Дашкевічу ў турме забараняюць карыстацца лыжкай

Зняволеныя вымушаныя прымаць ежу футлярам ад зубной шчоткі.

Нагадаем, некалькі месяцаў таму палітвязень Зміцер Дашкевіч напісаў пра прыніжэнні, з якімі вымушаныя сутыкацца зняволеныя штодня – у прыватнасці, у турмах не дазваляюць карыстацца звычайнымі лыжкамі, акрамя прыёмаў ежы па раскладзе. А гэта значыць, што зняволеныя не могуць ні размяшаць цукар у гарбаце, ні з’есці ўласную ежу з перадачак, а вымушаныя рабіць гэта футлярам ад зубной шчоткі. Зміцер Дашкевіч пісаў скаргу ў ДВП з просьбай праверыць законнасць гэтага скажонага правіла. Як вынікае з адказу ДВП, такое правіла ёсць, але прадстаўнікі МУС не паказалі, які дакумент прадугледжвае такую норму, таму ўзнікае пытанне, ці сапраўды гэты дакумент існуе.

Прэс-служба «Маладога Фронту» прыводзіць поўны тэкст зваротнага ліста Змітра Дашкевіча да МУС:

«У адпаведнасці з арт. 21 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.

Згодна з арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 8 Міжнароднага Пакта ААН «Аб грамадзянскіх і палітычных правах»), ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму звароту, які зневажае годнасць.

Артыкул 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь накладае абавязацельствы на дзяржаўныя органы, службовыя асобы разгледзець любы зварот і даць адказ ва ўстаноўлены законам тэрмін.

Артыкул 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дае мне права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адваката.

П.п. 55.8 Правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў дае мне таксама права звяртацца з прапановамі, заявамі і скаргамі не толькі да адміністрацыі папраўчай установы, але і ў вышэйстаячыя органы крымінальна-выканаўчай сістэмы, суд, органы пракуратуры, органы дзяржаўнай улады і кіравання.

У адпаведнасці з арт. 10 Міжнароднага Пакту «Аб грамадзянскіх і палітычных правах», усе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, уласцівай чалавечай асобе.

Паводле п.п. 52.5 Правілаў унутранага распарадку следчых ізалятараў крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь № 3 ад 13.01.2004 г. (у рэд. Пастановы МУС 10.03.2010 г. № 54) асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай на перыяд утрымання ў СІЗА, забяспечваюцца для індывідуальнага карыстання сталовым посудам і сталовымі прыборамі (міска, кубак, лыжка).

Дзякую вам за адказ (за 28.12.2012 № -29/Д-3297) на мой папярэдні зварот. Хоць вашыя тлумачэнні пакінулі яшчэ больш пытанняў.

Па-першае, незразумела на які дакумент вы спасылаецеся, кажучы пра тое, што «у адпаведнасці з патрабаваннямі ведамасных нарматыўных прававых актаў / … / асобы, якія ўтрымліваюцца ў следчых ізалятарах і турмах, для пастаяннага карыстання забяспечваюцца алюмініевымі кружкамі. Міскі і лыжкі выдаюцца толькі на час прыёму ежы», – што гэта за акт такі?

Па-другое, калі можна дазволіць для пастаяннага карыстання кружку, то чаму нельга дазволіць для пастаяннага карыстання лыжку? Вядома, я разумею, што вы пакуль не думаеце, што паўстанеце калі-небудзь перад судом чалавечым, але перад судом Божым знаходзіцеся. І хіба не будзе вам сорамна за тое, што вы здзекаваліся з людзей, прымушаючы іх замест лыжак карыстацца футлярам ад зубных шчотак?

Па-трэцяе, былі ж нават у ДВП МУС РБ некаторыя людзі пры розуме, якія прыдумалі Дадатак 3 да Правілаў унутранага раскладу выпраўленчых устаноў (ад 20.10.2000 № 174), у якім ад рэдакцыі 05.11.2008 г. № 321 у пункце 10 гаворыцца , што асуджаны можа мець пры сабе: «кружку, лыжку (алюмініевую, пластмасавыя, драўляныя)». Так што, знайшліся так хутка садысты, што ў духу гуманнасці па-беларуску лыжкі забаранілі? Што ж, у нашым царстве-гаспадарстве можа быць усё. Тады, таксама, калі ласка, паведаміце мне нумар адпаведнага нарматыўнага ды яшчэ і «прававога», як вы настойваеце, дакумента.

Маючы немалы вопыт бессэнсоўнага ліставання з Дэпартаментам выканання пакаранняў, дурных ілюзій ў магчымасці знайсці праўду ў нетрах карных структур МУС РБ не маю. Таму пакідаю за сабой права звяртацца ў міжнародныя арганізацыі, у тым ліку ў Камітэт па правах чалавека ААН, каб хаця б міжнародная супольнасць асудзіла катаванні ў «папраўчых» установах ДВП МУС РБ».

Нагадаем, старшыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч у 2011 годзе быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі па артыкуле аб хуліганстве. Нібыта за дзень да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года разам з маладафронтаўцам Эдуардам Лобавым ён збіў на вуліцы выпадковых мінакоў. Дашкевіч у судзе віны не прызнаў і назваў інцыдэнт правакацыяй спецслужбаў.

Пасля года адбыцця пакарання ў калоніі ў Горках Змітра Дашкевіча нібыта як злоснага парушальніка рэжыму перавялі ў Глыбоцкую калонію, дзе праз некалькі месяцаў судзілі зноў і прысудзілі яго яшчэ да аднаго года зняволення.

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

24.12.2020 Зміцер Дашкевіч: Я натхніўся, што трэба і далей асвятляць палітвязняў лістамі з волі

28.09.2020 Зміцер Дашкевіч: На мяне паабяцалі скласці восем пратаколаў

22.07.2020 Зміцер Дашкевіч: Калі раней кандыдатаў у прэзідэнты саджалі ў турму ў дзень выбараў, то зараз за два месяцы да гэтага

12.11.2019 Зміцер Дашкевіч: Людзі павінны ўмець карыстацца зброяй

24.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Правакатару, які распыліў пярцовы газ абаронцу Курапат, далі толькі штраф…

15.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Рэклама гэтаму мерапрыемству не патрэбна

23.07.2019 Зміцер Дашкевіч: Гэта быў адзіны выразна палітычны артыкул у Крымінальным кодэксе

11.06.2019 Зміцер Дашкевіч: Ад змены складнікаў у рэпрэсіўным беларускім апараце нічога не зменіцца

27.03.2019 Зміцер Дашкевіч: У ізалятары сядзеў, як у прыбіральні…

26.03.2019 Мікола Статкевіч: Арышты выбітных музыкаў – красамоўныя сведчанні пра канец нават уяўнай “лібералізацыі”

Іншыя палітычныя вязьні

  • Анатоль Лябедзька
  • Віталь Рымашэўскі
  • Арцём Грыбкоў
  • Анатоль Букас
  • Аляксандар Казулін