевіч. Вядома, што ўлады вельмі хочуць, каб асуджаныя пакаяліся перад імі, каб папрасілі прабачэння. І гэта нязменная тактыка, якая не залежыць ад дыялогаў, візітаў і кантактаў. Бо гэтыя лісты нібы дазваляюць захаваць уладам твар у гэтай сітуацыі.

– Але ж вядома, што гульня ад пачатку няшчырая, ці гэтыя захады сапраўды адбеляць улады? Ці ўдасца надалей рабіць добрую міну пры кепскай гульні, бо ў адносінах да некаторых палітвязняў абвінавачванні знятыя?

Андрэй Пачобут: Як раз цяпер знятыя абвінавачванні з шэрагу палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і журналістаў за Плошчу-2010. Але нельга казаць, што адбываецца нейкае паслабленне, альбо нават нейкім чынам увязваць гэтыя падзеі з візітам афіцыйных чыноўнікаў у Еўразвяз. Гэта аб’ектыўная рэальнасць, што закончыліся тэрміны, і гэтага працэсу немагчыма стрымаць нейкім штучным чынам. З другога боку высоўваць нейкія новыя абвінавачванні шэрагу асобам, палітвязням – гэта ўжо сапраўды перашкодзіла б планам афіцыйнага Менску, ці дакладней, гульням, якія вядзе рэжым.

– Пасля таго, як былі прыпыненыя санкцыі ў адносінах да міністра замежных спраў Макея, прагучалі перасцярогі, што рэальна афіцыйны Менск не зробіць нейкіх саступак, але прапагандай будзе скарыстана заканчэнне турэмных тэрмінаў, нібы за жэст добрай волі. Ці магчыма ўвесці ў зман ў такой сыітуацыі?

Андрэй Пачобут: Не, гэта безумоўна лухта і няпраўда. Тут сапраўды, аб’ектыўны працэс, заканчэнне тэрмінаў. Я думаю, што ў Еўропе ніхто не разглядае сканчэнне тэрмінаў, як саступку беларускага рэжыму. Мажліва, што ёсць нейкая катэгорыя людзей, якая любую звестку інтэрпрэтуюць па-свойму. Магчыма, што будуць весціся размовы аб лібералізацыі, але на самой справе тое, што сёння адбываецца – гэта пэўны палітычны стыль. Тут няма крокаў а ні ў бок лібералізацыі, або закручвання гаек. У грамадстве надалей застаецца вялікі страх. А тыя людзі, якія заангажаваныя ў дыялог з рэжымам, спрабуюць зрабіць нейкі піяр вакол пэўных рэчаў. Але існая палітычная сітуацыя ў Беларусі надалей нагадвае штыль і застой, а ўзровень страху ў грамадстве такі самы, як і быў. А ўлада пэўнымі рэчамі, пэўнымі працэсамі паказвае з аднаго боку, што кірунак на рэпрэсіі надалей нязменны.

– Такім чынам справы ў адносінах да некаторых – працяг гэтай палітыкі?

Андрэй Пачобут: Так, гэта чарговы раз пацвярджае, што беларускі рэжым мае намеру адмовіцца ад палітыкі рэпрэсіяў ў дачыненні да палітычнай апазіцыі. Таму, калі ў рэжыма з’яўляецца адчуванне, што трэба павялічыць узровень страху ў грамадстве, то пераслед ізноў пачынаецца. Рэжыму не складана знайсці чарговую ахвяру. Я ўжо адзначаў, што тое, што адбываецца, звыклы працяг. Цяпер многія любяць узгадваць пра 2008, пра 2010 гады, што была лібералізацыя. Але ж пра сапраўднасць гэтых словаў найлепш запытацца, каб была магчымасць, Міколы Статкевіча, які менавіта ў гэты час быў прыцягнуты да адказнасці. Таму для беларускай улады, для беларускага рэжыму найважней утрымаць грамадства не толькі пад кантролем, але і трымаць пэўны ўзровень страху. А ўсе астатнія гульні з Еўропай – гэта другаснае. Калі неабходныя нейкія дзеянні, якія ўлады лічаць карыснымі для сябе – то яны не прымусяць сябе чакаць.

– Але ж ва ўсім ёсць і адваротны бок медаля. Пасля таго, як у краіне з’явілася вялікая колькасць палітычных вязняў, грамадскасці сталі вядомыя факты катаванняў у турмах. Тычыцца гэта не толькі вязняў сумлення, але і іншых асобаў. Нават ліст Міколы Статкевіча прыцягнуў увагу да падзеяў у турме. Ці былі ўлады падрыхтаваныя да такога варыянту?

Андрэй Пачобут: Тут я перакананы, што беларускія ўлады абсалютна добра ведаюць пра сітуацыю ў турмах. Разумееце, калі ў турму садзяць палітыкаў, грамадскіх актывістаў, то не сакрэт, што яны будуць распаўсюджваць звесткі з вязніцы. Не думаю, што для ўладаў гэта было нечакана. Сэнс такі, што гэта сапраўды, адно з наступстваў, але гэта вельмі важна і карысна, што не замоўчваецца вельмі важная праблема. Бо практычна адразу ж з’явіліся рухі і аб’яднанні, якія змагаюцца за правы асуджаных і не толькі па палітычных матывах. Таму гэта грамадская карысць.

– А ці гатовае грамадства аддзячыць хоць бы за гэты момант асобам, якія аказалаіся ў турме за свае палітычныя погляды?

Андрэй Пачобут: На жаль на сённяшні момант беларускае грамадства паралізавана страхам. Канешне такая, побытавая, людская ўдзячнасьць – яна існуе. Але разам з тым салідарнасці ў шырокім сэнсе гэтага слова, на жаль мы не бачым. Ды і магчымасці для яе ўзнікнення няма.

– А нейкім чынам можна змяніць гэтую сітуацыю?

Андрэй Пачобут: Справа ў тым, што пакуль грамадства не бачыць іншага цэнтра сілы, не бачыць альтэрнатывы існай сістэме, існай уладзе. Ёсьць толькі моцны рэжым Лукашэнкі, які выкарыстоўвае рэпрэсіі і кожны ведае, што любая акцыя салідарнасці з палітычнымі вязнямі, якая мае публічны характар, будзе адразу ж спынена, а яе ўдзельнікі і ініцыятары будуць пакараныя. А людзі акрамя гэтага не бачаць альтэрнатывы. Калі б ўзнік новы цэнтр сілы, калі б было відавочна яго ўплывовасць, альтэрнатыва існай ўладзе, то магчыма, што погляды людзей кардынальна змяніліся б. Але пакуль гэтага няма.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Малчанаў
  • Уладзімер Лыско
  • Алег Федаркевіч
  • Эніра Браніцкая