Аўтуховіч: “Беларусы нарадзіліся не ў 1917 годзе” (відэа)

Сярод віншаваньняў, якія атрымлівае наша праграма ў гэтыя навагоднія ды калядныя дні, ёсьць допісы, адрасаваныя палітвязьню і герою многіх перадачаў «Свабоды» Мікалаю Аўтуховічу. 7 студзеня яму спаўняецца 50 гадоў.

Гэты юбілей разам з Калядамі палітвязень і вернік сустракае ў цокальнай камэры гарадзенскай «крыткі». Сюды ён, асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі («незаконнае захоўваньне і перавозка пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы), быў пераведзены летась у студзені як злосны парушальнік парадку у Івацэвіцкай папраўчай калёніі № 5 строгага рэжыму.

У свой час «Свабода» перадавала, што жорсткія штрафныя санкцыі ў дачыненьні да палітвязьня ды некаторых іншых зьняволеных з боку адміністрацыі ПК-5 пачаліся восеньню 2011. Пасьля таго, як на нашым радыё быў агучаны адрасаваны Аўтуховічу ў калёнію ліст ад кангрэсмэна ЗША.

Маці: «Людзі ведаюць, што ён ні ў чым не вінаваты»

Праз нашу праграму павіншаваць Мікалая Аўтуховіча пажадалі яго маці і маці іншага палівтязьня, сябры, аднадумцы… Здавалася б, наіўна лічыць, што ўсё гэтыя шчырыя словы дойдуць ў астрог, але як слушна адзначыла Лідзія Юльянаўна Аўтуховіч, «а раптам, а можа, хтосьці пачуе па радыё ці ў інтэрнэце прачытае — ды перадасьць гэта сынку. А той будзе ведаць, што яго любяць, памятаюць ды думаюць пра яго».

Лідзія Аўтуховіч; «Людзям, напэўна, яго дзень нараджэньня — што ёсьць, што няма. Мне ж галоўнае, што, можа, хто пачытае ці пачуе ды перадасьць яму, Каб ведаў, што я яму паштоўку да юбілею даслала, нават калі і не атрымае яе зараз з-за перагрузкі на пошце. Таксама, хай ведае, што людзі яго любяць…. Можа, гэта яшчэ і „Народная Воля“ напіша, а ён атрымае газэту ў турме ды парадуецца… »

«Многія незнаёмыя людзі сёньня падтрымліваюць і яго, і мяне, — працягвае жанчына. — Ведаюць, што ў мяне пэнсія вельмі маленькая, за камунальныя трэба плаціць, вось пазоў выплачвала, ужо і жыць асабліва няма за што. Таксама і мне часам грошы дасылаюць, каб я яму нешта магла набыць. Людзі ведаюць, што ён ні ў чым не вінаваты. Ён жыць хоча і працаваць хоча. І сям’ю хоча бачыць, і з роднымі сустрэцца. А тут зрабілі так, што — якая сустрэча? Раз на год пасылкі перадаць можна толькі. А сустрэча — толькі дзьве гадзіны цераз шкло па тэлефоне…»

Лідзія Юльянаўна кажа, што «адна надзея ў яе — толькі на Бога, хіба толькі Бог паможа яму выйсьці раней. Але яны раней яго не адпусьцяць, бо не падлягае нават амністыі гэтай. А сам ён пісаць аб памілаваньні ня будзе. Так і сказаў: мама, я не пісаў і ня буду пісаць, таму што я ні ў чым не вінаваты».

За Мікалая Аўтуховіча ў гэтыя дні моляцца многія беларускія вернікі. Сям’я Севярынцаў — не выключэньне. Маці палітзьняволенага Паўла Севярынца Тацьцяна скарыстала нагоду, каб праз «Свабоду ў турмах» зьвярнуцца непасрэдна да імяніньніка:

«Ня ведаю, ці пачуеце, ці пабачыце, ці пашчасьціць, але словы мае гучаць, і я вам зычу шчасьця, мужнасьці, вытрымкі ды здароўя. Ведайце, што я штодня малюся за вас, як і за свайго сына, як і за іншых палітвязьняў. Трымайцеся, даражэнькі, мы чакаем вас на волі!»

«Быць не за кратамі — гэта не заўжды адчуваць сябе вольным»

Прозьвішча верніка Мікалая Аўтуховіча нагадвае нам, дарэчы, пра падзеі двухтысячагадовай даўніны. Яно паходзіць ад імя Аўтух — гэта народная форма хроснага імя Яўціхій. Першы сьвяты Яўціхій, згодна з паданьнямі, быў вучнем апостала Паўла і шмат цярпеў за веру. У вязьніцы ён мужна пераносіў усе катаваньні. Аднойчы, кажа ягоны жыцьцяпіс, Бог нябачнай рукой паслаў яму зь нябёсаў хлеба. А калі сьвятога Яўціхія кінулі ў вогнішча, раптам раздаўся нябесны гром і пайшоў вялікі дождж са сьнегам. Вогнішча згасла, сьвяты ж застаўся цэлы ды праславіў Госпада. Дадам, што паводле некаторых зьвестак, прозьвішча Аўтуховіч прыжылося на тэрыторыі сучаснай Беларусі дзесьці ў 14 стагодзьдзі.

Тыя, хто добра ведае Аўтуховіча, кажуць, што ён вельмі цікавіцца гісторыяй Бацькаўшчыны, і не выключаюць, што пасьля вызваленьня зможа нямала расказаць пра свой радавод.

У апошнім лісьце да свайго сябра Зьмітра Мікалай Аўтуховіч напісаў:

«Мы — беларусы, мы нарадзіліся не ў 1917 годзе. Нам не патрэбная гісторыя камуністаў… Мы ўжо ведаем пра сваіх продкаў»

Палітвязень упэўнены, што далёка не заўсёды быць за кратамі азначае быць несвабодным, і наадварот:

«Для кожнага свабода мае розны сэнс і адчуваньне адноснасьці. Калі ты ня ведаў няволі, ня ведаў перасьледу, ты ня ў поўнай ступені разумееш, што такое свабода. Быць не за кратамі — гэта не заўжды адчуваць сябе вольным. Гэта я разумею вельмі добра. Ты, ведаю, таксама. Пакуль хлусьня мацнейшая за праўду, гэтая адноснасьць (адчуваньня свабоды) будзе толькі павялічвацца. Нельга, ведаючы, што нам хлусяць, рабіць выгляд, што ўсё гэта так. Ілжы ўжо столькі, што яе нельга схаваць. Усё вылазіць на сьвет Божы, і людзі пачынаюць гэта разумець Таму я веру, што ў хуткім часе ўсё пачне адкручвацца назад. Людзі будуць баяцца хлусіць, бо за гэта будзе кара. Там наверсе ўсё бачна. Вельмі спадзяюся на тое, што беларусы хутка пачнуць ганарыцца сваімі продкамі, сваёй гісторыяй…»

«За кратамі цэняць прыстойных людзей»

Сябра Аўтуховіча Зьміцер, які перадаў нашай праграме гэты ліст, пазнаёміўся зь Мікалаем у Івацэвіцкай калёніі № 5, дзе Мікалая ўтрымлівалі да пераводу ў Гарадзенскую турму. Чым уразіў Зьмітра гэты чалавек?

«Адна з галоўных якасьцяў гэтага чалавека — прыстойнасьць, — адзначае сябра палітвязьня. — Нягледзячы на тое, што ў жыцьці, як на волі, так і за кратамі, так шмат несправядлівага, прыстойнасьць заўсёды цэніцца між людзьмі. Экстрэмальныя ж умовы толькі яшчэ больш выяўляюць гэтую якасьць. Зразумела, калі яна сапраўды ёсьць. Ці наадварот, калі яе няма, вельмі хутка паказваюць на яе адсутнасьць. Ты ўсё гэта бачыш, назіраючы штодня за чалавекам, яго ўчынкамі, справамі, манерай размаўляць, уменьнем слухаць і адстойваць уласныя прынцыпы, гатоўнасьцю дапамагчы таму, хто ў гэтым мае патрэбу.

…Герой-аўганец, Мікола ніколі не распавядаў пра Аўган… Толькі ў самых агульных рысах — ваяваў, камандаваў Ён ніколі не пазыцыянаваў сябе як палітвязьня, маўляў, „мы не такія, як астатнія“. Чалавек як чалавек, таму зь ім і размаўлялі. Каб быў у яго нейкі снабізм, пыха ў адносінах да іншых — павагі з такім наборам „вартасьцяў“ сярод людзей ён бы ня меў. Для мяне відавочна, што гэтага чалавека не зламаць нікому, бо ў ім ёсьць стрыжань і непахіснасьць перакананьняў».

«Напярэдадні дня народзінаў Мікалая Аўтуховіча, — працягвае Зьміцер, — я хацеў бы выказаць словы падтрымкі яму, яго сям’і, пра якую ён заўсёды вельмі цёпла гаварыў. Пажадаць яму здароўя і цярплівасьці ў дачыненьні да тых дурняў, якіх зь лішкам хапае на ўсіх этапах яго турэмнай эпапэі».

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Башарымаў
  • Павал Вінаградаў
  • Андрэй Клімаў
  • Ірына Халіп
  • Алесь Стральцоў