Палітвязень Францкевіч трэці раз за год трапіў у штрафны ізалятар

Палітвязень Аляксандр Францкевіч трэці раз за год трапіў у штрафны ізалятар.

Пра гэта Рацыі паведаміла маці зняволенага анархіста Таццяна Францкевіч. Па яе словах, Аляксандр быў змешчаны ў ШІЗА на 10 сутак за адмову выконваць распараджэнне адміністрацыі Івацэвіцкай калоніі па ўборцы тэрыторыі. Такая праца сярод зняволеных лічыцца зневажальнай. Першы раз Аляксандр патрапіў у ШІЗА ў жніўні гэтага года па той жа прычыне. Другі раз – у лістападзе за адмову ад наведвання рэжымнага мерапрыемства.

Маці палітвязня Таццяна Францкевіч звязвае ціск на яе сына са спробай з боку адміністрацыі калоніі зламаць маральны дух Аляксандра. Яна перажывае, што змяшчэнне Аляксандра ў штрафны ізалятар можа негатыўна адбіцца на здароўі яе сына, так як у яго адна нырка.

У маі мінулага года Аляксандр Францкевіч быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па “справе анархістаў”. Яго абвінавацілі ў падпале шэрагу дзяржаўных устаноў, а таксама ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкама. На судзе сваёй віны ён не прызнаў. Адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі ўзмоцненага рэжыму “Воўчыя норы”. Праваабаронцы прызналі Францкевіча палітычным зняволеным і патрабуюць яго неадкладнага вызвалення.

racyja.eu

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікола Статкевіч
  • Зьміцер Хведарук