Статкевіч сустрэўся з жонкай у турме

29 сьнежня, напярэдадні Новага году, палітвязень, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, Мікалай Статкевіч сустрэўся з жонкай у турме.

“Гэта быў сапраўдны цуд на Каляды, – гаворыць Марына Адамовіч. – Першая магчымасьць спатканьня, аб якой я даведалася раніцай, і праз тры гадзіны была ў Магілёве… Сустрэча працягвалася роўна дзьве гадзіны. Я пабачыла яго другі раз на працягу году, які Мікалай правёў у турме. Праз год яму, нарэшце, быў зьменены рэжым утрыманьня, што і дало права на другое спатканьне. Канешне, я ня стала чакаць і хвіліны, як толькі аб гэтым даведалася. Дарэчы, – сьмяецца Марына, – Мікалай аб рашэньні камісіі даведаўся, толькі пабачыўшы мяне”, паведамляе сайт statkevich.org.

Па словах жонкі, Мікалай Статкевіч “абсалютна не зьмяніўся. Ён трымаецца цудоўна, быў вельмі крануты той падтрымкай, якую аказваюць яму і мне самыя розныя людзі.

Мікалай прасіў перадаць словы ўдзячнасьці тым, хто яго падтрымлівае, а таксама свой клопат пра мужных маладых хлопцаў, якія цаной сваёй свабоды і здароўя бароняць свой гонар і гонар нашай краіны. Ён просіць не забываць пра тых, хто сустракае гэтыя сьвяты за кратамі, – пераказала жонка. – А яшчэ быў вельмі ўзрадаваны навіной пра шлюб Насты і Зьмітра, якіх шчыра віншуе і зычыць хуткай сустрэчы на волі. Па словах Міколы, Зьміцер – самы годны, шляхетны і мужны чалавек, і ён вельмі рады павіншаваць іх з Настай”.

Марына кажа, што Мікалай, па-ранейшаму, знаходзіцца ў СІЗА, са “старым” суседам, шмат чытае, займаецца спортам, на ўмовы ўтрыманьня не скардзіўся. Дарэчы, ён чуў фэйервэрк, які зладзілі ў яго гонар ля сценаў турмы 19 сьнежня, і прасіў перадаць падзяку “артылерыстам”.

Ён, як і раней, катэгарычна адмаўляе любую магчымасць любых “прашэньняў”.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Круткін
  • Вінцук Вячорка
  • Юрый Бандажэўскі
  • Андрэй Гайдукоў
  • Алег Гнедчык