Валянціна Аліневіч: Гэта місія маці – трымацца да апошняга дзеля сына

Два гады таму, 28-га лістапада 2010 года, беларускія спецслужбы разам з расійскімі выкралі з Масквы анархіста Ігара Аліневіча. Двое сутак пра яго не было ніякай інфармацыі. Потым родныя даведаліся, што Ігар знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ і абвінавачваецца ў нападзе на расійскую амбасаду. Ігар сваёй віны не прызнаў, але быў асуджаны да васьмі гадоў зняволення.Карэспандэнт Радыё Рацыя сустрэўся з маці палітвязня Ігара Аліневіча спадарыняй Валянцінай, каб узгадаць падзеі двухгадовай даўніны, а таксама пагутарыць пра яе сына.

РР: Што вы адчувалі, калі даведаліся, што Ваш сын знаходзіцца ў КДБ?

Валянціна Аліневіч: Я ж даведалася пра гэта з Інтэрнэта праз дзве гадзіны пасля таго, як Ігара выкралі. Як я магла сябе адчуваць? Я проста спаўзла з крэсла. Гэта балюча, адчуваць, што тваё дзіця – “гарматнае мяса” для нашай дзяржавы. Двое сутак я ўвогуле не магла заснуць – думала, што з ім можа здарыцца. І малілася Богу, каб ён яго ўратаваў ад смерці. Бо яго маглі па дарозе з Масквы ў Мінск проста закапаць без следу. Калі праз двое сутак мне патэлефанаваў адвакат і сказаў, што Ігар знаходзіцца ў КДБ, я адчула палёгку ад таго, што ён жывы, і што я хоць ведаю, што ён знаходзіцца ў канкрэтным месцы.

РР: Ігар ужо два гады ў зняволенні і трымаецца там вельмі мужна. Адкуль такая мужнасць і вытрымка ў яго?

Валянціна Аліневіч: Ігар, увогуле, вельмі сціплы чалавек. Ён не любіць гаварыць пра сябе як пра мужнага чалавека, тым больш героя. Многім рэчам ён мяне навучыў. Адна справа ўяўляць нешта, калі няма ніякай небяспекі, а іншая справа, твае прынцыпы, ідэі спалучаць з рэальным жыццём. Ідэалы і рэальнае жыццё часцяком зусім розныя рэчы. Ігар спакойна рэагаваў на ўсё, не “біў сябе у грудзі”. Калі здарылася гэтая сітуацыя, у яго, верагодна, спрацавала выразна выбудаваная з дзяцінства сістэма каштоўнасцяў. Ён проста такі чалавек. Ён не здрадзіць сябру, заўжды абароніць сталага чалавека ці дзіця.

РР: Што змянілася ў Вашым жыцці за гэтыя два гады і як змяніліся Вашыя стасункі з Ігарам?

Валянціна Аліневіч: Адносіны засталіся ранейшымі. Я заўжды адносілася да яго з вялікай любоўю. А як яшчэ можна адносіцца да свайго дзіцяці?! Зразумела, што ўсе мы любім сваіх дзяцей. Ён мне аднойчы напісаў з СІЗА КДБ :”Мама, усё лепшае, штоў мяне ёсць, гэта дзякуючы табе.” Гэтыя адносіны сталі, магчыма, больш цёплымі. Што тычыцца майго жыцця і жыцця маёй сям’і, то ўсё лішняе, усё шалупінне адпала. Засталося самае галоўнае – любоў да свайго дзіцяці, да сваёй сям’і, да Радзімы. Адчуванне таго, што ты не самотны, ёсць людзі, якія здолелі застацца прыстойнымі, сумленнымі ў гэтай нашай страшнай сістэме. Я ж спачатку палітыкай не займалася. Я думала, што нейкія рэчы, якія адбываюцца ў нас, яны адзінкавыя. Я не думала, што рэпрэсіі набылі такі маштаб. Адбыліся змены не толькі ў маім жыцці. Я бачу, што карэнныя змены адбыліся і ў грамадскай думцы. І гэта добра. І я лічу, што ні ў якім выпадку, ніхто не павінен маўчаць, а гаварыць пра тое, што адбываецца.

І не адмяніць таго болю, што заўжды з намі. Нездарма ж родныя палітвязняў так разумеюць адзін аднаго і так уважліва адзін да аднаго адносяцца. Таму што гэта вельмі балюча. Балюча, калі тваё дзіця, якое ў любой краіне было б гонарам гэтай краіны і прыносіла б карысць, ні за што знішчаецца ў турме.

РР: У Інтэрнэце можна прачытаць “Дзённік” Ігара, у якім ён напісаў пра той час, калі знаходзіўся ў СІЗА КДБ, і пра катаванні, якія ўжывалі ў дачыненні да яго. Вы, калі прачыталі гэты “Дзённік”, што адчулі?

Валянціна Аліневіч: Такое адчуванне, як быццам бяруць шыла і пранізваюць сэрца тваё. І пры ўсім гэтым імкнешся трымацца, бо гэта матчына місія – трымацца да апошняга дзеля таго, каб сустрэць свайго сына жывым і каб яму не было балюча з-за таго, што з табой нешта здарылася.

У траўні мінулага года анархіст Ігар Аліневіч быў асуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў нападзе на расійскую амбасаду, а таксама на шэраг дзяржаўных і прыватных устаноў. Ігар сваёй віны не прызнаў і лічыць свой пераслед палітычна матываваным. Зараз ён адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі.

Праваабаронцы прызналі Ігара Аліневіча палітычным зняволеным і патрабуюць яго неадкладнага вызвалення.

racyja.eu

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Яўген Сакрэт
  • Аксана Новікава
  • Кацярына Салаўёва