Новыя правакацыі супраць Мікалая Статкевіча

На палітвязня Мікалая Статкевіча ў турме пачалася новая хваля ціску.

Інфармацыю аб гэтым атрымала жонка палітыка Марына Адамовіч, перадае «Радыё Рацыя».

«Я маю звесткі пра тое, што пасля непрацяглага перапынку пачаліся чарговыя правакацыі супраць Мікалая Статкевіча ў магілёўскай турме №4. Наколькі мне вядома, у мінулую нядзелю двойчы спрабавалі здзейсніць правакацыі супраць яго ў камеры. На жаль, пакуль што мне змест дакладна не вядомы», – сказала жонка палітвязня.

Паводле яе слоў, нават у жорсткіх турэмных умовах Мікалай Статкевіч не губляе прысутнасці духу, працягвае аналізаваць як бягучую сітуацыю, так і мінулае Беларусі. Па словах Марыны Адамовіч, ён даслаў эсэ, у якім разважае пра нацыянальную ідэю. У бліжэйшы час гэтая праца будзе апублікаваная на асабістым сайце палітыка.

Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Арыштаваны пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць іх фальсіфікацый. Тады ж былі арыштаваныя больш за 700 удзельнікаў акцыі пратэсту, у тым ліку кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Алесь Міхалевіч і членаў іх выбарчых штабоў.

26 траўня 2011 года палітык быў асуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Рашэннем суда ад 12 студзеня 2012 года ўмовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 Магілёва.

Статкевіча часта кідаюць у карцэр, палітвязень абмежаваны ў перадачах і сустрэчах са сваякамі, па загадзе ўладаў у дачыненні да яго ажыццяўляюцца правакацыі.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Сакрэт
  • Алесь Стральцоў
  • Зьміцер Ус
  • Кацярына Садоўская
  • Уладзімер Лобан