Мікалай Статкевіч – прэм’еру Літвы: Адмоўцеся ад сустрэч з кіраўніцтвам беларускага рэжыму

Экс-кандыдат у прэзідэнты краіны палітвязень Мікалай Статкевіч звярнуўся да прэм’ер-міністра Літвы.

Cайт statkevich.org прыводзіць поўны тэкст звароту:

«Паважаны таварыш!

Калі Літва змагалася за выхад з савецкай імперыі, многія людзі ў Беларусі былі салідарныя з вашай барацьбой. Напрыклад, зімой 1991 года я, тады падпалкоўнік Савецкай Арміі, у знак пратэсту супраць прымянення савецкімі войскамі зброі каля Віленскага тэлецэнтра выйшаў з камуністычнай партыі. Вясной таго ж года я сустрэўся з міністрам аховы краю Літвы, каб выказаць сваю падтрымку барацьбе вашага народа. У чэрвені 1991 года я выступіў па літоўскім тэлебачанні з Каўнаса са зваротам да ваеннаслужачых-беларусаў і заклікаў іх не ўжываць сілу супраць літоўскага народа. Напэўна, Вы разумееце, што тады я рызыкаваў не толькі ваеннай кар’ерай.

Цяпер ужо беларускі народ мае патрэбу ў салідарнасці ў сваёй барацьбе за свабоду, незалежнасць і захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі заяўляюць пра грубае парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне, пра татальныя фальсіфікацыі выбараў, пра датычнасць уладаў да выкраданняў і забойстваў апазіцыйных лідараў. Беларускія палітвязні падвяргаюцца ціску і нават катаванням з мэтай прымусіць іх папрасіць памілавання ў нелегітымнага «прэзідэнта».

Тыя, хто змагаецца за свабоду нашай краіны, разглядаюць любыя прамыя кантакты кіраўніцтва дэмакратычных краін з верхаводамі беларускага рэжыму, як здраду ідэалам дэмакратыі і спробу легітымізацыі дыктатуры.

Я звяртаюся да Вас, як да кіраўніка брацкай партыі – партнёра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) па Сацыялістычным Інтэрнацыянале, з заклікам адмовіцца ад сустрэч з кіраўніцтвам беларускага рэжыму да таго часу, пакуль у нашай краіне не застанецца ні аднаго палітвязня».

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юрый Рубцоў
  • Аляксандар Казулін
  • Ільля Васілевіч
  • Міхась Крываў