З Уладзя Яроменка ўзялі падпіску пра нявыезд

22 ліпеня актывіст «Маладога фронту» Уладзь Яроменак азнаёміўся з крымінальнай справай, якую завялі супраць яго паводле артыкула аб парушэньні правілаў прафіляктычнага нагляду.

«Азнаёміліся з адвакатам са справай. У справе розныя дакумэнты, у тым ліку пратаколы, якія склалі міліцыянты паводле маіх нібыта парушэньняў нагляду. Усталяваных судом парушэньняў толькі два, а астатнія — тое, што лічыць міліцыя парушэньнямі. Зь імі я нязгодны, і адвакат выклала нашы заўвагі ў скарзе. Мы зьвярнулі ўвагу на тое, што справу расьсьледавалі ў гэтак званым „хуткім рэжыме“ — усяго за 15 дзён, між тым як заведзеная яна была яшчэ ў траўні. Чаму? Гэта таксама падстава для скаргі. Зараз справу перададуць у пракуратуру, і калі не прызначыць паўторнага расьсьледаваньня, то справа пойдзе ў суд. Але калі гэта можа адбыцца, мне невядома», — сказаў карэспандэнту Радыё Свабода Ўладзь Яроменак, выйшаўшы з кабінэта сьледчага.

Паводле Ўладзя Яроменка, сьледчы ўзяў у яго падпіску пра нявыезд, што актывіст лічыць бессэнсоўным захадам. «Я ж і без таго паводле ўмоваў нагляду не магу выяжджаць нікуды без дазволу міліцыі».

Чарговую дзею крымінальнага перасьледу Яроменак зьвязвае з палітычнай сытуацыяй і спасылаецца таксама на выпадак з Васілём Парфянковым.

«Паколькі гэткую ж справу завялі і на Васіля Парфянкова, прычым гэтак жа раптоўна, то бачна, што гэта пэўная сыстэма. Магчыма, гэта зьвязана з торгам, які цяпер аднавіўся вакол палітвязьняў. Якраз сёньня ў Брусэлі засядаюць міністры замежных спраў Эўразьвязу, і туды пусьцілі беларускага міністра замежных спраў Уладзімера Макея, якога раней нікуды не пускалі. Празь месяц на волю мае выйсьці Зьміцер Дашкевіч, потым Аляксандар Францкевіч, потым іншыя. Выглядае, што ўлады дэманструюць Эўропе, што могуць сьпіс павялічваць, і глядзяць на яе рэакцыю», — мяркуе Ўладзь Яроменак.

Даведка Радыё Свабода — Уладзь Яроменак

У 2011 годзе Ўладзь Яроменак быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за ўдзел у падзеях 19 сьнежня 2010 году, у тым жа годзе быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.

За ўдзел у шэрагу акцыяў салідарнасьці з палітвязьнямі Ўладзь Яроменак на пачатку 2012 году атрымаў год прафіляктычнага нагляду, тэрмін якога потым быў працягнуты яшчэ на паўгода.

Летась і сёлета Ўладзя Яроменка некалькі разоў садзілі «на суткі» ў ізалятар на Акрэсьціна з надуманых, як лічаць праваабаронцы, прычын.

На пачатку 2012 году Яроменка адлічылі зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі.

У чэрвені 2013 году актывіст «Маладога фронту» ажаніўся.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Эдуард Пальчыс
  • Павал Вінаградаў
  • Уладзімер Кудзінаў
  • Юрый Рубцоў