Зьміцер і Наста Дашкевічы ўпершыню спаткаліся ў турме пасьля шлюбу

Наста Дашкевіч (да шлюбу Палажанка) атрымала першае спатканьне з мужам, палітвязьнем Зьмітром Дашкевічам. Спатканьне адбылося ў першай палове дня 9 студзеня ў Гарадзенскай турме і доўжылася 2 гадзіны.

Калі бралі шлюб, у канцы сьнежня, яны бачыліся толькі 10 хвілін. І вось цяпер сустрэча працягласьцю 2 гадзіны, першая за два гады разлукі працяглая размова і магчымасьць зазірнуць у вочы. Наста апавяла пра тое, у якіх умовах адбылася яе сустрэча з мужам у пакоі для кароткатэрміновых спатканьняў гарадзенскай турмы.

«Спачатку сваякі заходзяць. Потым заводзяць асуджаных. Іх завялі, але не завялі Зьмітра. Яго завялі апошнім. Пакуль чакала, магла ацаніць, якая будзе абстаноўка: гук ды іншае. Там тэлефоны стаяць, як у савецкія часы, і безумоўна, кепская сувязь, трэба напружвацца, каб цябе пачулі. Але сутнасьць такая, што мы ня бачыліся 2 гады, ня чулі адно аднаго і таму, мне здаецца, калі нават там бы сьвідравалі ці разбуралі нешта побач, я б усё роўна чула ягоны голас».

Пра Зьмітра Дашкевіча Наста паведаміла, што ён цяпер у той жа адзіночнай камэры, куды трапіў адразу пасьля пераводу з мазырскай калёніі, на ўмовы ня скардзіцца, на паслабленьне рэжыму ці на датэрміновае вызваленьне не спадзяецца. «Больш за тое, ён ня ўпэўнены, што выйдзе на волю ў жніўні, калі скончыцца ягоны тэрмін. Бо можа што заўгодна здарыцца, ад гэтага нельга засьцерагчыся. Але Зьміцер ня траціць добрага настрою, ён паўтарае, што трэба спадзявацца на лепшае. У тым ліку мы абмяркоўвалі наша будучае вянчаньне. Прыкідвалі варыянты, як гэта можа адбывацца, як мы гэта бачым. Хацелася б усё зрабіць найхутчэй. Я вельмі спадзяюся і веру, што ён можа выйсьці на волю раней. Колькі гэта можа цягнуцца!»

Наста Дашкевіч заўважыла, што гэтае першае іх кароткатэрміновае спатканьне аказалася і апошнім, бо вязьням, якія знаходзяцца на строгім рэжыме ў турме, больш за адно кароткае спатканьне на год не дазваляюць. «Гэта бесчалавечная сыстэма. Навошта такая жорсткасьць да людзей? Пасьля спатканьня, калі ўсіх вязьняў вывелі з пакою, я бачыла вочы прысутных: гэта былі вочы людзей, якія цяжка пакутуюць ад таго, што цэлы год больш ня ўбачаць сваякоў. Калі гаворка пра перавыхаваньне злачынцаў, то якое можа быць перавыхаваньне, калі людзей штучна адрываюць ад сем’яў!» — мяркуе Наста Дашкевіч.

У канцы сьнежня мінулага году ў гарадзенскай турме адбыўся шлюб паміж палітвязьнем, кіраўніком Маладога фронту Зьмітром Дашкевічам і актывісткай Настай Палажанкай. Тады яны бачыліся ўсяго 10 хвілін. З часу зьняволеньня Зьмітра Дашкевіча 18 сьнежня 2010 году сёньняшняе спатканьне было іх першым спатканьнем як мужа і жонкі.

«Але гэта і апошняе спатканьне. Вязьням на строгім рэжыме дазваляюць толькі адно спатканьне на год, і атрымліваецца, што мы яго ўжо выкарысталі. Незразумела, навошта такая жорсткасьць да людзей?» — кажа Наста Дашкевіч.

svaboda.org

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

24.12.2020 Зміцер Дашкевіч: Я натхніўся, што трэба і далей асвятляць палітвязняў лістамі з волі

28.09.2020 Зміцер Дашкевіч: На мяне паабяцалі скласці восем пратаколаў

22.07.2020 Зміцер Дашкевіч: Калі раней кандыдатаў у прэзідэнты саджалі ў турму ў дзень выбараў, то зараз за два месяцы да гэтага

12.11.2019 Зміцер Дашкевіч: Людзі павінны ўмець карыстацца зброяй

24.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Правакатару, які распыліў пярцовы газ абаронцу Курапат, далі толькі штраф…

15.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Рэклама гэтаму мерапрыемству не патрэбна

23.07.2019 Зміцер Дашкевіч: Гэта быў адзіны выразна палітычны артыкул у Крымінальным кодэксе

11.06.2019 Зміцер Дашкевіч: Ад змены складнікаў у рэпрэсіўным беларускім апараце нічога не зменіцца

27.03.2019 Зміцер Дашкевіч: У ізалятары сядзеў, як у прыбіральні…

26.03.2019 Мікола Статкевіч: Арышты выбітных музыкаў – красамоўныя сведчанні пра канец нават уяўнай “лібералізацыі”

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Кобец
  • Славамір Адамовіч