Тэлеглядач Мікалай Статкевіч: “І 20 гадоў не прайшло, як сёе-тое да іх дайшло”

Мікалай Статкевіч ў лісьце з магілёўскай турмы падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад прагляду тэлеперадач. Нядаўна Статкевічу ў камэру паставілі тэлевізар, які перадалі сябры. Тэлебачаньня палітвязень не бачыў паўтары году і зараз параўноўвае ўражаньні з тым, што бачыў раней. Мікалай Статкевіч выказаўся як на адрас беларускіх, гэтак і расейскіх тэлеканалаў.

Жонка палітыка Марына Адамовіч цытуе ліст палітвязьня: «Гляджу на ім (маецца на ўвазе тэлевізар) ў асноўным навіны. Бо ўсё астатняе, за рэдкім выключэньнем, нецікавае. Відавочнае падзеньне інтэлектуальнага ўзроўню расейскага тэлебачаньня і рост прапагандыскага складніка навінаў ў ім. Прычыны, на мой погляд, дзьве. Па-першае, найбольш інтэлектуальныя гледачы сышлі ў інтэрнэт і тэлевізійшчыкі мусяць арыентавацца на тых спажыўцоў, якія засталіся. Па-другое, мабыць, расейская ўлада гэтак рэагуе на зьяўленьне пратэстнай меншасьці і згортвае агульную дэмакратыю. Па беларускіх каналах яўных зьменаў не заўважана. Як станоўчыя фактары мушу адзначыць зьяўленьне некалькіх някепскіх дакумэнтальных фільмаў на гістарычную тэматыку і зьмены да лепшага ў стаўленьні да спадчыны Вялікага княства Літоўскага. Як кажуць, і 20 гадоў не прайшло, як сёе-тое да іх дайшло». І смайлік намаляваў, канешне».

Мікалая Статкевіча асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня 2010 году і трымаюць ў крытай турме ў Магілёве як злачынцу, які не стаў на шлях выпраўленьня і схільны да парушэньня рэжыму ўтрыманьня.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Севярынец
  • Аляксандар Васільеў
  • Уладзімер Кудзінаў
  • Яўген Сакрэт