Мікалай Аўтуховіч: Палохае зіма ў душах беларусаў

Вязьню гарадзенскай турмы Мікалаю Аўтуховічу спаўняецца 50 гадоў. Паводле людзей, якія лістуюцца зь ім, ён ня скардзіцца на свой лёс, шмат чытае і разьвіваецца духоўна, рыхтуецца да жыцьця ва ўмовах свабоды.

Мікалай Аўтуховіч 7 студзеня адзначае юбілей — 50 гадоў. Зь іх агулам ужо больш за 5 гадоў Мікалай Аўтуховіч пражыў за кратамі — спачатку яго абвінавацілі ў нясплаце падаткаў ды зьняволілі часткова, а праз усяго два гады волі асудзілі зноў, гэтым разам нібыта за захоўваньне боепрыпасаў, і зьмясьцілі ў выніку ў крытую турму. Аўтуховіч сядзіць у сутарэньні старой гарадзенскай турмы ў адзіночнай камэры. Вядома, што там холадна, што ўзімку даводзіцца быць ў цёплай вопратцы і шапцы, каб не замерзнуць. Аўтуховічу абмежавалі да мінімуму колькасьць спатканьняў са сваякамі, але Мікалай не скараецца і нават ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня. Мяркуючы па ягоных лістах, палітвязень настроены адбыць свой тэрмін у 5 гадоў цалкам, але не прасіць аб памілаваньні.

Пра Мікалая Аўтуховіча расказваюць людзі, якія ў апошнія два гады зь ім кантактуюць найбольш часта. Кантакты ідуць толькі празь лісты, але і гэтак, аказваецца, можна шмат чаго даведацца пра чалавека.

Віцебскі актывіст Леанід Гаравы пачаў ліставацца з Аўтуховічам пасьля таго, як даведаўся, што ў калёніі пад Івацэвічамі Аўтуховіч рэзаў сабе вены, каб абараніць сваю годнасьць і гонар:

«Наша ліставаньне не такое і частае, але рэгулярнае. Калі ня раз на месяц, але раз на два месяцы пішу яму. Ён адказвае хутка, акуратна. Піша па-беларуску. Вось прасіў даслаць яму цікавую кніжку і я адправіў яму кнігу „Залатыя правілы народнай культуры“ Івана Крука і Аксаны Катовіч. Зь лістоў ён заўжды паўстае такім моцным чалавекам, які трымаецца сваёй праўды і перакананы ў тым, што ён на правільным шляху. Апошні ліст ён мне даслаў перад Новым годам. Напісаў, што зь вясны яму застанецца адзін год. І калі цяпер час бяжыць вельмі хутка — ён шмат чытае, піша лісты, вучыць замежную мову — то апошні год, кажа ён, будзе крыху даўжэй цягнуцца, чым гэты час у гарадзенскай турме. У апошнім лісьце ён таксама даслаў верш Якуба Коласа пра Новы год. Бачна што ён, прадпрымальнік і вэтэран Аўганскай вайны, да беларускай літаратуры і культуры ставіцца вельмі прыхільна. Ён у сваіх лістах робіць вельмі трапныя заўвагі пра цяперашняе жыцьцё. Вось напярэдадні я яму паведаміў, што ў нас тут, на поўначы ў Віцебску, халодная зіма прыйшла. Дык ён мне адказвае: „Тое, што прыйшла каляндарная зіма, гэта ня страшна. Палохае зіма ў душы беларусаў. Чытаю газэты і зьдзіўляюся, колькі яшчэ будуць закручваць гайкі свайму народу! А самае галоўнае, што нават пасьля такіх дзікунскіх захадаў жыць лепей не становіцца. У мяне час ляціць хутка, не пасьпяваю зрабіць тое, што на дзень заплянаваў. За мяне не хвалюйцеся“. Вось гэта цытата зь ягонага апошняга ліста».

З 2005 году сябруе зь Мікалаем Аўтуховічам менскі праваабаронца Алег Воўчак. Яны пазнаёміліся, калі былы аўганец Воўчак прыехаў на заклік аўганцаў у Ваўкавыск, дзе праходзіла галадоўка салідарнасьці з прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам. Прадпрымальніка тады ўлады пачалі перасьледаваць за адмову падтрымаць рэфэрэндум 2004 году і спробу вылучыцца ў парлямэнт. Алег Воўчак адзначае чалавечыя якасьці Аўтуховіча:

«Чалавек прыдумаў, як зрабіць дастаткова танным і добрым па якасьці таксі ў рэгіёнах. Да яго за досьведам прыяжджалі з Расеі, з Украіны, зь іншых рэгіёнаў Беларусі. Магу сказаць, што ён стаў фігурай не рэгіянальнага, а нацыянальнага ўзроўню. Ён мог і добрыя грошы зарабіць, у яго вельмі добра працавала юрыдычная служба, таму пэўны час ён адбіваўся праз суды ад наступу мясцовай ўлады. Тыя прайгравалі яму і псыхавалі з-за гэтага. Паважаны ва ўсіх сэнсах чалавек, мае баявыя ўзнагароды, а іх абы за што не давалі. Два з паловай гады чалавек на БМП прыкрываў калёны з грузамі ў Аўганістане, ваяваў на перавале Саланг. Там такіх людзей называлі „камікадзэ“. Мала тых, каму можна сказаць, што ты сапраўдны афіцэр. Яму гэта можна сказаць. Ён сапраўдны афіцэр, воін, абаронца».

Актыўна лістуецца зь Мікалаем Аўтуховічам і грамадзкая актывістка Тацяна Кім. Гэта празь яе сталі вядомыя шмат якія заявы Мікалая Аўтуховіча адносна палітычнай сытуацыі ў краіне ў розныя моманты, а таксама зьвесткі пра ягоныя справы і праблемы. Напярэдадні юбілею свайго знаёмага і аднадумцы Тацяна Кім запрашае людзей, якія хочуць больш даведацца пра Мікалая Аўтуховіча, прыйсьці 8 студзеня а шостай вечара ў офіс БНФ на акцыю маратону салідарнасьці з палітвязьнямі:

«Там усё будзе прысьвечана Мікалаю Аўтуховічу. Пакажуць фільм пра яго, выступяць вядомыя асобы. Мы запрашаем і ягоных сяброў, праваабаронцаў, адвакатаў, каб распавялі пра гэтага мужнага чалавека».

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікалай Аўтуховіч
  • Зьміцер Паліенка
  • Cяргей Антончык
  • Наста Дашкевіч
  • Зьміцер Новік