Бяляцкага ізалююць ад астатніх зняволеных

Адміністрацыя бабруйскай калоніі № 2 імкнецца ізаляваць палітвязня ад астатніх зняволеных.Пра гэта БелаПАН паведаміў 26 лістапада калега Бяляцкага Валянцін Стэфановіч.

З кастрычніка ён не атрымліваў ад Бяляцкага лістоў. «Адзін з вялікіх лістоў ад Бяляцкага я атрымаў пасля яго дня нараджэння, і мяне турбуе тое, што ён у апошні час не піша. Магчыма, ён адказвае на тыя сотні віншаванняў з юбілеем, якія прыйшлі да яго ў калонію», – адзначыў Стэфановіч.

Праваабаронца сказаў, што лісты ад Бяляцкага заўсёды аптымістычныя. «Аднак тая інфармацыя, якую мы пра яго ведаем, аптымізму не спрыяе. Адміністрацыя калоніі імкнецца ізаляваць Бяляцкага. Кіраўніцтва калоніі цісне на тых зняволеных, якія маюць зносіны з Бяляцкім, і тым, хто заўважаны з ім у камунікацыях, у размовах, пагражае пазбаўленнем умоўна-датэрміновага вызвалення ці яшчэ нейкіх рэчаў. Таму атмасфера для Бяляцкага ў калоніі вельмі цяжкая», – сказаў Стэфановіч.

Ён нагадаў, што Бяляцкі з’яўляецца «злосным парушальнікам рэжыму адбыцця пакарання». «Мы ведаем пра сем дысцыплінарных спагнанняў, якія на яго былі накладзеныя. У сувязі з гэтым ён пазбаўлены ўсіх прадуктовых перадач і ўсіх спатканняў – як кароткатэрміновых, так і доўгатэрміновых. Гэта значыць ён знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі», – падкрэсліў праваабаронца.

Стэфановіч асцерагаецца і за стан здароўя Бяляцкага: «Ён пісаў, што ў яго праблемы са спіной».

Пры гэтым Стэфановіч адзначыў, што ў дадзены момант узмацнілася тэндэнцыя асуджэння палітычных зняволеных па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Стэфановіч выказаў асцярогі, што гэты артыкул можа быць прыменены да Бяляцкага.

Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне па прысудзе суда Першамайскага раёна Менска. Ён прызнаны вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, якія паступалі на іх, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Не быў прыняты да ўвагі і той факт, што шкода, нібыта нанесеная Бяляцкім дзяржаве, была цалкам пагашаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Асуджаны 50-гадовы праваабаронца знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска, дзе працуе пакавальнікам швейных вырабаў.

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Марцалеў
  • Арцём Грыбкоў
  • Павал Севярынец