Анастасія Лойка: На кожнага палітвязня ціснуць па-свойму

Улады шукаюць слабое месца ў кожнага палітычнага вязня і ўздзейнічаюць на яго, лічыць праваабаронца.

Нагадаем, у канцы года пагоршылася становішча шматлікіх палітвязняў. Так, Аляксандр Францкевіч правёў перад святам 10 сутак у карцэры, Васілю Парфянкову не далі патэлефанаваць дадому, а Мікалай Аўтуховіч даслаў ліст, у якім паведаміў, што не разлічвае на ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

«Сітуацыя з перыядычным ціскам на палітвязняў назіраецца апошнія паўгода, няма ніякіх прынцыповых зменаў. Перыядычна камусьці не даюць патэлефанаваць дадому, змяшчаюць у СІЗА, пазбаўляюць перадач. Гэта млявапраяўны працэс, я б не сказала, што гэта абвастрэнне», – заявіла ў інтэрв’ю сайту charter97.org праваабаронца Анастасія Лойка.

Па словах эксперта, такое стаўленне да палітычных вязнеў назіраецца ўжо даўно:

«Відавочна, што абраная тактыка, што трэба ўтрымліваць палітвязняў пад асаблівым кантролем, не дараваць ім таго, што даруецца іншым і па магчымасці караць іх за дробныя парушэнні. Гэта працягвалася ў канцы года, перад святамі і відаць, што ўлада пакуль не збіраецца змяняць гэтыя тэндэнцыі. Я б не сказала, што гэта выключныя меры. На жаль, гэта назіраецца ўжо даўно».

Палітвязні для ўладаў – прадмет гандлю, адзначыла праваабаронца:

«Мы патрабуем вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Адміністрацыі турмаў абыходзяцца з імі вельмі дрэнна. Яны правакуюць палітвязняў і нацкоўваюць на іх іншых зняволеных. Улады проста ўтрымліваюць палітычных вязняў як прадмет гандлю і не хвалююцца пра тое, каб у іх былі камфортныя ўмовы. Людзей караюць за іх палітычныя погляды, за іх грамадзянскую дзейнасць».

Адзін з метадаў ціску, які выкарыстоўваецца ў дачыненні да палітвязняў – іх поўная ізаляцыя, кажа Анастасія Лойка:

«Самае страшнае ў гэтай сітуацыі, што многіх палітвязняў абмяжоўваюць у кантактах з іншымі людзьмі. Алесь Бяляцкі знаходзіцца амаль у поўнай камунікабельнай ізаляцыі. Да кожнага палітвязня ў адміністрацыі свой падыход, у кожнага ёсць нейкае слабое месца і на яго і спрабуюць націснуць».

Вызваленне палітвязняў без рэабілітацыі не гарантуе ім знаходжання на волі, упэўненая праваабаронца:

«Ёсць надзея, што гэтая «зіма» ў дачыненні да палітвязняў рана ці позна скончыцца, і мы спадзяемся, што ў бліжэйшы час людзі ўсё-ткі будуць вызваленыя і стаўленне да іх будзе паляпшацца хоць бы мінімальна. Мы хочам, каб іх вызвалілі і рэабілітавалі. Памілаванне само па сабе прадугледжвае магчымасць не проста вызваліць чалавека, але і адразу зняць з яго судзімасць. У адваротным выпадку мы бачым, як Васіль Парфянкоў адбывае пакаранне за парушэнне прэвентыўнага нагляду. Таму няма гарантый, што людзі пасля вызвалення змогуць жыць спакойна, што ў дачыненні да іх не будзе правакацый, і яны не будуць вымушаныя эміграваць».

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні