У Менску затрыманыя праваабаронцы з “Вясны”

Дванаццаць “вясноўцаў” выйшлі ў цэнтры Менску на акцыю ў падтрымку Алеся Бяляцкага. Двое ўдзельнікаў, Таццяна Рэвяка і Уладзь Лабковіч, затрыманыя міліцыяй. На момант напісання матэрыялу іх мабільныя тэлефоны не адказваюць.
Акцыя салідарнасьці праводзілася ў раёне плошчы Якуба Коласа ў Менску на наступны дзень пасьля 2-й гадавіны арышту кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага. “Вясноўцы”, апранутыя ў майкі з партрэтам Алеся Бяляцкага, раздавалі паштоўкі з выявай асуджанага заснавальніка “Вясны” звычайным людзям на вуліцы.
Па словах “вясноўцаў”, яны не адразу заўважылі, што міліцыя падагнала да месца правядзення акцыі машыну адмыслова для іхняга затрымання.
Лёс Тацяны Рэвякі і Уладзя Лабковіча некалькі гадзін застаецца невядомым. Апошняе, што ўдалося высьветліць, калі тэлефон У. Лабковіча яшчэ адказваў, — што затрыманых павялі пехам у Савецкі РУУС, што месьціцца ў квартале ад месца затрымання.
Як паведамляе сайт ПЦ “Вясна”, у дачыненні да Т.Рэвякі і У. Лабковіча “аформілі пратаколы па арт. 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку арганізацыі і правядзеньне масавых мерапрыемстваў) і забралі мабільныя тэлефоны”.

palitviazni.info

фота “Нашай Нівы”

Іншыя палітычныя вязьні