Палітвязню Лобаву дазволілі спатканне з маці

Эдуард Лобаў патэлефанаваў дадому і паведаміў, што яму ўсё ж дазволілі спатканне з маці.

Раней, паводле звестак ад Эдуарда праз ягонае «парушэнне» спатканне было пад пагрозай забароны, паведамляе «Радыё Свабода».

Маці палітвязня Марына Лобава: «Сказаў, што абмежаваліся гутаркай за парушэнне. Таму ў пачатку лютага паеду на спатканне і павязу перадачу. Што казалі на гутарцы, не паведаміў. Мяркую, як у школе, у піянерскім лагеры ці ў турме кажуць адно і тое ж: што нельга парушаць парадак».

Марына Лобава павязе ў перадачы харчы, у тым ліку гарбату, каву, алей. Маці палітвязня адзначае, што ў калонію нельга перадаваць цукар у любым выглядзе. Мяркуецца, што з цукру вязні могуць прыгатаваць спіртны напой. Марына Лобава кажа, што гэтае правіла дзейнічае і ў менскім ізалятары на Валадарскага, але распаўсюджваецца толькі на тых арыштантаў, якія ўжо асуджаныя.

Эдуард Лобаў разам са старшынём «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам быў затрыманы ў Менску 18 снежня 2010 года.

Затрыманне Лобава і Дашкевіча было прэвентыўнай мерай спецслужбаў і міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія праходзілі на наступны дзень.

Да суда Эдуард утрымліваўся ў жодзінскім следчым ізалятары, з пачатку сакавіка 2011 г. – у Менскім следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага.

З 7 красавіка 2011 ён адбывае пакаранне ў івацэвіцкай калоніі № 22 (так званых «Воўчых норах»). У адным з лістоў напачатку 2012 года зняволены піша, што ён коле дровы, і што ў калоніі, якая знаходзіцца ў лесе, не вельмі добра з радыяцыйным фонам: яна знаходзіцца на месцы былой вайсковай часткі.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ільля Васілевіч
  • Мікіта Сасім
  • Мікалай Аўтуховіч
  • Аляксандар Баразенка
  • Яўген Васьковіч