Статкевічу ў камеры дазволілі глядзець БТ

А сукамэрнік палітвязня пасля прэс-канферэнцыі Лукашэнкі лічыць, што яму павінны залічваць адзін дзень за пяць, раз пасадзілі з такім «монстрам».

Марына Адамовіч, жонка палітвязня, былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, перадала мужу ў турму тэлевізар, паведамляе «Радыё Рацыя».

Паводле яе слоў, гэта стала магчыма пасля змякчэння рэжыму ўтрымання яе мужа ў Магілёўскай турме.

Так што цяпер у камеры Статкевіча можна глядзець тэлевізар, хоць на дзень адключаюцца электрычныя разеткі, або слухаць, напрыклад, дзяржрадыё.

Напрыклад, некалькі дзён таму атрымалася паслухаць прэс-канферэнцыю Аляксандра Лукашэнкі, падчас якой Лукашэнка казаў і пра Стакевіча.

– Мікалай напісаў, што сусед, які слухаў прэс-канферэнцыю па радыё, сказаў, што будзе цяпер патрабаваць, каб яму залічвалі адзін дзень за пяць, паколькі ён сядзіць у турме з такім «монстрам», – распавядае Марына Адамовіч. – Праз год знаходжання ў турме Мікалаю прызначылі агульны рэжым. Пачынаючы з новага года ў яго прагулкі сталі па паўтары гадзіны. Ён мне напісаў у лісце, што ён выкарыстоўвае іх да апошняй хвіліны. Гэта для яго вялікая радасць і ён ніколі не адмаўляецца ад прагулак.

Змякчэнне рэжыму дае права Мікалаю Статкевічу таксама на два спатканні ў год. Ён можа выдаткаваць дзве мінімальных зарплаты на атаварку ў турэмным кіёску. Таксама ён мае права на адну прадуктовую перадачу.

«Вось ужо на працягу года і двух месяцаў ён не атрымліваў ні адной прадуктовай перадачы», – кажа Марына Адамовіч.

Кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах Мікалай Статкевіч асуджаны па артыкуле аб масавых беспарадках на 6 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

На апошняй прэс-канферэнцыі для СМІ Лукашэнка прызнаў яго адзіным палітвязнем, а таксама прагаварыўся, што яго моцна закранулі перадвыбарчыя выступы Статкевіча па БТ.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сьвятаслаў Барановіч
  • Аляксандар Фядута
  • Уладзімер Яроменак
  • Тацяна Елавая
  • Павал Сырамолатаў