Станіслаў Шушкевіч: Рэжым ізалюе ад народу тых, хто за гэты народ пакутуе

Меркаваньне пра паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч лічыць недапушчальным. Насамрэч меркаваньне, якое досыць часта можна сустрэць у СМІ абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці.

Станіслаў Шушкевіч: Спадар Палецкіс памыляецца. Абсалютна памыляецца. На самой справе сытуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне зусім не палепшылася, але вось сродкі прапаганды – ўдасканальваюцца. І ў зьвязку з гэтым любы, нават дробны і нязначны факт падаецца, як паляпшэньне сытуацыі. У нас проста недапушчальная сытуацыя з правамі чалавека, дзясятак чалавек за кратамі за свае палітычныя погляды. Адна асоба, не вельмі адукаваная, не вельмі разумеючая сучаснасьць, але вельмі нахабная, якая нічога, акрамя ўласнай ўлады не хоча мець. І гэтая асоба знаходзіць сродкі з дапамогай дзясяткаў халуёў, сотняй аплочаных супрацоўнікаў, якія і падаюць такую інфармацыю, пра паляпшэньне сытуацыі. У Беларусі няма паляпшэньня сытуацыі, няма нават нейкіх крокаў, якія сьведчылі б пра гэта.

– Якім чынам працуе гэта прапаганда? Ці магчыма пры факце наяўнасьці за кратамі вязьняў сумленьня пераканаць заходніх палітыкаў, грамадзян Беларусі ў адваротным?

Станіслаў Шушкевіч: Ну вось той жа Макей, ён вельмі кваліфікаваны. Па- прафэсіі ён разьведчык і таксама падае гэта ўсё дасканалым чынам, але ж гэта лукашэнкаўскі выхаванец. Ён служыць толькі выключна Лукашэнку. І з такімі асобамі ну не можа быць паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека. Бо гэтыя асобы, пра якіх я кажу – яны сябе ўжо пахавалі як палітыкі, якія паважаюць правы чалавека. Эўропа не павінна зь імі мець справы. Але ж ў Эўропы старая бяда, якая паўтараецца ўжо трэці раз. Спачатку Хавіер Саляна і Бэніта Фэрэра-Вальднэр прыехалі ў Менск. Тут іх абхаджвалі і пераконвалі, яны ў рэшце і заявілі, што аніякіх ўмоваў Эўропа ставіць не будзе, што сытуацыя паляпшаецца, і іх проста падманулі. Ну не чакалі цывілізаваныя палітыкі, што на ўзроўні ўлады, на ўзроўні кіраўніцтва краіны можа быць такая хлусьня, такое нахабства і такія недапушчальныя паводзіны, і цяпер сытуацыя зноў паўтараецца. Праўда, гэтым разам зьявіліся пэўныя асобы, прыкормленыя з Менску, гэта тэхнічныя асобы, якія час ад часу заяўляюць, што ў Беларусі няма палітвязьняў. Але Лукашэнка ўчыніў гандаль вязьнямі сумленьня, магчыма, што некаторых людзей вызваляць з турмы. Але ўпэўнены на сто адсоткаў, што той жа Дашкевіч ніколі не стане здраднікам таму, што гэта прыстойны чалавек з сумленьнем, малады, прыстойны. Як і астатнія апанетны кіраўніка краіны, але яны павінны ўсе быць на свабодзе. І акрамя гэтага абавязкова павінна быць не толькі вызваленьне, але і рэабілітацыя. Толькі тады можна казаць, што ёсьць нейкі зрухі ў сытуацыі на Беларусі.

Якім чынам магчыма зьмяніць сытуацыю з правамі чалавека. Ці здольная грамадзянская супольнасьць дамагчыся вызваленьня палітычных вязьняў ў Беларусі?

Станіслаў Шушкевіч: Супольнасьць магла б зрабіць пэўныя справы. Незалежныя сродкі масавай інфармацыі добра інфармуюць пра сытуацыю з палітвязьнямі. Але, на жаль, яны мала даходзяць да шырокіх колаў беларусаў. Таму, што гэтая масавая дзяржаўная прапаганда мае значна большы ўплыў, яна нахабна пакрывае ўсе гэтыя сродкі незалежнай масавай інфармацыі. Таму зьвярнуцца да людзей надзвычай складана. Вось каб нават зрабіць апытаньне па краіне, хто ведае пра Дашкевіча, хто ведае пра лёс Саньнікава? Хто ведае пра лёс тых, хто за кратамі? Ніхто амаль пра гэта не ведае. Гэта ізаляцыя рэжымам народу ад тых, хто за гэты народ пакутуе, і таму тут цяжка казаць пра нейкія зрухі. Таму галоўным чыньнікам, які б зьмяніў сытуацыю, павінны стаць вольнымі перадусім медыі. Але ж сёньня на адну незалежную газэту прыходзіцца як мінімум 25 асобнікаў дзяржаўнай прапаганды. У такіх ўмовах надзвычай цяжка падняць люд на так бы мовіць змаганьне з гэтым паганым рэжымам, які аніякай павагі не заслугоўвае.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксей Шыдлоўскі
  • Сяргей Гумінскі
  • Настасься Азарка
  • Арцём Брэўс
  • Яўген Сувораў