Ірына Халіп: Свабодным чалавекам я сябе пакуль не адчуваю

Любы былы палітвязень можа зноў трапіць за краты.
Такое меркаванне ў інтэрв’ю сайту charter97.org выказала журналістка Ірына Халіп пасля сённяшняга суда.
«Пакуль што я не адчуваю сябе свабодным чалавекам. Я яшчэ не разумею, як гэта можна – не глядзець на гадзіннік увечары, не разумею, як можна пайсці, напрыклад, у тэатр ці на канцэрт вечарам і ведаць, што нават калі спознішся пасля 22 гадзін, то нічога страшнага ў гэтым няма. Я яшчэ не разумею, як можна сесьці ў цягнік ці самалёт і кудысьці ехаць і ні ў каго не прасіць дазволу. Дэ-факта, я ўвесь гэты час знаходзілася пад хатнім арыштам, як і Уладзімір Някляеў. І калі сюды дадаць яшчэ пяцімесячную адсідку, то атрымліваецца даволі доўгі тэрмін. Яшчэ б хацелася ўсё-такі сказаць, што чалавек не можа быць свабодным, нават калі ён у дадзены момант не знаходзіцца пад арыштам ці крымінальным пераследам, таму што ўспомніце, як сустракалі Парфянкова і Яроменка, якія вярталіся з турмы свабоднымі людзьмі. Зараз Парфянкоў адседзеў і рыхтуецца зноў сесці», – адзначыла журналістка.
Яна падкрэсліла, што мы не можам сябе адчуваць свабоднымі фактычна, таму што дзяржаўная машына можа ўмяшацца ў кожны момант.
«Зміцер Дашкевіч хутка выйдзе, таму што ў яго скончыцца тэрмін, але яны будуць казаць што сітуацыя палепшылася, таму што Дашкевіч выйшаў. Нельга падмяняць паняцці. Цяпер колькасць палітвязняў зноў павялічваецца. Калі мяне сёння не адправілі ў калонію, то гэта не значыць, што гэта не адбудзецца праз месяц, два, праз год па новай крымінальнай справе. Гэта не значыць, што Уладзіміра Някляева таксама адпусцяць. Усё роўна, я ні ў якое паляпшэнне не веру», – лічыць былая палітзняволеная.
Яна дадала, што калі ішла ў суд, то ні на што не спадзявалася.
«За гэтыя гады я ўжо змагла выпрацаваць у сабе такую здольнасць – нічога не чакаць, нічога не планаваць. Як будзе – так будзе. У мяне ёсць пакуль што планы толькі на бліжэйшы вечар. Мы з сябрамі збіраемся сустрэцца і схадзіць вечарам у якое-небудзь кафэ i не глядзець пры гэтым на гадзіннік», – паведаміла Ірына Халіп.
Нагадаем, сёння суд Партызанскага раёна Менска прыняў рашэнне вызваліць журналістку Ірыну Халіп ад крымінальнага пакарання па заканчэнні адтэрміноўкі прысуду.
16 траўня 2011 года жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава была прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Сувораў
  • Сяргей Каваленка
  • Сяргей Башарымаў
  • Уладзімер Хамічэнка