Натальля Радзіна: “Здароўю і жыцьцям палітвязьняў пагражае сур’ёзная небясьпека”

Сёньня досыць шмат словаў гучыць пра тое, што неабходна патрабаваць вызваленьня палітвязьняў ў Беларусі, але амаль не агучваецца пра тое, ў якіх ўмовах за кратамі знаходзяцца вязьні сумленьня. Рэдактарка сайту “Хартыя-97” Натальля Радзіна не адзін месяц правяла ў так званай “амэрыканцы” – СІЗА КДБ. Пра катаваньні і ў тым ліку ў дачыненьні да палітычных вязьняў рэсур піша досыць часта. Пра гэта, ды іншыя асьпекты журналістка распавяла сайту palitviazni.info

Натальля Радзіна: можна сказаць, што ціск на палітвязьняў ўвесь гэты час толькі ўзмацняецца. А на сёньняшні дзень ўмовы іх знаходжаньня за кратамі можна прыраўняць да катаваньняў. Па-першае, вязьняў ўтрымліваюць ў нечалавечых ўмовах. Часта кідаюць іх ў карцэры, камеры-адзіночкі. Адміністрацыя турмаў адмаўляе перадаваць вязьням перадачы, гэта ж ў сваю чаргу сьведчыць, што людзі знаходзяцца ледзь не ў поўгалодным стане. Акрамя гэтага асуджаных часта без тлумачэньняў і абгрунтаваньняў ізалююць ад родных і блізкіх, адмаўляюць ім ў сустрэчах. Часта назіраецца, што раптоўна перапыняецца перапіска, родныя і блізкія перастаюць атрымліваць хоць нейкія зьвесткі ад вязьняў. І пры гэтым незаконна абмяжоўваецца доступ адвакатаў да сваіх падабаронных. І робіцца гэта з мэтай прымусіць палітвязьняў напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя дыктатара. Ну і канечне, для таго, каб “перавыхаваць” гэтых людзей, каб яны, пасьля турмы, як мінімум не займаліся палітычнай дзейнасьцю.

– Але ж нават калі ўлады і атрымліваюць ад вязьняў прашэньні аб памілаваньні, не значыць, што вязень будзе хутка на волі. Навошта такія захады?

Натальля Радзіна: Абсалютна так. Бо паводле заканадаўства Аляксандр Лукашэнка мае права памілаваць асуджанага без аніякага прашэньня, ці звароту. Але выглядае, што для дыктатара гэта вельмі важна. Відавочна для таго, каб да яго зьвярталіся, каб былі звароты. Відавочна, што гэта сама меней – зьдзек, інакш нельга гэта назваць. І пра гэта трэба казаць на ўвесь сьвет. Агучваць, што адбываецца ў турмах з палітычнымі вязьнямі. Бо за кратамі яны аказваюцца зусім безабароннымі. Зь імі можа ў любы момант здарыцца што заўгодна, ў тым ліку і нават забойства.

– Для кіраўніцтва краіны гэта ўжо нават не асобы, але “тавар” для гандлю, для дэманстрацыі сваёй сілы і магутнасьці?

Натальля Радзіна: Так, дыктатар Аляксандр Лукашэнка заўсёды гандляваў людзьмі. Гэта такі своеасаблівы “гандаль рабамі” ў дваццаць першым стагоддзі, ды яшчэ ў самым цэнтры Эўропы. Людзей кідаць за краты, там ўсякімі спосабамі спрабуюць зламаць чалавека, ўжывыаюць катаваньні, зьдзекуюцца зь іх. Пазьней жа Лукашэнка даволі выгадна прадаваў гэтых жа людзей Захаду ў абмен на пэўныя прэферэнцыі, альбо за адмену санкцыяў. Гэтае ж адбываецца і зараз. Вось, напрыклад, мы ўсе зь нецярпеньнем чакаем вызваленьня Зьмітра Дашкевіча. І хачу адзначыць, што яго вызваленьне падаецца ледзь не як датэрміновае. Выглядае, што ледзь не крок добрае волі дыктатара. Але ж Зьміцер Дашкевіч адбывае дадатковы тэрмін. На які яго незаконна асудзілі, падчас таго, як ён ўжо быў за кратамі, асуджаны за іншую справу.

– Якім тады чынам павінны будаваць сваю палітыку ў стасунках з афіцыйным Менскам краіны Эўразьвязу?

Натальля Радзіна: Тут нельга казаць пра амаральнасьць Захаду – гэта няправільна. Праблема і пытаньне менавіта ў тым, што ў Захада няма канкрэтнай, акрэсьленай стратэгіі ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі. Ёсьць паўмеры, але няма пасьлядоўнай стратэгіі, што рабіць з гэтым рэжымам у цэнтры Эўропы. Хоць абсалютна зразумела, што дыктатар разумее толькі і выключна сілу. І калі б Эўразьвяз працягнуў ўвядзеньне санкцый, гэтак жа, як было напярэдадні вызваленьня Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі, а іх вызваленьне стала перадусім менавіта вынікам ўзмацненьня санкцый, то ўсе палітвязьні ўжо былі б на волі. Для гэтага патрэбен працяг санкцый ў дачыненьні да рэжыма і блізкага атачэньня Лукашэнкі. Але замест гэтага пачынаецца гандаль. Захад прыпыніў палітыку ўвядзеньня далейшых санкцый. Цяпер наагул бачым, што некаторыя санкцыі ўвогуле пачынаюць адмяняцца, ў тым ліку і ў адносінах да міністра замежных справаў Беларусі Уладзімера Макея. І мы зноў вяртаемся да сытуацыі “гандлю”, калі на кон пастаўлены жыцьці людзей.

– Але калі ёсьць ўсьведамленьне і разуменьне гэтага, то чаму сытуацыя ізноў паўтараецца?

Натальля Радзіна: Сытуацыя такая, што перадусім стаіць вызваленьне людзей. Неабходна, каб ўсе вязьні былі вызваленыя. Я ўжо казала, што іх і здароўю, і нават іх жыцьцям пагражае сур’ёзная небясьпека. Але варта ўсьведамляць і пра тое, што будзе ў краіне далей, што будзе з правамі чалавека. А далей не павінен ізноў распачацца дыялог з Лукашэнкам, з прадстаўленьнем яму нейкіх прэфэрэнцый, зьняцьцё санкцый, або выдзяленьне крэдытаў. Далей павінна быць выстаўленае жорсткае патрабаваньне спыненьня, поўнага спыненьня ўсіх рэпрэсій супраць іншадумства. І калі гэтага не адбудзецца, то сытуацыя ў краіне не зьменіцца. І гэта мы бачым зараз. Таму што пасьля вызваленьня адных палітвязьняў, праз некаторы час за кратамі аказваюцца іншыя апаненты рэжыму і гэтая сумная гісторыя працягваецца ўжо ў краіне дваццаць апошніх гадоў.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікола Статкевіч
  • Зьміцер Бандарэнка
  • Натальля Радзіна
  • Фёдар Мірзаянаў
  • Валеры Леванеўскі