Маці Гайдукова: З такім кашмарам мы сутыкнуліся ўпершыню

Вольга Гайдукова, маці Андрэя Гайдукова, які пасьля суду ўтрымліваецца ў Віцебскім СІЗА, пагутарыла з карэспандэнтам Радыё Свабода.

Вольга Гайдукова, маці Андрэя Гайдукова, які пасьля суду ўтрымліваецца ў Віцебскім СІЗА, сказала карэспандэнту Свабоды, што застаецца толькі спадзявацца на адмену прысуду і вызваленьне сына. Яна паведаміла, што два адвакаты падалі скаргі на прысуд і сам Андрэй павінен падаць такую скаргу:

«Я ня ведаю, як гэта хутка будзе вырашацца. І што будзе далей, пакуль невядома. Я ведаю, што Андрэй таксама рыхтаваў скаргу. Нам адвакат сказаў, што Андрэй скаргу піша і адправіць. Тут жа такі артыкул дзіўны, што можна зрабіць так, а можна інакш. І любое рашэньне будзе суб’ектыўным. Будзем спадзявацца на лепшае. Гэта ж які на яго аказваўся ціск, каб пацьвердзіць артыкул, які яму высунулі адразу? Я магу пра гэта толькі меркаваць, бо гэта кашмар. Ну, а што цяпер? Я, ведаеце, у гэтых справах ня вельмі разьбіраюся. Бо з такім кашмарам мы сутыкнуліся ўпершыню ў нашай сям’і. Усё будзем рабіць праз адвакатаў. Для мяне ўсё гэта зачынена, як і для ўсіх астатніх, тым болей, што лісты ідуць вельмі дрэнна. Напэўна, і нашы ідуць гэтак жа. Адзін ліст нядаўна прыйшоў, які Андрэй пісаў 10 дзён таму. Адзін ліст быў ад 3 ліпеня. Літаральна на палову старонкі з нататніка. Асабліва там нічога ён ня піша. Бо калі ён яшчэ нешта і напіша, то мы гэты ліст дакладна не атрымаем. Пасьля таго ліста, які, ня ведаю як, прайшоў да Тацяны Севярынец, цэнзура вось так узмацнілася. Я думаю, з такім жа інтэрвалам і нашы лісты даходзяць. Ён вяртае нам лісты, якія ён атрымаў, каб мы ведалі, што ён прачытаў, а што не. Перадачы яму перадаём, тут усё нармальна».

Адразу пасьля суду спадарыня Вольга мела сустрэчу з сынам і ўпершыню апавяла пра гэта карэспандэнту Свабоды:

Ён практычна не памяняўся, з тым жа пачуцьцём гумару. Маўляў, вы не перажывайце, беражыце сябе

«Адразу пасьля суду ў нас была сустрэча з Андрэем. 1 ліпеня пасьля абеду мы зь ім сустрэліся ў СІЗА. Прыкладна каля дзьвюх гадзін усе пагутарылі. Сустрэліся таксама сястра і муж. Па чарзе, бо ўсіх адразу не пускалі, толькі па двое. Я проста ня ведаю, як Андрэй увесь гэты час пратрымаўся, ён такі малайчына. Ён практычна не памяняўся, з тым жа пачуцьцём гумару. Маўляў, вы не перажывайце, беражыце сябе. Прынамсі зьнешнім выглядам і яго станам я задаволена, бо я перажывала, як ён там. Ён малайчына. Спадзяёмся на нармальнае вырашэньне гэтага пытаньня, бо гэта ўжо так доўга цягнецца, што няма сіл. Хочацца хутчэй яго дома ўбачыць. А так, у прынцыпе, ён трымаецца нармальна. Дай Бог яму здароўя і ўдачы, бо ўсё непрадказальна. Але наогул я лічу, што ён павінен быць дома».

Карэспандэнт: «А ён сказаў вам, прызнае сваю віну ці не прызнае?»

Гайдукова: «Пра гэта ў нас размовы не было. Я думаю, калі б ён сябе вінаватым прызнаў, то яму прасілі б ня 2 гады, а ўсе 15. Але ў нас такой размовы зь ім не было».

Карэспандэнт: «А што ён кажа пра ўмовы ўтрыманьня, пра здароўе?»

Гайдукова: «Ён нічога не казаў. Разумееце, калі што ня так (я гэта ведаю ад адвакатаў), ён гэтыя пытаньні вырашае сам. Піша скаргі: адна не дапамагае, піша другую. То бок ён змагаецца за сваё існаваньне нават там. Я гэта вітаю, малайчына. Сказаў, што адчувае сябе нармальна».

Карэспандэнт: «А вам абяцалі новае спатканьне з сынам?»

Гайдукова: «Ніхто нічога не абяцаў, але можна будзе паспрабаваць. Магчыма, на наступным тыдні. Калі дазволяць, то я буду рада».

Карэспандэнт: «Як вы сябе адчуваеце, які ваш настрой у выніку ўсёй гэтай гісторыі?»

Гайдукова: «Андрэй трымаецца — мы трымаемся. Як доўга гэта працягнецца, але пакуль трымаемся. Мы аптымісты».

Карэспандэнт: «Ці вы адчуваеце нейкі ціск, ці вам дазволена гутарыць з журналістамі?»

Гайдукова: «Асабіста мне ніхто нічога не забараняе. Я маці і маю права сказаць пра свайго сына, пра яго здароўе і самаадчуваньне. Бо калі ўжо маці, якая на пэнсіі, ня можа мець сваё меркаваньне, то тады, даруйце, пра што размова? Дзяку Богу, мне ніхто нічога не забараняе».

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Эніра Браніцкая
  • Андрэй Гайдукоў
  • Арцём Брэўс
  • Аляксандар Класкоўскі
  • Мікола Маркевіч