Выйшла кніга палітвязня Аліневіча “Еду ў Магадан” (фота)

На аснове дзённіка, напісанага ў ізалятары КДБ «амерыканка», была выдадзеная кніга палітычнага вязня Ігара Аліневіча.

Свой дзённік Ігар напісаў у «амерыканцы» – следчым ізалятары Менскага КДБ, паведамляе сайт anarcho-news.com.

Яго сукамернікамі былі следчыя, бізнесмены, кандыдаты ў дэпутаты, удзельнікі пратэстных акцый пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і многія іншыя, хто апынуўся ў турме ў выніку бязмежжа міліцыі, барацьбы сілавых структур адзін з адным і прыходу да ўлады Лукашэнкі.

Кнігу выпусціла выдавецтва «Радыкальная тэорыя і практыка». У яе ўвайшоў не толькі дзённік, але і артыкулы палітычнага вязня Ігара Аліневіча, у якіх ён разважае аб становішчы ў сучаснай Беларусі, сістэме «правасуддзя», палітвязнях і анархічным руху.

Нагадаем, 27 траўня 2011 года суддзя Завадскога раёна Менска Жанна Хвойніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі №10. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нібыта нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, а таксама падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка».

Іншыя палітычныя вязьні