Ірыну Халіп на паўгадзіны затрымлівалі ў аэрапорце

Пасьля дадатковай праверкі Ірыну пусьцілі ў самалёт, які ляціць у Варшаву.

Як паведаміла “Свабодзе” маці Ірыны Халіп Люцына Бяльзацкая, яе дачка 30 ліпеня сабралася да мужа ў Варшаву. У менскім аэрапорце яшчэ да памежнага кантролю супрацоўнікі службы бясьпекі забралі ў яе пашпарт і сказалі, што будуць зьвязвацца з КДБ.

Журналістцы сказалі, што яна знаходзіцца ў нейкіх сьпісах КДБ і яе вылет трэба ўзгадніць з КДБ.

Праз паўгадзіны ёй вярнулі пашпарт і пусьцілі на рэгістрацыю і памежны кантроль. Пра гэта Ірына пасьпела паведаміць сваёй маці перад вылетам.

Перад тым Ірына напісала ў Фэйсбуку: «Народ, гэта ўжо нешта новенькае! Толькі што даведалася ў аэрапорце, што я ў нейкім адмысловым сьпісе тэрарыстаў».

З 19 ліпеня з Ірыны Халіп зьнялі ўмоўнае пакараньне за ўдзел у Плошчы-2010, і цяпер яна можа вольна перасоўвацца па сьвеце, у тым ліку — паехаць да мужа, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.

svaboda.org

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Крук
  • Міхаіл Пашкевіч
  • Кастусь Лукашоў
  • Тацяна Цішкевіч
  • Віталь Мацукевіч