Як па канвееры: за справай Парфянкова ў суд пойдзе справа Яроменка

Крымінальная справа супраць маладафронтаўца Уладзіміра Яроменка будзе накіравана ў суд у наступны панядзелак. Пра гэта palitviazni.info паведаміў сам абвінавачаны, які ў чацьвер, 18 ліпеня, меў сустрэчу са сьледчым. За дзень да гэтага ў суд адправілася крымінальная справа супраць Васіля Парфянкова. Абодва ўдзельнікі Плошчы-2010, на думку ўладаў, правініліся ў адным і тым жа.


Уладзіміру Яроменку прад’яўлена абвінавачванне па артыкуле 421 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду.

Нагадаем, што крымінальная справа па тым жа артыкуле ўжо другі раз узбуджана і супраць іншага нядаўняга палітвязьня, асуджанага за ўдзел у Плошчы-2010 — Васіля Парфянкова.

Паводле словаў Васіля Парфянкова, ён азнаёміўся з матэрыяламі справы днём раней, 17 ліпеня, і цяпер справа накіраваная ў суд. Дата судовага разгляду пакуль невядомая. “Канечне, гэта непрыемна, але страху няма, – канстатаваў актывіст. – Мне пагражае паўгода арышту альбо год калоніі. Гэта адбываецца ўжо не першы раз. Вядома, хацелася б менш трапляць у падобныя месцы, але, відаць, такі лёс”.

На пытанне, ці не выціскаюць яго ўлады за межы краіны з дапамогай крымінальнага перасьледу, палітвязень зазначыў: “Я люблю Беларусь і нікуды з’язджаць не збіраюся”.

Днямі Праваабарончы цэнтр “Вясна” абвясьціў, што “расцэньвае крымінальны пераслед Васіля Парфянкова і Уладзіміра Яроменка як выключна палітычна матываваны, звязаны з імкненнем уладаў спыніць іх актыўнасць, а таксама з жаданнем запалохаць іншых палітычных і грамадскіх актывістаў”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Башарымаў
  • Андрэй Пазьняк
  • Наста Дашкевіч
  • Уладзімер Падгол